У якасьці доказаў высокага ўзроўню адукацыі называліся нашы ракеты. І тою ж парою жанчыны душыліся ў чэргах па аўстрыйскія боты, стаялі ў чарзе ў паліклініках. І дзякуй богу, што ўзровень адукацыі ў нашых суседзяў ня вырас. Чаму я так кажу? А вось чытайце.

Паказчыкі ў сфэры адукацыі, якія абапіраюцца адно на таленавітых самародкаў, і аналягічныя паказчыкі ў культуры разгортваюць перад гэтым грамадзтвам самыя несуцяшальныя пэрспэктывы. Талентаў, як вядома, шмат не бывае. Тым часам высакаклясныя спэцыялісты патрэбны ў вялікай колькасьці і ва ўсіх галінах. Тое, што шараговаму чалавеку не дала прырода, пакліканы даць высокаэфэктыўныя тэхналёгіі навучаньня, а таксама майстэрства і досьвед выкладчыкаў. У сувязі з тым даводзіцца назіраць, як заходнія студэнты, рэалізуючы свае грамадзянскія правы, зьвяртаюцца да ўладаў сваіх краін з патрабаваньнем павышэньня якасьці адукацыі. Звароты гэтыя часьцяком выліваюцца ў масавыя дэманстрацыі.

Крытэр ацэнкі ўзроўню адукацыі шчыльна зьвязаны з практычнымі вынікамі эканамічнай дзейнасьці. Ва ўсіх на памяці забойны аргумэнт савецкай прапаганды: у якасьці аргумэнтаў высокага ўзроўню адукацыі называлася, колькі разоў нашы ракеты могуць зьнішчыць Захад. І тою ж парою савецкія жанчыны душыліся ў чэргах па аўстрыйскія боты, хапаючы адна адну за валасы, у паліклініках, дзе ўсталёўвалі японскую апаратуру, савецкія грамадзяне гадамі стаялі ў чарзе, каб прайсьці абсьледаваньне.

Пару гадоў таму ўвесь сьвет перажываў за лёс сіямскіх блізьнят, якім была зроблена апэрацыя па разьяднаньні. Заўважым, што апэрацыя праходзіла ў краіне зь ня самым высокім узроўнем адукацыі і не ў сталічным горадзе. Экстрапалюючы гэтую сытуацыю на Беларусь, задамося пытаньнем: ці магчыма б было правесьці такую апэрацыю ў нашай правінцыі?

Тое самае і ў мілітарнай сфэры. Ня так даўно па ТБ паказалі двух генэралаў — расейскага й амэрыканскага, якія апавядалі пра другую чачэнскую ды ірацкую войны. Першы зь іх меў савецкую («найлепшую ў сьвеце») ваенную адукацыю, другі закончыў акадэмію ў Вэст-Пойнт і ваенны факультэт Гарварду. Першага было папросту цяжка слухаць, другі ўразіў сваёй эрудыцыяй і прафэсійным падыходам да справы.

Таксама хацелася б згадаць мастацтва. У Савецкім Саюзе, безумоўна, была найлепшая ў сьвеце мастацкая самадзейнасьць. Аднак высокую рыску на шкале ўзроўню адукацыі і культуры займаюць не вясковыя прыпеўкі, а далучанасьць людзей да вышэйшых духова-эстэтычных каштоўнасьцяў, у прыватнасьці, да сымфанічнай музыкі, опэры, джазу, да шэдэўраў сусьветнага мастацтва. Прэм’ер-міністар Японіі Каідзумі падчас сустрэчы «вялікай васьмёркі», знаходзячыся ў гуморы, сьпяваў калегам фрагмэнты з опэры Вэрдзі і па-эстэцку разважаў на тэму фартэпіянных канцэртаў Чайкоўскага. Такія пасажы прэм’ера — відавочная прымета высокага ўзроўню адукацыі ў краіне, якую ён рэпрэзэнтуе.

Сучасная гісторыя, аднак, ведае і парадоксы, калі дзякуючы ненайлепшаму ў сьвеце ўзроўню адукацыі ў адной краіне зьявілася бліскучая пэрспэктыва разьвіцьця краіны-суседкі. Хтосьці ў нейкай лябараторыі чагосьці не дасыпаў, ня так замяшаў, і ў выніку ўкраінскі палітык В.Юшчанка застаўся жывым і заняў прэзыдэнцкае крэсла.

Уладзімер Амосаў, Полацак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0