Знакі прыпынку

* * *

«І я дурань, і ты дурань», — сказаў ён, напалову сказаўшы праўду.

* * *

Веданьне таго, што мы ніколі ня скончымся, ня зьнікнем, даецца нам яшчэ да жыцьця, да зямнога лёсу — і яно, тое веданьне, на час жыцьця забытае ці аднятае, палягае ў аснове нашых фантазій пра неўміручасьць. Калі не пра неўміручасьць нас такіх, якія мы ёсьць, дык пра неўміручасьць нас нейкіх іншых, якімі мы ў той неўміручасьці (вечнасьці душы) станем… Так ёсьць, так павінна быць, бо інакш мы не адважыліся б мець тых, пра каго немагчыма, невыносна думаць, што некалі іх нідзе ня будзе, — дзяцей і каханых. Так ёсьць, бо іначай мы — вар’яты.

* * *

Рыгор Барадулін звоніць і прагаворвае ў некага вычытанае:

«Якім бы велічным ні ўяўляўся трон — усё адно на ім сядзіць задніца».

* * *

Жывое і абортнае.

* * *

У 1920 годзе пад Варшавай насьмерць біліся Беларуска-літоўскі полк з боку палякаў і 1-шы Омскі полк з боку расейцаў. І ў адным, і ў другім большасьцю — беларусы.

Рэзаліся так зацята, што мала хто ацалеў…

За што рэзаліся?

Палякі — за польскае, расейцы — за расейскае…

Беларусы за чыё?

* * *

Радзіма — разуменьне шкоднае.

* * *

«Данос слугі перажыве Вальтэра», — казаў грамадзянін Фушэ, міністар паліцыі ва ўрадзе Дырэкторыі, які ўсё ведаў пра даносы. «Худы зь земляністым тварам трупа і душой дэмана, драпежным носам, усьмешкай у тонка сьціснутых губах, з валасамі і бровамі бяз колеру і бясколернымі, рыбінымі вачыма», як апісвае яго Бамаршэ. І відаць з апісаньня, як першы драматург Францыі баіцца галоўнага паліцыянта, бо ў Фушэ на Бамаршэ — шафа даносаў.

Бамаршэ казаў: «Калі выдаць сапраўды поўныя зборы твораў нашых пісьменьнікаў, дык самым аб’ёмістым у многіх будзе апошні том з залатым цісьненьнем: «Даносы».

* * *

Грузін сябе найлепей пачувае, зьеўшы шашлык зь віном, а беларус — зжоршы беларуса з г…ом.

Своеасаблівасьці нацыянальнай кухні.

* * *

Зь фінскага антыалькагольнага закону:

«Забараняецца скарыстоўваць алькаголь з мэтай ап’яненьня».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0