“Стацкі саветнік” (“Статский советник”)

Расея, 2005, каляровы, 125 хв.

Жанр: дэтэктыў, прыгоды

Адзнака: 4 (з 10)

“Гульні скончыліся”, — абвяшчае рэкляма фільму “Стацкі саветнік” паводле раману Б.Акуніна. Разам з гульнямі аўтакратыі і баявой арганізацыі эсэраў, на якія палюе Эраст Фандорын, — скончыліся й намёкі на жыцьцё.

Стужка Філіпа Янкоўскага — братняя стацкая магіла як імпэрыі, так і яе зьнішчальнікаў. Гэта мёртвае кіно, якое цудоўна імітуе праўду.

Рытм карціны дынамічны, і ў ім ёсьць усё — акрамя аўры жывога, акрамя глытка кінапаветра. Рэжысура правільная й неў¬прыкмет трупная — аніводнай шурпата-цёплай сцэны, аніводнай недарэчнасьці, аніводнага моцнага мантажнага стыку.

Усе пэрсанажы фільму вылеплены зь нянавісьці і расстаўлены паводле ранжыру, а каб роспач і разгубленасьць сучасных расейскіх эліт ня кідалася ў вочы, фігуры замаскаваныя гістарычнымі строямі й дэтэктыўнай інтрыгай.

Брыдкімі й мёртвымі выглядаюць тэрарысты-эсэры. Расейская інтэлігенцыя, якая змагалася “за шчасьце народнае”, паўстае ў фільме як падпольна-недарэчная паскудная істота, вартая таго, каб ёй плюхнулі ў твар кіслатой.

На процілеглым полюсе — асыцела-летаргічны князь Даўгарукі (Алег Табакоў), атупелыя маскоўскія чыноўнікі, непрыемна-сьлюнявы кіраўнік філёраў і сапраўдная радасьць: Мікіта Міхалкоў у звыклай для сябе ролі абаяльнага нягодніка. Хоць яго князь Пажарскі — самая жывая істота карціны (асабліва добра глядзіцца ў жаночай лазьні), унутраная спустошанасьць князя (з вонкавай буфанадай) — гарантыя ягонай сьмерці. Але каралём трупаў зьяўляецца ў фільме Алег Меншыкаў: Фандорын бледны, нерухомы, зьнямогла выпраўлены, нават заіканьне пэрсанажа — не праява жыцьця, а ганаровая памылка дзяржаўнай машыны.

Не дапамагаюць ажыўленьню й цытаты: Фандорын раскладае карты, як Штырліц, а аднавокі дурны паліцмайстар (Фёдар Бандарчук) — чарговы варыянт гестапаўца Айсмана.

Імпэрскае расейскае кіно было запачаткаванае “Сібірскім цырульнікам” Міхалкова — у “Стацкім саветніку” гэтае кіно даходзіць да стадыі муміфікацыі. Увасобленая ў кіно грызьня “маскоўскіх” і “піцерскіх”, бязьвер’е — і сьвядомая служба подласьці, што зьнішчае душу.

Калі “Сібірскі цырульнік” быў сьведчаньнем нэаімпэрскага павароту ў Расеі, то “Стацкі саветнік” — сьведчаньне вычарпаньня пуцінскага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0