Добра памятаю той дзень, дакладней, ноч. Як кандыдат у дэпутаты Менгарвыканкаму ад БНФ, я меў магчымасьць назіраць на сваім выбарчым участку за ўсімі дэталямі рэфэрэндуму.

Піша Сяргей Харэўскі.

Два гады, як я жыву ў новым доме. На адным з паверхаў хтосьці з жыхароў прыклеіў да аконнага адкосу выцятую зь нейкае газэты «Пагоню», а нехта намаляваў абапал губной памадаю бел-чырвона-белыя сьцяжкі. За два гады ніхто й не парупіўся, каб гэткі «аўтарык» сьцерці, хоць і вокны мыюцца, і вазоны на пад’езных падваконьнях даглядаюцца. Падазраю, што мой дом не ўнікальны для Беларусі.

Сям-там не прыбралі дзяржаўных «Пагоняў» нават з афіцыйных установаў. Штотыдзень праяжджаю праз адно мястэчка (называць лепш ня буду), дзе да сёньня красуецца наш герб, прымацаваны на высачэзнай трубе заводу. Безьліч бел-чырвона-белых сьцягоў і выяваў гербу было ўратавана й ашчадна перахоўваецца. Напрыклад, былы пасол у Вільні сп.Вайтовіч загадаў праз паўгоду па рэфэрэндуме эмалевыя табліцы з «Пагонямі», што ў свой час на агульны манер замаўлялі ажно ў Швайцарыі, перагарнуць у праалееную паперу й ахайна перахаваць.

Добра памятаю той дзень, дакладней, ноч. Як кандыдат у дэпутаты Менгарвыканкаму ад БНФ, я меў магчымасьць назіраць на сваім выбарчым участку за ўсімі дэталямі рэфэрэндуму. Таму мая прысутнасьць на выбарчым участку й за ягонымі кулісамі была цалкам законнаю. Са мною была цэлая кампанія бээнэфаўцаў, якія раўніва й пільна сачылі за кожным крокам выбарчае камісіі. Мы сабраліся зусім рана, ці не а 6-й, ды паблажліва назіралі за самымі актыўнымі выбаршчыкамі — пэнсіянэрамі, якія першымі прыйшлі выявіць сваю волю. Адным з маіх супернікаў на дэпутацкае месца быў старшыня кампартыі Новікаў. Таму значная колькасьць назіральнікаў была зь ягонага лягеру. Празь сілу паціснуўшы адзін аднаму рукі, мы больш ні пра што не гаварылі зь імі. Тады гэта здавалася марным.

Я быў сьведкам, што аніякага прымусу не было. Рэфэрэндум, які прайшоў у Беларусі 14 траўня 1995 году, быў насамрэч першым усенародным апытаньнем у гісторыі краіны. Больш за тое, у школе №54, дзе праходзіла галасаваньне па выбарах разам з рэфэрэндумам, было шыкоўна аздобленае транспарантамі фае. На іх ляцелі й ляцелі вершнікі на конях у спавівах бел-чырвона-белых стужак. Нават на шкле дзьвярэй тады былі выявы Пагоні. Вялікі каляровы герб вісеў і ў вэстыбюлі. Па сьценах — навюткія наглядныя пляншэты з цытатамі беларускіх клясыкаў. Словы пра любоў да Бацькаўшчыны й мовы мусілі выхоўваць новую генэрацыю беларусаў. Неяк не прыходзіла нават у галаву, што людзі, пастаяўшы, паглядзеўшы на гэтыя школьныя аздобы, будуць галасаваць супраць сваёй роднай мовы й нацыянальнае сымболікі.Усё было так, як і мусіла быць. Хораша, чыста, усё па-свойму.

Дырэктар школы, абаяльны разумны чалавек, толькі паціскаў плячыма. Маўляў, сьцяг і герб ён яшчэ не зразумеў, а вось жа мову чапаць, бадай, ня варта. Тое самае сказала журналістам і Лукашэнкава жонка Галіна. На ўваходзе віселі агіткі да рэфэрэндуму. Нягеглыя, няякаснай паліграфіі. Дарэчы, узор «новага» гербу быў без чырвонай зоркі. І на сьцягу не было зоркі ў навершы. Але тыя, хто шоў прагаласаваць супраць беларушчыны, нават не ўглядаліся ў тыя эскізы, ня ўчытваліся ў пытаньні. Яны інтуітыўна ведалі, што выкрасьліць. Людзей было безьліч. Ад пільнага ўзіраньня ў іхныя твары мне станавілася млосна. Падчас галасаваньня агітацыя забаронена, а як хацелася пераканаць людзей яшчэ раз, апошні раз…

Мы ўсё супакойвалі сябе, што нават рэфэрэндум нічога ня значыць, што ёсьць Канстытуцыя, Вярхоўны Савет.

Па абедзе наш аптымізм пачаў згасаць. Нарэшце, як зусім сьцямнела, пачаўся падлік. Міліцыя выправадзіла пакрысе проста цікаўных. Дзьверы замкнулі. На даўжэзны кумач, што ўхінаў пастаўленыя ўстык школьныя сталы, пасыпаліся бюлетэні. Напруга была неймаверная. «За» — сюды, «супраць» — сюды. Усьлед іх пачалі яшчэ раз раскладаць, удакладняць. Скончылі. Нібы скончыўся суд і абвесьцілі вырак.

Палагаднелыя камуністы прапанавалі выпіць. У іх інтанацыях зьявілася нават спачуваньне.

Але адразу па рэфэрэндуме думалася пра іншае. Для тых, хто некалі парынаў ад радасьці за вяртаньне нацыянальнае сымболікі ў 1991, гэта была сапраўдная драма. Бяз вартае пашаны нацыянальны сьцяг, на якім прысягалі й якому кляліся ўжо тысячы беларусаў, быў зьняты і разарваны на кавалкі. Але ні яны, ні я ўжо нічога не маглі зьмяніць. Дагодлівыя паслугачы Лукашэнкі паставілі на «сувэніры» свае аўтографы. Думалася, што разам з разадраным рукамі Ціцянкова сьцягам разьдзіраюць само сэрца беларушчыны. Паводле афіцыйных вынікаў, 14 траўня 1995 году за прапанаваныя прэзыдэнтам Лукашэнкам варыянты гербу і сьцяга прагаласавала 48 працэнтаў выбаршчыкаў ад агульнае іх колькасьці. Як ні круці гэтыя лічбы, іншымі яны ня стануць. Дзесяць гадоў таму Лукашэнку, які не набрыняў пачуцьцём самаўладзьдзя, не хапіла нахабства прыпісаць 3%. А сёньня яму няма патрэбы нават у рэфэрэндумах: хоча — сталічныя праспэкты пераймянуе, хоча — падручнікі сам выпраўляе.

За ўсе гэтыя дзесяць год у нас, аднак, не было найбольшае страты. У дэмакратыі беларусы не пасьпелі рассмакавацца за тыя чатыры гады да прыходу Лукашэнкі. Лад, што існаваў да яго, назваць дэмакратычным не выпадае: улада захоўвалася ў руках былое камуністычнае намэнклятуры, бальшыня зь якое засталася ў сваіх жа савецкіх кабінэтах. Не былі дэмантаваныя камуністычныя манумэнты, сымболіка, тапонімы, назвы вуліц. Галоснасьць — яшчэ не дэмакратыя, што высьпявае як жыцьцёвая патрэба ў новых пакаленьнях. А вось жа мова й нацыянальныя сымбалі незалежнае Беларусі сталі галоўнымі знакамі эпохі да дыктатуры. Ня ведаючы да сёньня, што такое дэмакратыя, беларусы, аднак, ужо ведаюць, што такое зьняважаная нацыянальная годнасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0