Чуткі пра падпольную прэм’еру Купалаўскага тэатру разьляцеліся імгненна. Усе ведалі, што рэжысэр Уладзімер Шчэрбань (у рэпэртуары тэатру ягоныя п’есы «Налу», «Падступства і каханьне») падрыхтаваў нешта нечаканае.

П’еса не падпала пад фармат ніводнага менскага тэатру. Толькі за дзень да прэм’еры ўдалося знайсьці пляцоўку — у кавярні «Графіці». Ля барнай стойкі, у цыгарэтным дыме — прэм’ера.

Не зважаючы на «падпольнасьць» імпрэзы, у невялічкую залю набілася багата народу. На самых выгадных месцах разьмясьціўся тэатральны бамонд — Барыс Луцэнка, Андрэй Курэйчык, кінарэжысэр Уладзімер Арлоў. Астатнія стаялі — хто з куфлем піва, хто са шклянкай соку, хто зь відэакамэрай.

Шчэрбань выходзіць на імправізаваную сцэну і рыхтуе гледачоў да дзеі. Ён ужо мае вопыт «паўлегальных» пастановак — летась на «кансьпіратыўнай» сцэне адбылася прэм’ера п’есы «Скандальныя паляроідныя здымкі». Цяпер рэжысэр Купалаўскага тэатру прэзэнтуе п’есу пад назвай «Псыхоз 4.48» паводле твору Сары Кэйн. У гэты ж час узад-уперад па ўсім «пэрымэтры» сцэны ходзяць акторкі Купалаўскага тэатру Яня Русакевіч і Вольга Шанцына. Нехта побач камэнтуе іх зьяўленьне з абазнаным выглядам: «Выбралі самых прыгожых «купалаўскіх» дзяўчат». Потым распачынаецца 80-хвілінная дзея.

У самім творы Кэйн аповед вядзецца ад адной асобы — звар’-яцелы самазабойца разважае ўслых перад тым, як зрабіць сабе сьмерць. Шчэрбань расклаў маналёг на дзьве асобы, у выніку чаго дзея атрымался больш дынамічнай. Акторкі крычаць несваімі галасамі, рыкаюць, хрыпяць, коўзаюцца па падлозе, брыдкасловяць (часам, праўда, няўпэўнена). Маналёг адной пра тое, што гэта яна «душыла габрэяў у газавых камэрах, забівала курдаў і бамбіла арабаў, гвалціла маленькіх дзяцей», падхоплівае другая: «Хрыстос мёртвы, а манахі ў экстазе…» Пасьля адна проста разяўляе рот, а другая прамаўляе. Блізіцца 4.48 — дакладны час самазабойства. Па камандзе рэжысэра сьвятло гасьне: «Я паміраю замест таго, каму ўсё роўна, за таго, хто ня ведае…» Акторкі здымаюць зь сябе адзеньне і сыходзяць…

Тэатральныя крытыкі ў захапленьні. У кулюарах вядуцца размовы пра тое, што гульня Яні й Вольгі — звышвыдатная. Барысу Луцэнку не спадабаліся, праўда, частыя зрывы на крык. Але ўсе спэцыялісты прызналі п’есу падзеяй у тэатральным жыцьці. Рэжысэру пакуль давядзецца задаволіцца толькі маральнымі дывідэндамі і марыць пра той час, калі ў беларускім мастацтве зьявіцца прастора для сьмелых экспэрымэнтаў. Больш шырокая, чым пляцоўка клюбу-кавярні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0