Знакі прыпынку

Тут непадалёку ў бок Ramsinniemi (у Хэльсынкі, Фінляндыя) гатэльчык ёсьць невялічкі, мы са Стасем (унукам) празь лясок туды на мора ходзім. Ад гатэльчыка спускаесься на пірс дашчаны, зь якога даў нырца — і паплыў… Зручней, чым ісьці да глыбіні па камянях ад берагу.

За ўсё лета (а такога сонечнага і цёплага, нават сьпякотнага лета не было ў іх, кажуць фіны, ці сто гадоў, ці ніколі) ніхто нас ні разу не спыніў, не пераняў, а гэтым разам пераймае жанчынка і тлумачыць, што хадзіць нам сюды нельга, бо гэта прыватныя ўладаньні. Ну, я прабачыўся, сказаў, што лічыў, паколькі гатэль… а калі не — дык не.

Ідзём дахаты, дарогай тлумачу Стасю, што хадзіць сюды болей ня будзем, бо тут усё прыватнае. Шпунт малы спыняецца, недаўменна азіраецца назад і пытае:

— І мора?..

Тое самае і мне, прабачаючыся, карцела спытаць у жанчынкі. Толькі не як чатырохгадоваму дзіцяці, а як савецкаму чалавеку.

* * *

Савецкая сьвядомасць (хай сабе нельга, але калі хочацца, дык можна) найбольш раздражняецца драбязой.

Тут у другі бок праз другі лясок ёсьць і пірс, і пляж, і мора — для ўсіх. На беразе альтанка, у якой можна кілбаскі ці мяса падсмажыць, а каля яе кафэ маленькае. Са знаёмым, які зь Піцеру прыехаў, узялі піва і кілбаскі ў краме — сядзім, п’ём, смажым… Піва скончылася, дакупілі ў кафэ, пайшлі ў альтанку. Бяжыць з кафэ гаспадыня: «Нельга!..» Што нельга?.. Аказваецца, піва, купленае ў кафэ, можна піць толькі ў кафэ ці за столікамі побач. А ў альтанцы п’юць толькі прынесенае з сабой…

«Чаму так?..»

Яна і сама ня ведае, чаму так, але і высьвятляць з намі не зьбіраецца, чаму… Нельга — і ўсё.

Для нас гэта ідыятызм, і мы пачынаем даводзіць ёй, што гэта ідыятызм, шукаем спачуваньня наўкол, але нам не спачуваюць. «Нельга — і ўсё». Два фіны, зь якімі амаль па-сяброўску мы толькі што размаўлялі, адсоўваюцца і пазіраюць калюча.

Найлепей, не спрачаючыся, перайсьці зь півам пад парасон каля кафэ, там ня горш. Дык не: мы выліваем піва на траву за альтанкай…

На пратэст наш ніхто і ніяк не рэагуе. Вылілі дык вылілі, гэта можна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0