Нішто так не адрозьнівала эўрапейскія арміі ад савецкай, як адсутнасьць дзедаўшчыны. Беларускаму войску на вынішчэньне «дзядухі» спатрэбілася 10 гадоў!

Я ў часе службы захапіў акурат той момант, калі з ініцыятывы простых салдат праблему дзедаўшчыны ў маёй часьці эфэктыўна вырашылі. Карысны вопыт для іншых.

Піша Сямён Печанко.

Пішучы пра войска, немагчыма абмінуць такую тэму, як дзедаўшчына. І неістотна, маеш ты сам гэткі сумны вопыт ці грунтуешся на чужым. Мне тэма цікавая ўжо таму, што ў часе службы я захапіў акурат той момант, калі з ініцыятывы простых салдат праблему дзедаўшчыны вельмі эфэктыўна вырашылі. Карысны вопыт для тых часьцей, дзе пытаньне ўсё яшчэ актуальнае. Нестатутныя адносіны ў войску — дзедаўшчына — нарадзіліся, існавалі, напэўна, ад часу ўтварэньня самога войска і зьяўленьня вайсковага статуту. Абумоўлена гэта няпростымі і спэцыфічнымі ўмовамі службы, у якіх маладым людзям даводзіцца суіснаваць даволі працяглы час.

Савецкая спадчына

У розныя часы дзедаўшчына мела свае адметнасьці. Напрыклад, у савецкім войску насіла выразную нацыянальную афарбоўку — у жыцьці вайскоўцаў дамінавалі прадстаўнікі пэўнай нацыянальнасьці, якія ў той ці іншай часьці складалі большасьць. Так, у маёй часьці, як сьведчаць старажылы, за савецкім часам рэй вялі прадстаўнікі Каўказу, што не давалі спакою нешматлікім славянам. Найгорш прыходзілася прадстаўнікам Азіі, асабліва цярпелі казахі. І цяпер яшчэ можна там убачыць сьпісаныя па-грузінску сьцены аўтамабільных боксаў.

Бацька, які служыў у Расеі, казаў, што ў іх панавалі расейцы. Усіх «нярускіх» называлі «чуркамі», а беларусаў і ўкраінцаў паблажліва ўважалі за малодшых братоў. Звычайна зь «нярускіх» зьдзекаваліся за тое, што яны не валодалі элемэнтарнымі рэчамі — ня ўмелі карыстацца прыбіральняй, нехта доўга прызвычайваўся да звычайнага ложка. Ня кажучы ўжо пра тое, што шмат хто ледзьве валодаў расейскай мовай. Чачэнцы выклікалі нездаволенасьць сваім вальналюбствам і нежаданьнем падпарадкоўвацца.

Новыя матывы

Са зьнікненьнем саветаў дзедаўшчына нікуды не падзелася. Яна зьмянілася, адаптавалася да новых умоў. Нацыянальны чыньнік саступіў месца новым матывам для зьдзеку — цяпер у войску цкуюць слабейшых, непадобных да астатніх. Недалюбліваюць тут «гадзічнікаў». Апошнія мала што «вумныя», дык яшчэ й служаць на паўгоду менш. А таму іх трэба муштраваць экстэрнам, каб нароўні з астатнімі адчулі паўнату вайсковай службы. На мой погляд, прычына трываласьці нестатутных адносінаў у завялікім тэрміне службы: ня ведаючы, што рабіць, «бывалыя» пачынаюць шукаць сабе занятак.

У большасьці выпадкаў салдаты зазнаюць усе праявы нестатутных адносінаў у першыя паўгоду службы з боку дэмбеляў. Існуе свая герархія: тыя, каму застаецца служыць апошнія паўгоду, зь ліку новага папаўненьня выбіраюць сабе «духаў», якія мусяць выконваць усе патрабаваньні «дзядоў» — прыбраць тэрыторыю, замацаваную за «старым», выканаць даручэньне камандзіра, адрасаванае яму ж, знайсьці цыгарэту ці нейкі харч. Акрамя таго, «малады» ўвесь час мусіць трымаць у галаве, колькі «яго» «дзеду» засталося да сьветлага дня, каб па першым патрабаваньні паведаміць з радасным выразам твару тую навіну. І чым бліжэйшы той дзень, тым больш натуральнай робіцца радасьць на твары «салагі».Такім чынам, малады салдат цягам першага паўгодзьдзя для «старых» быццам ніхто і не належыць сам сабе.

Наступныя паўгоду ён ужо вальнейшы, яму выпадае гонар тлумачыць новым ахвярам, хто ёсьць хто ў войску, даводзіць ім «загады і пажаданьні» старэйшых. Гэта, аднак, не вызваляе яго ад фізычнай працы, хіба што ўпотайкі ён можа «азадачыць» кагосьці з маладзейшых, хто, напалоханы першымі вайсковымі выпрабаваньнямі, гатовы выканаць любы загад, ад каго б ён ні зыходзіў.

Трэцяе, апошняе паўгодзьдзе азначае ня толькі тое, што хутка ўжо дамоў, але і магчымасьць адчуць сябе чыімсьці гаспадаром, пазьдзекавацца зь незнаёмага дагэтуль маладога чалавека — бо таксама некалі быў «духам» і трываў зьдзекі, таму мусіць быць «справядлівасьць». Гэта галоўная матывацыя да такіх паводзінаў — мы праз гэта прайшлі, мусяць і наступныя прызывы пакаштаваць «сапраўднага» вайсковага жыцьця, перажыць тое самае, каб пасьля атрыманы вопыт замацаваць на іншых. І так, здавалася б, да бясконцасьці.

Ідэалёгія зьдзеку

Тыя, хто лічаць нестатутныя адносіны нармальнымі, маюць-такі сумленьне, яно змушае іх шукаць нейкага праўдзівага абгрунтаваньня сваім паводзінам у дачыненьні да маладога папаўненьня. Мне даводзілася размаўляць з адным такім «ідэолягам», які сьцьвярджаў, што ў войску, асабліва ў вялікіх часьцях, немагчыма цалкам кантраляваць усіх салдат агулам. А таму такія спэцыфічныя ўзаемаадносіны і маюць месца для падтрыманьня неабходнага статус-кво.

Нематываваная жорсткасьць апраўдваецца неабходнасьцю загартаваць маладых салдат. Але перадусім цкаваньне мае на мэце прывучыць моладзь слухацца старэйшых бязь лішніх разваг, бо войска — не пясочніца. Пры гэтым даводзяцца перавагі жыцьця ў войску «па дзядусе», а не «па статуце» (тое, што напоўніцу адчуваюць на сабе салдаты ў часе каранціну).

Рытуалы і тэрміналёгія

Жыцьцё салдата ў войску ад першага дня суправаджаецца пастаяннымі зьменамі: зьмяняецца яго статус і адпаведна становішча ў герархіі. Усе гэтыя зьмены і пераходы адбываюцца ў адпаведнасьці з адмысловымі рытуаламі, так званымі «пераводамі». Пры гэтым маецца адпаведная тэрміналёгія. Па першым часе маладога салдата называюць «пахам», пасьля «сьвістком», ужо потым ён стане «духам». Другое паўгодзьдзе ён ужо «слон» (абрэвіятура, якая ўтрымлівае нецэнзурны выраз і расшыфроўваецца прыкладна так: «салдат, які любіць вялікія нагрузкі»). «Гадзічнікаў» яшчэ завуць «вечнымі сланамі». Пачатак трэцяга пэрыяду «старыць» вайскоўца — ён робіцца «дзедам», а загад аб звальненьні прыносіць доўгачаканы статус дэмбеля.

«Пераводы» суправаджаюцца для салдатаў выпрабаваньнямі, якія ў розных часьцях свае. У спэцвойсках практыкуецца экзэкуцыя, калі «шчасьліўчыка» б’юць па азадку. І калі «дзеда» сьвенцяць ніткамі, а ён у адпаведнасьці з традыцыяй раве дурным голасам, то «духаў» частуюць папругаю або нават драўляным табурэтам. У некаторых часьцях ад біцьця можна адкупіцца, заплаціўшы свайму «дзеду» пэўную суму. Непакорных чакаюць зьдзекі на працягу астатняй службы, самая брудная і цяжкая праца. Таму шмат хто лічыць за лепшае адкупіцца і такім чынам забясьпечыць сабе адносна спакойнае існаваньне да наступнага пераводу. Апошнім часам такі спосаб робіцца ўсё больш папулярным.

А што ж камандзіры?

Зважаючы на тое што дзедаўшчына дагэтуль ня зьнікла, існы стан рэчаў, магчыма, задавальняе некаторых камандзіраў — мабыць, яны лічаць слушнай патрэбу ў дадатковым кантролі за маладым папаўненьнем з боку старэйшых салдат. Асабліва гэта тычыць малодшага камандзірскага складу — старшын і прапаршчыкаў, якія самі служылі тэрміновую службу і добра знаёмыя з норавамі, што пануюць у салдацкім асяродзьдзі.

Шмат хто трымаецца думкі, што войска — ня месца для сэнтымэнтальнасьці, таму адносіны, заснаваныя на гвалце мацнейшых над слабейшымі, здаюцца ім цалкам натуральнымі. Яны паблажліва ставяцца да дэмбеляў, не напружваючы іх без патрэбы працай і загадамі.

Як перамагчы?

Такім чынам, малады чалавек, трапіўшы ў войска, застаецца сам-насам са сваімі праблемамі. З аднаго боку, трапляе ў падпарадкаваньне да старэйшых. З другога — ён ня мае падтрымкі з боку камандзіраў, якія папросту заплюшчваюць вочы на некаторыя моманты, а часам нават спрыяюць ім. Што можна зрабіць у такой сытуацыі?

Можна ад самага пачатку не прымаць правілаў гульні, што будуць імкнуцца навязаць «старыя», не выконваць іх незаконных патрабаваньняў. Але наперадзе доўгія месяцы службы, а навокал процьма абыякавых і атупелых ад службы вайскоўцаў, далёка ня кожны зь якіх нават зразумее ваш «неразумны» ў такіх варунках супраціў.

Выйсьце ёсьць у тым, каб заручыцца падтрымкай кагосьці неабыякавага з вашага ж прызыву, а калі пашчасьціць, то й некалькіх чалавек. Разам вам будзе лягчэй трываць выпады з боку вашых «катаў». У маёй часьці ўвогуле ўвесь склад вучэбкі ня стаў «пераводзіцца», адмовіўшыся таксама і ад абразьлівых мянушак, перастаўшы на іх рэагаваць. Сяржанты навучылі нас, як ставіцца да старэйшых, калі тыя будуць спрабаваць нас «выхоўваць», папярэдзіўшы, што ад нас саміх залежыць, дамо мы сябе падпарадкаваць ці не. Асабліва акцэнтавалі ўвагу на зладжанасьці нашых дзеяньняў: трымацца адзін аднаго, не пакідаць нікога сам-насам з крыўдзіцелямі. Адначасова такая ініцыятыва «зь нізоў» не засталася па-за ўвагай камандаваньня часьці — быў наладжаны пільны кантроль за салдацкімі ўзаемаадносінамі (у тым ліку абавязковы цялесны агляд у лазьні), любыя нестатутныя выпадкі падрабязна разглядаліся.

За ўсю маю службу не было ніводнага здарэньня, якое прывяло б да арышту кагосьці з салдат. Невялікія сутычкі ўсё ж былі, але не настолькі сур’ёзныя, каб прывесьці да жорсткага пакараньня. Адзначыўся хіба вайсковец нашай часьці, які праходзіў навучаньне ў Печах. Падчас нязначнага канфлікту, у якім сам быў зачыншчыкам, ён зьлёгку ўдарыў свайго апанэнта. Але гэтага было дастаткова, каб вайсковы суд адмераў яму год службы ў дысцыплінарнай часьці.

Важкі аргумэнт, каб задумацца тым, хто адносіцца да саслужбоўцаў, як да пакорлівага быдла. Астатні час мы рэгулярна заслухоўвалі на шматлікіх пастраеньнях прысуды ваеннага суду ў дачыненьні да вайскоўцаў зь іншых часьцей: за зьбіцьцё малодшых таварышаў, за вымаганьне грошай, прымусовыя дзеяньні, якія ня мелі нічога супольнага з патрабаваньнямі вайсковага статуту. Пакараньні больш чым сур’ёзныя — ад аднаго да васьмі гадоў пазбаўленьня волі.

Усё залежыць ад вашай волі

Як бачым, усё залежыць ад уласнай волі салдат, а таксама стаўленьня да праблемы камандзіраў. Праблема не такая ўжо невырашальная — было б жаданьне. Нехта заўважыць, што ўсё ня так проста. Магчыма, мне і праўда пашчасьціла: сярод маіх сяржантаў амаль усе былі з вышэйшай адукацыяй, а такія людзі не дазволяць зьдзекавацца ні зь сябе, ні тым больш з кагосьці. У вялікай ступені ад іх уласнай волі ў часьці сярод салдат адбыліся перамены да лепшага, да больш чалавечых адносінаў. Але варта ўсё ж паспрабаваць і пачаць зь сябе: не выконваць бязглуздых загадаў, не даваць у крыўду сваіх сяброў, не адварочвацца з абыякавым выглядам ад чужой бяды. І тады ў цяжкую хвіліну можаце разьлічваць на дапамогу. Ваша асабістая пазыцыя змусіць задумацца і камандзіраў, якім проста не стае часу на такія «дробязі». А «дзяды» мусяць памятаць, што іх чакае сапраўдная справядлівасьць, а ня тая, якую яны самі сабе прыдумалі і абгрунтавалі. Тым больш што часьцей за ўсё іх «заступнікі» застаюцца ў баку і выходзяць з вады сухімі, узвальваючы ўвесь цяжар пакараньня на непасрэдных выканаўцаў.

Працяг. Пачатак у нумарах 6, 9, 12—14, 16.

Працяг будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0