Дзякуючы гравюрам можна аднавіць старыя дамы, замкі, гарады. Але нішто не дапаможа аднавіць сьпілаваныя, зьнішчаныя дрэвы.

Такія страты незваротныя. Сёньня мы нават не ўяўляем, як выглядалі нашы лясы тысячу гадоў таму. Няма шмат якіх старажытных відаў дрэваў: наша лістоўніца і піхта эўрапейскай пароды сышлі на пабудову драўляных замкаў і гарадзішчаў. Зьнік ціс, зь якога выраблялі славутыя лукі. Услаўлены ў песьні явар, што шэпчацца з калінаю, стаў абжываць нашыя лясы ўсяго гадоў 300 таму… Дрэвы — цэлая тэма. На яе піша Адам Воршыч.

Дрэвы-патрыярхі

Цар-дрэва, — гэта, без сумневу, дуб. Яны самыя заўважныя — і па выглядзе, і па доўгажыхарстве. Бальшыня з дубоў-доўгажыхароў за доўгі век пасьпявае абзавесьціся ўласным імем і легендай. Так, у Пажэжынскім лясьніцтве Маларыцкага раёну растуць Дуб-патрыярх (яму каля 700 гадоў, дыямэтар ствала амаль 2 м, а вышыня дрэва пад 40 м) і Цар-дуб (ён крыху маладзейшы — каля 660 гадоў, у дыямэтры 1,7 м, увышкі 42 м).

Летась над цар-дубу збудавалі мэталічны каркас, каб уратаваць дрэва ад забойчых маланак.

У Жабінкаўскім раёне каля пасёлку Ленінскі ў парку «Айчына» за 300 м ад шашы Берасьце—Менск расьце 500-гадовы дуб — ён і ніжэйшы (28 м), і танчэйшы (дыямэтар ствала 1,3 м).

Легенды зьвязваюць дубы з імёнамі славутых людзей. Так, у Шчорсах яшчэ да нядаўна можна было ўбачыць Дуб Міцкевіча. А ў Кобрынскім раёне і дагэтуль расьце 600-гадовы Сувораўскі дуб, пад якім нібыта адпачываў генэрал-акупант.

Коласавы ліпы й Касьцюшкаў дуб

Сёньня ў Беларусі помнікамі прыроды рэспубліканскага значэньня абвешчаны 337 «аб’ектаў», прычым 117 зь іх — батанічныя. Гэта каля 50 асобных дрэваў, астатнія — у групах. І гэта — толькі ў звычайных лясах і парках. Тое, што расьце ў запаведніках і заказьніках, у сьпіс не ўключаюць. У 1960—1970-х у «помнікі прыроды» запісвалі славутым сацыялістычным «валам». Кожны раён стараўся займець свой «помнік прыроды». Што праўда, многія дрэвы, унесеныя ў сьпісы таго часу, вартыя згадкі й сёньня.

Складаючы «топ-сьпіс» найбольш значных дрэваў Беларусі, галоўны спэцыяліст аддзелу запаведнай справы Міністэрства аховы прыроды Віталь Каранчук адзначыў акурат узятыя пад ахову.

Найперш ён згадаў пяць дрэваў ліпы драбналісьцевай у в.Мікалаеўшчыне Стаўпецкага раёну. Дрэвы гэтыя можна назваць «літаратурнымі». Пасадзіў іх Якуб Колас на сядзібе свайго брата Юзіка. Гэта, бадай, адзіныя дрэвы ў Беларусі, зьвязаныя зь імем якога-кольвечы пісьменьніка. Эколяг Валеры Дранчук зьвяртае ўвагу на тое, што многіх дрэваў, якія памятаюць нашых клясыкаў, ужо папросту няма: «Ужо выразалі таполі, якія расьлі каля жытла Мележа, Караткевіча…»

Але вернемся да слынных дрэваў, якія яшчэ можна ўбачыць. Без чарговай згадкі пра дубы — ніяк. У Казлоўскім сельсавеце Нясьвіскага раёну расьце 500-гадовы асілак. Гісторыя маўчыць, за якія заслугі яго ўнесьлі ў сьпіс прыродных помнікаў. Мабыць, за немалы век.

А вось у парку саўгасу Сітца Докшыцкага раёну расьце 500-гадовы дуб, які мае сваю гісторыю: пад ім адпачываў Тадэвуш Касьцюшка. Пад двума 400-гадовымі дубамі ў Клецкім лясгасе Нясьвіскага раёну, паводле легенды, бываў Леў Талстой. Дуб у Скрыдлеўскім лясьніцтве Віцебскага лясгасу мае імя Партызанскі: падчас вайны пад ім была «паштовая скрыня» партызанскай брыгады Аляксея Данукалава. Праўда, калі бралі яго пад ахову, улічылі яшчэ і ўнікальны выгляд — гэты дуб зросься зь елкай.

Такі ж рэдкі выгляд стаў падставай і для занясеньня ў сьпіс помнікаў двух зрослых разам дубоў у Галынскім лясьніцтве Клецкага раёну. Хаця дубы дастаткова маладыя (ім «усяго» каля 100 гадоў), іх узялі пад ахову, назваўшы «ўнікальным творам прыроды сярод вядомых аб’ектаў».

Значна менш у сьпісе помнікаў прыроды дрэваў-экзотаў. На думку В.Каранчука, важней захаваць віды дрэваў, якія расьлі ў нас спрадвеку. Таму цяпер супрацоўнікі міністэрства імкнуцца пры пастаноўцы на ахову ўлічваць масу фактараў — экалягічны, эстэтычны, гістарычны й культурны. Аднак экзоты ўсё ж трапляюцца. Напрыклад, 100-гадовая ліпа каралінская, пасаджаная ў 1923 г. памешчыкам Паслоўскім у парку пасёлку Альберцін Слонімскага раёну.

У в.Жамыслаўль Іўеўскага раёну расьце 130-гадовы ясень пэнсыльванскі. У натуральных умовах яго можна сустрэць у прыатлянтычнай частцы ЗША.

Дэкаратыўнае кустоўе рададэндран жоўты (пантыйскую азалію) можна ўбачыць у Жыткавіцкім лясгасе. Расьліна завезеная туды на пачатку ХІХ ст. мясцовым панам.

Скірмунтавы экзоты

Біёляг Анатоль Федарук ня згодны з супрацоўнікам міністэрства, ён лічыць, што неабходна аднолькавую ўвагу надаваць усім відам — і аўтэнтычным, і экзатычным: «Адкуль яны бяруцца — людзі з такім кругаглядам? Пакуль ён будзе старацца ахоўваць аўтэнтычныя віды, загінуць усе прывезеныя экзоты».

У яго свой сьпіс найцікавейшых дрэваў — пераважна з рэдкіх і экзатычных. Як кажа А.Федарук, у Беларусі сустракаецца нямала дрэваў, прывезеных зь іншых рэгіёнаў. На першы погляд, у нашых умовах некаторыя віды, прывезеныя зь цёплых краёў, проста не маглі выжыць, ня тое што прыжыцца. «Напрыклад, кіпарыс балотны, які ў натуральных умовах расьце ў Флорыдзе, у вільготных субтропіках, — кажа сп.Федарук. — Гэтая расьліна расьце ў нас, у Парэцкім парку. Акрамя таго, яна зьвязана зь імем цудоўнага чалавека Рамана Скірмунта: ён пасадзіў гэтае дрэва».

Прэм’ер БНР быў заўзятым садаводам. Сад у колішнім ягоным маёнтку мае не адну цікавостку. Менавіта там сустракаецца рэдкае тульпаннае дрэва (liriodendron). У прыродных умовах яно расьце толькі ў басэйне Місысыпі. У яго буйныя кветкі ружаватага колеру. У парку Скірмунта было шэсьць такіх дрэваў. «Але калі пракладалі дарогу, іх зьнішчылі, не зважаючы на каштоўнасьць такой расьліны. Засталося толькі адно дрэва», — апавядае А.Федарук.

З Парэцкага парку тульпаннае дрэва было прывезена ў Менск, у Батанічны сад. Калі яно пачынае красаваць, супрацоўнікі Батанічнага саду даюць абвестку й запрашаюць наведнікаў — атрымаць эстэтычную асалоду.

Гінкга, уратаванае ад нацыстаў

Трэцяе з найбольш рэдкіх дрэваў у Беларусі — гінкга двухлопаснае. Гэта старажытны рэлікт, вельмі рэдкая ў Беларусі расьліна паходжаньнем з Ўсходняга Кітаю. Тры дрэвы высаджаны ў Гомельскім парку імя Луначарскага — на парадным партэры. Немцы ведалі цану гэтым дрэвам і зьбіраліся выкапаць іх і вывезьці ў Нямеччыну. Але гамельчукі абарвалі лісьце з дрэваў. І калі дайшло да выкопваньня, немцы проста не змаглі знайсьці, якія ж з дрэваў — гінкга. Так рэдкія дрэвы і засталіся ў Гомелі. Цяпер яны растуць і ў іншых мясьцінах Беларусі: сустрэць гінкга можна, напрыклад, у Лошыцкім парку ў Менску.

Натуральна, што сьпіс экзотаў гэтым не абмяжоўваецца. Так, Сяргей Харэўскі раіць паехаць паглядзець Веймутаву хвою, якая расьце ў Альшэўскім парку на мяжы Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў: дрэва мае даўжэзную ігліцу.

Апошнія піхты Беларусі

Ва ўрочышчы Дзікі Нікар у Белавескай пушчы (гэта былы забалочаны недаступны людзям басэйн) расьце экзэмпляр піхты белай — парода горнай, тыповай для Заходняй Эўропы. У гарах шмат вільгаці, якую любіць піхта, таму яна знайшла сабе спрыяльныя ўмовы, дзе была забалочаная мясцовасьць. Цяпер яе стан пагоршыўся, капытныя жывёлы зьядаюць падрост.

Піхта белая не экзатычная для нас расьліна, раней яе ў Беларусі расло багата, і менавіта зь яе рабілі гарадзішчы. Аднак гэтыя будаўнічыя работы ды яшчэ экспарт вынішчылі гэты від. Варта было б заняцца рэінтрадукцыяй — аднавіць у нас гэтае дрэва. Гэтаксама, як ціс і лістоўніцу…

Больш звыклыя для нас «абарыгены» — дубы, але нават сярод іх сустракаюцца рэдкія для Беларусі асобнікі. Такім рарытэтам для нас зьяўляецца дуб сядзячацьветны — цеплалюбівы від, характэрны для Заходняй Эўропы. У нас сустракаецца толькі ў Белавескай пушчы. Тамсама можна пабачыць і дуб скальны — від, які паступова зьнікае: ён апыляецца дубам звычайным.

Залацістыя ліпы, чырвоны бук

Рэдкімі зьяўляюцца цяпер расьліны зь незвычайнай кронай, якія раней адмыслова высаджвалі ў старажытных парках. Такой рэдкасьцю А.Федарук называе ліпу wratis-laviensis — гібрыдную ліпу з залацістым лісьцем, адзін экзэмпляр якой расьце ў Галоўчыцкім парку Гомельскай вобласьці.

Рэдкі па сваім вонкавым выглядзе бук лясны чырваналісьцевы: адзінкавыя экзэмпляры яго растуць у Руцінскім парку Камянецкага раёну Берасьцейшчыны і ў Парэцкім парку. Да таго ж пераліку незвычайных дрэваў належыць дуб чарэшчаты пірамідальны, прадстаўнікі якога захаваліся ў старых парках — у Баранавічах, у парку

г. Высокае Камянецкага раёну.

Плакучай кронай вызначаецца вяз шаршавы camperdownii. Тры такія дрэвы расьлі ў парку Станькава пад Менскам. Два зь іх выкапалі й вывезьлі немцы, адзін заставаўся да апошняга часу. Сёлета ўвесну з ініцыятывы мясцовых краязнаўцаў былі адноўлены ўсе тры асобнікі.

Беларускія лясы і паркі — шчасьце для падарожніка, які шукае асалодаў хараства прыроды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0