Прэмія Стахіевічу

Аўтар “НН” Віталь Стахіевіч дастаў 2-ю прэмію на 43-м Эўрапейскім конкурсе піяністаў “Arcangelo Speranza”, які прайшоў на мінулым тыдні ў італьянскім Таранта. Конкурс складаўся з трох тураў, і бралі ў ім удзел піяністы з краін Эўразьвязу альбо асобы, якія навучаюцца на тэрыторыі ЭЗ. Журы ўзначальвала знакамітая піяністка Марыя Тыпа.

Віталь Стахіевіч — выпускнік Беларускай акадэміі музыкі, цяпер навучаецца ў кансэрваторыі ў Амстэрдаме.

НН

Пра подзьвіг самаахвярнасьці

У аршанскім касьцёле Сьв. Язэпа прайшла прэзэнтацыя кнігі полацкай пісьменьніцы Ірыны Жарнасек “Будзь воля Твая…”. Выдадзены летась у менскім выдавецтве “Pro Christo” раман прысьвечаны росіцкай трагедыі (у лютым 1943 г. вёска Росіца, што на Дрысеншчыне, была спалена з жыхарамі). Разам зь вернікамі самаахвярную сьмерць прынялі й айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч ды Юры Кашыра. Кніга выдадзена дзякуючы падтрымцы Ордэну марыянаў, рэзыдэнцыяй якіх цяпер ёсьць касьцёл Сьв.Язэпа ў Воршы. У найбліжэйшы час прэзэнтацыі адбудуцца ў іншых гарадах і мястэчках Віцебшчыны.

Яўген Жарнасек, Ворша

Вялейскі клопат

Сёлета 17 верасьня спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэньня пісьменьніка Ігната Ходзькі. Нарадзіўся ён на Вялейшчыне, дзе ўжо рыхтуюцца да ўгодкаў выдатнага земляка. Райвыканкам прыняў рашэньне аб перайменаваньні адной з вуліц гораду, архітэктар Анатоль Капцюг распрацаваў макет мэмарыяльнай дошкі, што аздобіць адзін з будынкаў на перайменаванай вуліцы. Памятныя знакі будуць пастаўлены на месцах нараджэньня і сьмерці Ходзькі. Плянуецца адрамантаваць ягонае надмагільле ў вёсцы Войстам Смургонскага раёну. Пройдзе таксама канфэрэнцыя, прысьвечаная земляку.

Кніга Лукшы

17 траўня ў Маладэчне прайшла прэзэнтацыя кнігі “Прызнаньне ў любві і каханьні”. Зборнік — сумесны праект 60 паэтаў з Маладачаншчыны і графіка зь Вялейкі Ўладзімера Лукшы.

Сяргей Макарэвіч, Вялейка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0