Нядаўна заўважыў цікавую рэч: у гульнях, асабліва дзе трэба нешта выбіраць, беларусам супрацьстаіць вялікі розум.

Ток-шоў «Выбар». Пытаньне «Ці хочаце Вы служыць у войску?» «Цьфу, плёвае пытаньне, — думае вялікі розум. — Маладыя беларусы павінны хацець… Канечне, адкажам так». На экране пачынаюць скакаць лічбачкі — велізарная маса людзей хоча ісьці ў войска.

«Каго б гэта паслаць на «Эўрабачаньне?», — думае вялікі розум. — Мне даспадобы «Аляксандра і Канстанцін». Прагаласую». Скачуць на экране лічбачкі — Натальля Падольская на «Эўрабачаньне» ня едзе.

Праз год зноў «Эўрабачаньне». «За каго прагаласаваць? Гімн нейкай аранжавай рэвалюцыі? Ня наша песьня. Ёй ні бала не даваць!»

Гуляе вялікі розум, доўга, аддана. Ён шчыра верыць, што гульні створаны для перамог і для пераможцаў, што жыцьцё — гэта гульня. І сапраўды, гульня зь вялікім розумам — гульня з сыстэмай — падмяняе сабой рэчаіснасьць, фармуючы сьветаўспрыманьне гульцоў і прымушаючы іх думаць, што па-за ёй нічога не існуе.

Але незалежна ад тыпу гульні слабы ўдзельнік не заўжды застаецца пераможаным. Шматлікія паразы выклікаюць крыўду, і яна ўсё запасіцца. Што робяць баксэры, якіх увесь час перамагаюць? Некаторыя пачынаюць зацята трэніравацца, каб стаць больш загартаванымі, больш моцнымі, для таго каб наступным разам «сабрацца» і павесьці на рынгу Вялікую Гульню па сваіх правілах. Часта перамога — непрадказальна, але чакана — прыходзіць да такіх спартоўцаў. Галоўнае — стаць больш моцным, упартым, хітрым і паверыць у сябе, перастаўшы баяцца суперніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0