Пакарэньне Гамбургу
Максім Мірны і швэд Ёнас Б’ёркман выйгралі тэнісны турнір у Гамбургу ў парным разрадзе. У фінале яны перамаглі французаў Фабрыса Сантаро і Мішэля Лёдра — 4:6, 7:6 (7:2), 7:6 (7:3). Гэта другі тытул беларуса ў парным разрадзе сёлета і 22-гі за кар’еру. Са зьменай партнэра (летась Макс выступаў з індыйцам Махешам Бхупаці) справы пайшлі значна весялей. Посьпех у Гамбургу дазволіў беларусу ўзьняцца на чацьвертае месца ў індывідуальным рэйтынгу парных тэнісістаў.
Барсэлёна — чэмпіён
Каталёнская «Барсэлёна», нарэшце, пасьля доўгага перапынку заваявала залатыя мэдалі футбольнага чэмпіянату Гішпаніі. За два туры да фінішу яна згуляла ўнічыю зь «Левантэ» — 1:1 — і стала недасягальнай для перасьледнікаў з мадрыдзкага «Рэалу». Гэта 17-ты тытул каталёнцаў.
Фанэра над Венай
Чэмпіянат сьвету па хакеі 2010 году пройдзе ў нямецкіх гарадах Кёльн і Мангайм. На кангрэсе Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі за кандыдатуру Нямеччыны прагаласавалі 89 чалавек, за Беларусь — 18. Беларусь толькі плянуе пабудаваць лядовыя палацы — у сталіцы ўмяшчальнасьцю 13 тыс. і Жодзіне ўмяшчальнасьцю 6 тыс.
Затое Беларусь адхапіла моладзевы чэмпіянат сьвету (узрост гульцоў да 20 гадоў) у падгрупе «В». Ён пройдзе ў сьнежні ў Менску.
Герой нашага часу
Нямецкае алімпійскае таварыства ўзнагародзіла футбаліста нацыянальнай зборнай Нямеччыны і брэмэнскага «Вэрдэра» Міраслава Клёзэ памятным знакам «За спартовую высакароднасьць». У матчы 32-га туру бундэсьлігі супраць «Армініі» пры ліку 0:0 Клёзэ ўпаў у штрафной плошчы, і арбітар прызначыў пэнальці, палічыўшы, што было парушэньне. Міраслаў падышоў да судзьдзі і растлумачыў, што ўсё было ў рамках правіл. «Вэрдэр», дарэчы, потым перамог, а сам Міраслаў забіў мяч з гульні.
Клёзэ, ураджэнец Польшчы, слынны сваёй дабрынёй. Ён жартуе, што злосьці ягонага любімага сабакі хапае на дваіх.
АР, iihf.com, sport-express.ru