Аршанскі суд 23 траўня прызнаў, што адміністрацыя УП «Лёс» ня выканала абавязкаў па кантракце, але пазоў работнікаў да прадпрыемства не задаволіў. Рыгор Максіменка, Вадзім Дзюдзякоў і Міхаіл Воранаў патрабавалі разарваць кантракт і выплаціць грашовую кампэнсацыю на падставе таго, што адміністрацыя не выконвае абавязкаў: не выплочвае заробкі своечасова. Рабочыя будуць абскарджваць вырак у вышэйшай інстанцыі.

24 траўня ў Магілеве аштрафавалі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Зубр» Андрэя Разумкова (20 базавых велічыняў, ці 510 тыс. руб.) і Яўгена Суворава (25 б.в, 637 500). Іх затрымалі падчас пікету, прысьвечанага шостым угодкам зьнікненьня Юр’я Захаранкі, а потым яшчэ раз за распаўсюд незалежнай газэты «Выбар».

Мікола Статкевіч 24 траўня абвясьціў галадоўку. 26 траўня суд адхіліў хадайніцтва Паўла Севярынца пра выклік у якасьці сьведкаў былога старшыні КДБ Леаніда Ерына, старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай і міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. На думку суду, гэтыя людзі нічога ня могуць паказаць па сутнасьці абвінавачаньня.

Раённыя адміністрацыі Горадні забавязалі прадпрыемствы й арганізацыі гораду да 15 чэрвеня здаць справаздачу пра вынікі падпіскі на «СБ — Беларусь сегодня» на другое паўгодзьдзе. Апрача таго, гарадзкія ўлады рэкамэндуюць выданьні «Звязда», «Рэспубліка», «Белорусская нива», «Семь дней», «Знамя юности», «Гродненская правда», «Беларуская думка».

25 траўня ўдзельнікі галадоўкі ў Жодзіне накіравалі звароты ўладзе і ўстановам адукацыі з патрабаваньнем адмяніць рашэньні аб выгнаньні навучэнцаў з палітычных прычынаў. 27 траўня да галадоўнікаў далучыліся 16-гадовы Павал Каранюхін, навучэнец Плешчаніцкай вучэльні алімпійскага рэзэрву, адлічаны за ўдзел у сёлетняй акцыі 26 красавіка, і маладафронтавец з Баранавічаў Сяржук Марчык. 30 траўня да іх далучыліся актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Ігар Шчакарэвіч, Валер Мацкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч і зубровец Міхась Кандрашоў.

Мінюст 25 траўня настойліва запатрабаваў ад Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) правесьці новы зьезд: чыноўнікі па-ранейшаму не прызнаюць легітымнасьці VI зьезду. Пачынаючы з 25 траўня СПБ цягам некалькіх дзён ня здолеў надрукаваць чарговы нумар штотыднёвіку «Głos znad Niemna» з інтэрвію з кіраўнічкай арганізацыі Анжалікай Борыс: кіраўніцтва гарадзенскай друкарні спасылалася на нейкую запазычанасьць, але не магло патлумачыць, адкуль яна ўзялася. Кіраўніцтва арганізацыі 30 траўня зьвярнулася ў КДБ і МУС з просьбай спыніць рэпрэсіі супраць актывістаў СПБ. У лісьце згадваецца, што лідэрку Берасьцейскай абласной філіі аб’яднаньня Аліну Ярашэвіч 11 і 24 красавіка дапытвалі супрацоўнікі КДБ, у тым ліку і ўначы.

ГА «Аслона» з Ваўкавыску атрымала 26 траўня папярэджаньне ад Гарадзенскай абласной управы Мінюсту. Падстава — абвестка ў недзяржаўнай «Местной газете» пра дзейнасьць грамадзкай прыёмнай: чыноўнікі палічылі, што дзейнасьць не стасуецца зь місіяй арганізацыі.

У Дубровенскім раёне, на беларуска-расейскай мяжы 26 траўня міліцыянты затрымалі наклады газэтаў «День», «Салідарнасць», «Товарищ» і «Белорусской деловой газеты», якія везьлі грузавіком з Расеі. Прэтэнзіі міліцыянты выказалі толькі да «Дня», які неўзабаве перад тым зьмяніў юрадрас. Рэдактар газэты Мікола Маркевіч 27 траўня падаў скаргу начальніку Дубровенскага РУУС на дзеяньні ягоных падначаленых: міліцыянты не паінфармавалі выдаўца пра свае дзеяньні й іх прычыны, забралі ня ўзор выданьня, а ўвесь наклад, прычым не аформілі дакумэнтаў належным чынам.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 27 траўня пачалі слухаць справу пра маёмасьць Міхаіла Марыніча. Сваякі спрабуюць цераз суд вярнуць частку маёмасьці, апісанай судовымі выканаўцамі, бо гэтая частка не належала асуджанаму: судовыя выканаўцы апісалі кватэры ягоных сыноў і былой жонкі. На працэсе быў абвешчаны перапынак да 2 чэрвеня: выявілася, што ў справе няма прадпісаньня, на падставе якога праводзіўся вопіс маёмасьці.

Дзьве раённыя структуры ПБНФ у Горадні ліквідаваныя 27 траўня рашэньнем Вярхоўнага суду. Падстава — разьмяшчэньне юрадрасоў у жылым фондзе.

Лепельскія ўлады 27 траўня паінфармавалі лідэра тамтэйшага прадпрымальніцкага руху Алега Тычыну, што ліквідуюць ягоны бізнэс: яго жонцы Зінаідзе, якая трымала дзьве крамы, адмовілі ў адводзе зямлі.

У пракуратуру Мастоў 27 траўня тэлефанаваньнем выклікалі грамадзкага актывіста й журналіста Язэпа Палубятку: памочнік пракурора цікавіўся яго ўдзелам у грамадзянскай ініцыятыве «Воля народу». Палубятка заявіў, што ўспрымае гэта як палітычны перасьлед, адмовіўся адказваць на пытаньні й запатрабаваў афіцыйнага выкліку.

Актывісту БСДП (НГ) Ігару Маслоўскаму пракуратура Берасьцейскай вобласьці вынесла 30 траўня афіцыйнае папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі: у газэце «Народная Воля» ён быў указаны як адзін з каардынатараў «Волі народу».

Гарадзенская абласная філія БСДГ атрымала 30 траўня ліст ад управы юстыцыі аблвыканкаму з патрабаваньнем да 1 чэрвеня прайсьці перарэгістрацыю й перавесьці юрадрас з жылога фонду.

Міністар юстыцыі Віктар Галаванаў заявіў, што з чэрвеня рэгіянальныя ўправы юстыцыі здымаюць з уліку структуры палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, адрасы якіх не зарэгістраваныя ў нежылым фондзе. Вынікі перарэгістрацыі будуць падведзеныя да 6 чэрвеня.

30 траўня студэнты факультэту журналістыкі БДУ пачалі збор подпісаў з патрабаваньнем да дэкана спыніць практыку адлічэньня й перасьледу за грамадзкую актыўнасьць і прафэсійную дзейнасьць. Яны таксама патрабуюць аднавіць студэнтку-завочніцу ІІІ курсу Вольгу Класкоўскую, адлічаную на пачатку траўня з афіцыйнай фармулёўкай за «акадэмічную непасьпяховасьць». У заяве гаворыцца, што праўдзівай падставай адлічэньня была праца Класкоўскай у «Народнай Волі» ды згадка ейнага імя ў адкрытым лісьце арганізацыі Article ХІХ да А.Лукашэнкі зь пералікам парушэньняў правоў журналістаў.

На праспэкце Машэрава ў Менску 30 траўня быў затрыманы з партрэтам Машэрава праваабаронца Валер Шчукін: яго зьвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку. Суд над ім з 31 траўня перанесены на 3 чэрвеня, бо Шчукін запатрабаваў адваката.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0