Цэны на кватэры ў Менску параўняліся з цэнтральнаэўрапейскімі. Намесьнік міністра будаўніцтва: «цэны нагналі расейцы, якія масава скупляюць беларускую нерухомасьць».

Піша Алесь Кудрыцкі.

Сярэдняя цана аднапакаёўкі — крыху больш за 30 тыс. даляраў, двухпакаёвай кватэры — 42 тыс., трохпакаёўкі — 55 тыс., а чатырохпакаёвай кватэры — 60 тыс.

Цэны на менскую нерухомасьць працягваюць імкліва расьці. Запаволеньня іх росту ў найбліжэйшай будучыні не прадбачыцца. Разабрацца, чаму так адбываецца, няпроста: адыгрывае ролю і рост сталічнага насельніцтва, а таксама павышэньне ягоных прыбыткаў, і абмежаваньні на продаж кватэр, пабудаваных на льготных умовах, і няздольнасьць будаўнікоў пасьпець за патрэбамі рынку. А намесьнік міністра архітэктуры і будаўніцтва Міхаіл Абрамчук, адказваючы на мінулым тыдні ў палаце прадстаўнікоў на пытаньні парлямэнтароў, наагул выказаў думку, што цэны на нерухомасьць нагналі расейцы, якія масава скупляюць кватэры ў сталіцы.

Прычыны прычынамі, а вынік навідавоку: аднапакаёвай кватэры за 20 тысяч даляраў у сталіцы ўжо не адшукаць. Сярэднюю цану вызначыць цяжка — усё ўпіраецца ў тое, якія кватэры ўключаюцца ў статыстыку. Калі аналізаваць цэны выключна на стандартныя кватэры, вынік будзе адзін, а калі ўлічваць унікальныя кватэры, накшталт аднапакаёвак вялікай плошчы ды экстравагантных шматпакаёвак, то сярэдняя цана атрымаецца больш высокай. Такім чынам, найчасьцей фігуруюць лічбы ад 770 да 850 даляраў за квадратны мэтар. Прычым найбольш каштуюць мэтры ў аднапакаёўках — самым даступным, а таму пажаданым тавары на рынку нерухомасьці.

Сярэдняя цана аднапакаёўкі — крыху больш за 30 тыс. даляраў, двухпакаёвай кватэры — 42 тыс., трохпакаёўкі — 55 тыс., а чатырохпакаёвай кватэры — 60 тыс.

Ёсьць, вядома, і кватэры пад 300 тыс. даляраў — скажам, можна хоць цяпер набыць дзьвюхузроўневую кватэру ў двухпавярховым доме за драўляным плотам на Бранявым завулку. Цана — 250 тыс. даляраў.

Найбольш дарагія кватэры ў цэнтры, добра каціруецца Зялёны Луг ды Ўручча. Заходняя частка гораду ў цэлым больш прыцягальная за індустрыялізаваны ўсход. Будаўніцтва кватэр вядзецца шалёнымі тэмпамі — сёлета маюць здаць да мільёна квадратных мэтраў жыльля, — але попыт задаволіць усё роўна не ўдаецца. Ахвярамі будаўнічага буму зробяцца ўласьнікі дамкоў у межах гораду. Неўзабаве пад знос пойдзе прыватны сэктар па вуліцах Багдановіча, Арлоўскай ды ўздоўж праспэкту Дзяржынскага.

Былая жылплошча Радзівілаў

Рост цэн на кватэры мае і нечаканыя вынікі. Гэтак той, хто можа сабе дазволіць набыць кватэру ў Менску, сутыкаецца са спакусай пашукаць жыльлё ў іншай краіне. Цэны на менскія мэтры імкліва набліжаюцца да цэнтральнаэўрапейскіх узораў.

Варшава. Аднапакаёвая кватэра на першым паверсе. Вуліца Заечая, практычна гістарычны цэнтар. Дом стары (1916 г.), але трывалы. 33 м². Якасны рамонт. Цана — 61 тыс. даляраў. Прэстыжныя аднапакаёўкі ў Менску каштуюць пад 40 тыс. — і гэта ў новых камфортных дамах. Але калі мы зазірнём у паўднёвую частку польскай сталіцы, убачым іншую карціну. Двухпакаёвая кватэра на апошнім паверсе трохпавярховага блёчнага дому, 36 м², у адным з пакояў — шклопакеты, дывановае пакрыцьцё на падлозе. За ўсё гэта — 48 тыс. даляраў. За такі ж кошт прадаюцца і двухпакаёўкі ў Менску. Але ж параўнайце магчымасьці зарабляць у Варшаве з нашымі зарплатамі.

Кракаў — другі па велічыні рынак нерухомасьці ў Польшчы. Якасныя апартамэнты ў добрых раёнах тут каштуюць каля 1000 даляраў за м², а кватэры ў “панэляках” на ўскраінах можна адшукаць і за 300 даляраў за м².

У горадзе Скарыны

У Празе два галоўныя тыпы кватэр — новыя на ўскрайках места і старыя ў цэнтры. Новыя кватэры — ня самае лепшае ўкладаньне грошай: навокал Прагі досыць вольнага месца, каб будаваць новыя жылыя шматпавярхоўкі, што можа зьбіць цэны. Але і ў старых раёнах ёсьць свая спэцыфіка. Многія наймальнікі кватэр плацяць арэндную плату ў адпаведнасьці зь дзяржаўнымі тарыфамі, якія не дазваляюць домаўладальнікам заломваць непамерныя цэны. Калі раптам дзяржава вырашыць адмяніць гэтую сыстэму, ёсьць шанец, што ўладальнікі дамоў папросту выселяць жыльцоў, якія плацяць замала, і тады на рынку зьявіцца шмат вольных кватэр у старых раёнах, і цэны пойдуць уніз. Ёсьць яшчэ адна праблема: каб набыць кватэру ў Празе, давядзецца стварыць фірму. Мець нерухомасьць у Чэхіі замежнікі могуць толькі ў выглядзе юрыдычных асоб.

Калі параўноўваць зь Менскам, дык і ў Празе можна адшукаць параўнальна недарагое жытло. Вось, напрыклад, аднапакаёўка ў дванаццаціпавярховым доме на вуліцы Штурава. Другі паверх, жылая плошча 20 м2. Вядома, да цэнтру далекавата, але ж цана — 35 700 даляраў. Кватэра такога кшталту ў Менску будзе каштаваць тысяч 25, а з эўрарамонтам дык і на 30 пацягне.

У крывіцкай Мэцы

У Вільні можна адшукаць двухпакаёўку за 30—35 тыс. даляраў. Той, каму нецікава жыць у спальным раёне, а хочацца быць бліжэй да цэнтру, можа набыць аднапакаёўку на Клайпэдзкай вуліцы. 30 квадратных мэтраў, камін плюс два бясплатныя месцы ў дворыку для паркоўкі. 52,5 тыс. эўра.

Кіеўскі рынак нерухомасьці віруе. Здавалася б, насуперак усякаму здароваму сэнсу, цэны на кіеўскія “хрушчоўкі” пачалі імкліва расьці. Як выяўляецца, укладаньне грошай у развалюхі — інвэстыцыя ў будучыню. Урад Цімашэнкі абяцае зьнесьці ўсе “хрушчобы”, а іх жыхарам даць лепшае ды больш прасторнае жытло. Вось і выходзіць, што ёсьць рэальная выгада набываць кватэру ў самых разбураных ды непрыдатных для жыцьця будынках — большыя шанцы на тое, што яго зьнясуць. Сярэдняя цана квадратнага мэтра жытла ў Кіеве — больш за 1000 даляраў. Зрэшты, у спальных раёнах няцяжка адшукаць аднапакаёвую кватэру цаной у 35 тыс. даляраў — не нашмат даражэй за Менск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0