У Віцебску адбудзецца адкрыцьцё чарговага «Славянскага базару». Як заўжды, відовішча будзе трансьлявацца на ўсю краіну, а таксама на Расею як важная культурніцкая падзея. Цяжка сказаць, ці будзе падчас грандыёзнага шоў хаця б згаданае імя Янкі Купалы, 125‑годзьдзе з дня народзінаў якога адзначаецца 7 ліпеня. У гэты дзень у праграме віцебскага фэстывалю пазначаны гала‑канцэрт майстроў беларускай культуры «Ад роднае зямлі, ад гоману бароў…» (Радок зь Якуба Коласа). У праграме, як звычайна — Анжаліка Агурбаш, Ірына Дарафеева, Паліна Смолава, Ксеня Сітнік — і г.д., паводле сьпісу.

Сам факт, што юбілей будзе адзначаны не канцэртам, адмыслова прысьвечаным Купалу, але «Славянскім базарам», падаецца красамоўным.

Пустое сэрца

Апошнім часам зрабілася агульным месцам, амаль штампам, сьцьверджаньне пра тое, што сёньняшняя ўлада працягвае традыцыі колішняй савецкай палітыкі, у тым ліку культурніцкай. Што Беларусь ператвараецца, ці ўжо ператварылася, у свайго роду заказьнік, у якім закансэрваваныя традыцыі й звычаі былога СССР. Да падтрыманьня гэтага стэрэатыпу спрычыніўся, паміж іншымі, і аўтар гэтых радкоў у сваім нядаўнім артыкуле ў «НН».

Але практыка апошніх год у галіне культурніцкай палітыкі (калі яе можна так назваць) дае падставы думаць, што Беларусь сутыкнулася не з паўтарэньнем пройдзенага, а зь нейкім вычварным экспэрымэнтам. Экспэрымэнтам, аналяг якога цяжка знайсьці ў сучаснай гісторыі.

Праўда, можна ўспомніць янычараў. У Асманскай імпэрыі янычараў вырошчвалі з хрысьціянскіх юнакоў, захопленых у палон і павернутых у іслам. Часьцей за ўсё гэта былі прадстаўнікі славянскіх народаў (баўгары й сэрбы) — высокія, русявыя, з блакітнымі вачыма. Гэта таксама быў свайго роду экспэрымэнт. Не было больш надзейных і бязьлітасных ваяроў у турэцкім войску, як янычары. Ва ўкраінскай мове янычарамі дагэтуль называюць рэнэгатаў, якія верна і ўпарта служылі чужой уладзе, лютых карнікаў. Але варта заўважыць, што, апрача вайсковага мастацтва, сапраўдныя янычары вывучалі каліграфію, права, тэалёгію, літаратуру і замежныя мовы.

Зьвернемся да больш блізкага часу. Клясыкі беларускай літаратуры, увогуле беларуская культура (хаця б яе частка) былі ўбудаваныя ў савецкую ідэалёгію БССР. Стагодзьдзе Купалы і Коласа адзначаліся ў Беларусі надзвычай шырока, у прыватнасьці, на самым высокім афіцыйным узроўні. Так, многіх магла не задавальняць форма юбілейных мерапрыемстваў — акадэмічная, нават пампэзная. Большасьць тагачасных юбілеяў клясыкаў — у тым ліку жывых — звычайна зводзіліся, найперш, да стварэньня ганаровага прэзыдыюму, які засядаў на сцэне на тле партрэту юбіляра і лічбаў: 70, 75, 100. Даўгія прамовы афіцыйных дакладчыкаў не прадугледжвалі палемікі альбо пытаньняў з залі. Дый самі даклады праходзілі папярэднюю цэнзуру на прадмет выкараненьня магчымай крамолы з тэкстаў — напрыклад, «няправільнага прачытаньня» клясыкаў. Так, усё гэта было. Але ўсё гэта не адмяняе таго факту, што беларускай клясыцы надавалася агромністае значэньне.

Віктар Казько ў сваім эсэ «Зазірнуць у вочы свайму я», фрагмэнты якога апублікаваныя ў газэце «Новы час» за 2‑8 ліпеня, піша: «Ці было яшчэ ў якой‑небудзь краіне ў якія‑небудзь часы, каб творчая эліта амаль цалкам ішла ў апазыцыю, як цалкам пайшоў Саюз пісьменьнікаў? І якія імёны, якія постаці. Сама культура пайшла ў апазыцыю да ўлады. А што ўлада? Калі губляеш тое, пра што ня ведаеш, то і не баліць галава аб страчаным, нішто яе ня тлуміць: «Пустое сэрца б’ецца роўна».

Параход сучаснасьці

Найбольш важным падаецца ня тое, што культура пайшла ў апазыцыю. Такое здаралася ў гісторыі розных народаў. Але такога, каб уладная эліта ня толькі была бескультурнай, але ўвогуле лічыла нацыянальную культуру непатрэбнай — тут аналёгіі сапраўды знайсьці цяжка.

Як вядома, ленінскі ўрад выслаў з Расеі славуты «параход філёзафаў» — многіх знакамітых дзеячоў мастацтва, літаратуры й навукі аднойчы проста пагрузілі на карабель і выправілі за мяжу. Ленін, аднак, цудоўна разумеў цану гэтым людзям (хоць і называў іх «г…нацыі»). Таму й вырашыў выслаць, што баяўся — людзі з высокім інтэлектам і ўзроўнем культуры могуць прычыніць шкоду хамскай уладзе. Рашэньне, як высьветлілася, уратавала жыцьцё гэтым людзям і прынесла дадатковую славу краінам, якія іх прытулілі.

Але тых, хто пасьля рэвалюцыі скідваў Пушкіна з «парахода сучаснасьці» (як пралеткультаўцы), саміх даволі хутка скінулі з «п’едэсталу». А Пушкін, Талстой, Тургенеў, Чэхаў засталіся запатрабаванымі і ў Савецкім Саюзе.

Сталін ня толькі ведаў, але тонка адчуваў літаратуру — у тым ліку сучасную паэзію і драматургію. Што не перашкаджала яму цкаваць і нават зьнішчаць выбітных літаратараў разам зь сем’ямі. Вядома, аднак, і іншае. Імя Міхаіла Булгакава, напрыклад, хоць і было зьнятае з тэатральных афішаў, спэктакаль паводле ягонай п’есы «Дні Турбіных» («Белая гвардыя») няспынна йшоў на сцэне галоўнага драмтэатру краіны. Сталін не аднойчы сам таемна прыходзіў паглядзець пастаноўку. (На думку некаторых літаратуразнаўцаў, ён нават запазычыў словы аднаго з галоўных герояў п’есы ў сваім знакамітым звароце напачатку вайны: «Братья и сестры! К вам обращаюсь я…»).

Вядомы факт тэлефанаваньня Сталіна Пастэрнаку. Тут гаворка не пра зьмест тых тэлефонных размоваў. Гаворка пра сам факт, які немагчыма нават уявіць у сучаснай Беларусі.

Вядомая фраза Гёбэльса — калі я чую слова культура, хапаюся за пісталет. Вядома й тое, што амаль усе выдатныя пісьменьнікі й мастакі эмігравалі з нацыстоўскай Нямеччыны. Але гітлерскія ўлады прыкладалі намаганьні, каб угаварыць дзеячоў культуры застацца, схіліць іх на свой бок. Зразумела, гэта ня тычылася габрэяў. Кнігі габрэйскіх аўтараў палілі, сярод іншых, на вогнішчах. Але цікавы факт: славуты верш Генрыха Гайнэ «Лярэлея» ў Трэцім райху заставаўся ва ўсіх хрэстаматыях — праўда, з пазнакаю «народная песьня». Нацыстам не прыходзіла да галавы скарачаць гадзіны нямецкай мовы ў школах альбо выкладаць гісторыю на мове якой‑небудзь іншай дзяржавы.

Няможна ўявіць і выказваньняў фюрэра наконт «вершаў» Мана, альбо накшталт таго, што, скажам, Гутэнбэрг жыў у XVIII стагодзьдзі ў Празе.

БЯЗ ВАС — НІЯК
Сайт nn.by робіцца на Вашы грошы. Ахвяраваньне можна перавесьці ў любым аддзяленьні банку, на любой пошце. На банкаўскай квітанцыі ў графе «Від плацяжа» трэба пазначыць: «Ахвяраваньне за Інтэрнэт». У графе: «Атрымальнік плацяжа» трэба пісаць: ПВУП «Суродзічы», УНП 190786828. У графе «Найменаваньне банку» трэба пісаць: «МГД ААТ «Белінвестбанк», вул.Калектарная, 11, Мінск, код 764». У графе «Рахунак атрымальніка» — 3012206280014. Пры перасылцы грошай па пошце тое самае трэба пісаць у рубрыках «Каму» і «Куды».
Раздрукаваць банкаўскую квітанцыю (pdf-файл 38Кб, A4).

Славянскі базар forever

У сучаснай Расеі літаратура й мастацтва перажываюць сёньня ня лепшы час. Дастаткова паглядзець расейскія тэлеканалы. Тым ня менш, у Расеі існуюць шматлікія літаратурныя часопісы, адчыняюцца новыя. Існуе шмат літаратурных, тэатральных і кінапрэміяў, галоўным чынам недзяржаўных. Выходзіць безьліч новых кнігаў, у тым ліку паэтычных, узьнікаюць новыя імёны. З маладымі літаратарамі, у тым ліку — зь людзьмі апазыцыйных ці, прынамсі, нонканфармісцкіх поглядаў сустракаецца Пуцін. Можна лічыць гэта часткай піяр‑кампаніі расейскага прэзыдэнта. Можна назваць ягоную ініцыятыву абвясьціць 2007 год годам расейскай мовы прапагандысцкай акцыяй. Але чаму б кіраўніку суседняй дзяржавы, які апошнім часам імкнецца падкрэсьліць самастойнасьць і сувэрэннасьць сваёй палітыкі, не перахапіць ініцыятыву ды не абвесьціць Год беларускай мовы ў Беларусі?

Многія памятаюць сустрэчу кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі тады яшчэ адзінага Саюзу пісьменьнікаў. І што беларускія пісьменьнікі пачулі ад найвышэйшай асобы? Што ў сучаснай беларускай літаратуры няма твораў, вартых апублікаваньня. Вось калі зьявяцца — тады дзяржава іх падтрымае. Ня ўсе зразумелі тады, што публічная зьнявага была нанесеная ня толькі пісьменьнікам — літаратуры ў цэлым. А тым самым і беларускаму народу, які нібыта ня мае літаратуры, вартай саноўнай увагі. Ды і як народ можа мець годную літаратуру, калі мова, на якой яна ствараецца, не заслужыла, каб ёю размаўляла чынавенства, у тым ліку дзяржаўнае кіраўніцтва? Калі ўвесь час падкрэсьліваецца другаснасьць беларускай мовы ў дачыненьні да расейскай, а беларусы абвяшчаюцца «палепшаным варыянтам» расейцаў? Так бы мовіць, юбэрмэнш, толькі з расейскім акцэнтам.

Ды каб расейская мова й культура былі сапраўднымі прыярытэтамі сучаснай палітыкі ў Беларусі — гэта была б яшчэ палова няшчасьця. Ці шмат мы бачым апошнім часам на тэлеэкранах расейскай ці сусьветнай клясыкі? Ці шмат паказваюць фільмаў паводле Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага, ці перадач, прысьвечаных іх творчасьці? Ці пакажа, цікава, хоць адзін тэлеканал у Беларусі сэрыял «Запавет Леніна» паводле «Калымскіх апавяданьняў» Варлама Шаламава пра ГУЛАГ? (Маштаб і глыбіня таленту гэтага пісьменьніка, 100‑годзьдзе якога нядаўна шырока адзначалася ў Расеі, на думку многіх, не саступае маштабу Салжаніцына.)

Расейскі канал «Культура», на якім можна пабачыць даволі шмат цікавых культурніцкіх праграмаў, у Беларусі даўно ня йдзе — ён стаў непатрэбным, як і культура беларуская. Замест яе людзям навязваецца эрзац‑культура ў выглядзе суцэльнай папсы й пячорнага гумару «Комэдзі клаб».

Поўны эрзац

Сёлета 6 ліпеня 1‑ы нацыянальны (!) канал 125‑годзьдзю Купалы прысьвячае фільм Юр’я Цьвяткова (цяперашняга старшыні Саюзу кінэматаграфістаў) «После ярмарки». З усіх магчымых варыянтаў выбіраецца савецкая карціна 1970‑х гадоў на расейскай мове, пастаўленая паводле матываў (!) знакамітай «Паўлінкі». (Няўжо не засталося ніводнага відэазапісу тэатральных пастановак, напрыклад, Купалаўскага тэатру?) Фільм ідзе ў пятніцу апоўдні. Адразу за ім — дакумэнтальная стужка «Янка Купала». І на гэтым усё.

Галоўнае месца ў эфіры (прайм‑тайм) на юбілейным тыдні займаюць «Славянскі базар» ды «Маёр Ветраў» паводле Мікалая Чаргінца. На канале «Лад» у выходныя дні — спрэс футбол і бокс.

Як казаў некалі адзін дыплямат, «у Англіі ня будзе рэвалюцыі, пакуль там ёсьць футбол». Ангельскіх «фанаў», аднак, ніхто не прымушае сьпяваць брытанскі гімн на стадыёнах — яны пяюць яго самі, са сваёй ахвоты, а не па камандзе, раз на год, у 21:50 у дзень афіцыйнага дзяржаўнага сьвята.

Што тычыцца дзяржаўнага гімну РБ, дык варта нагадаць, што Ўладзімер Карызна — толькі суаўтар тэксту. Словы гімну БССР, пакладзенага ў аснову цяперашняга, напісаў у 1930‑я гады Міхась Клімковіч. Але нядаўна давялося пабачыць на БТ інтэрвію з Уладзімерам Карызнам, які падрабязна распавядаў пра тое, зь якім творчым натхненьнем ён працаваў над тэкстам. Толькі вось свайго папярэдніка суаўтар згадаць забыў. І справа тут ня толькі ў асабістых амбіцыях паэта. Такое ўражаньне, што ўсе сябры новасьпечанага СП на чале з Чаргінцом абсалютна сьвята вераць у тое, што гісторыя літаратуры пачынаецца зь іх. Не са Скарыны, не з Багушэвіча, не з Багдановіча, не з Купалы й Коласа, а менавіта зь іх. Як было шчыра заяўлена ўсяму сьвету ў адным з інтэрвію кіраўніка памянёнага саюзу, у яго ўвайшлі ўсе найбольш выдатныя пісьменьнікі сучаснасьці. Усе — ні больш і ні менш. Перайначыўшы вядомую фразу расейскага клясыка, плынь літаратуры спынілася. Амаль паводле Фукуямы.

Ад сёньняшняга дня літаратураю павінны лічыцца толькі й выключна «вострасюжэтныя творы» Чаргінца, тэксты Ўладзімера Карызны, вершы Аўруціна.

Хутка ў новага СП зьявіцца свая друкарня. Вось ужо тады, напэўна, беларускі народ натоліць сваю прагу да прыгожага пісьменства. Толькі чамусьці здаецца, што ня ўбачым мы чэргаў за бэстсэлерамі Чаргінца ды ягоных таварышаў па літаратурным цэху. Пісьменьнікаў не прызначаюць, імі становяцца. Альбо не становяцца. Датацыю дзяржавы на свае кніжкі атрымаць можна, ахвотных купіць іх не знайсьці — вось дзе праблема.

Няма таго, што раньш было

Хтосьці членаў новага Саюзу, відаць, падмануў. Альбо ім самім падалося, што можна, як за ранейшым часам, займаючы высокае палажэньне ў кіраўніцтве творчай арганізацыі, выдаваць і перавыдаваць свае кніжкі — шматтомнымі выданьнямі ды масавымі накладамі. Ды яшчэ атрымліваць за гэта дзяржаўныя прэміі, дзяржаўныя дачы, мець службовую машыну, «вяртушку» і сакратарку, якая прыносіць табе ў кабінэт шклянку чаю на падносе, накрытую белай сурвэткай. (От жа ж гэтая мара пра шклянку чаю! Асабіста ведаю аднаго журналіста самых лібэральных і дэмакратычных поглядаў, які, атрымаўшы пэўную пасаду, ня змог адмовіць сабе ў задавальненьні займець такую сакратарку.)

Нехта з абраных — дакладней, набліжаных да высокай асобы, можа быць, усё гэта атрымае. Але страшэнна вузкае кола гэтых літаратурных ахоўнікаў рэжыму, страшэнна далёкія яны ад народу. І ад начальства.

Стратэгічная памылка гэтых людзей, якая становіцца ўсё больш відавочнай, палягае на перабольшанай ацэнцы ўласнай значнасьці, а таксама значнасьці сваёй прафэсіі ў вачох сёньняшняй улады. Ім здавалася, што калі яны адолеюць супастата — няверны ўладзе Саюз беларускіх пісьменьнікаў, — дык за гэта будуць узнагароджаныя. Што іх асыплюць з галавы да ног знакамі пашаны ды матэрыяльнымі шчадротамі, амыюць сьлязьмі замілаваньня. А начальства нічым асаблівым не аддзячыла. Ну, адабралі ў старога Саюзу пісьменьнікаў Дом літаратара, дом творчасьці «Іслач», ліквідавалі Літфонд. А шчасьця ў адданых уладзе пісьменьнікаў усё адно няма. Прынамсі, Дом літаратара Адміністрацыя прэзыдэнта нікому аддаваць не зьбіраецца.

З усіх мастацтваў начальства важнейшымі, па‑ранейшаму, лічыць тэлебачаньне і кіно. (Толькі дзе яно, тое беларускае кіно — няўжо Замяталін і кампанія яго створаць?) А яшчэ — візуальнае аздабленьне дзяржаўных сьвятаў альбо «базараў». Ну і маляваньне глямурных фотапартрэтаў, канечне. А да пісьменьнікаў начальства ставіцца ў лепшым выпадку як да абслугі. Абслужыў і — «пшел вон!»

Дый нешта не відаць сярод прэтэндэнтаў на званьне новых сталпоў дзяржаўнай літаратуры асобаў, блізкіх па маштабе сакратарам колішняга Саюзу пісьменьнікаў — Броўку, Мележу, Танку, Шамякіну. Колькі б ні ўставалі прэтэндэнты на дыбачкі — не відаць. І выпуск у сэрыі ЖЗЛ біяграфіяў сёньняшніх літаратурных чыноўнікаў не ўратуе іх ад хуткага забыцьця.

Гісторыя літаратуры не пачалася з СПБ і на ім ня скончыцца. Рана ці позна гісторыя ўсё расставіць па сваіх месцах. І нашыя нашчадкі дадуць сваю ацэнку ня толькі героям афіцыйнай ЖЗЛ, але ўсім нам. Ад нас залежыць, каб нашы дзеці ды ўнукі не вырасталі янычарамі. Ці экспэрымэнт па раскультурваньні нацыі ўжо завяршыўся посьпехам?

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0