Сэрца танка
Пяцьдзясят сем год таму па гэтых пагорках за-хопнікі рваліся да сэрца нашай Радзімы — Ерусаліму. Цяпер тут, ля вунь таго манастыра маўчальнікаў, знаходзіцца танкавы музэй…
Густа нафарбаваная гід праводзіла экскурсію для новых рэпатрыянтаў з краін СНД. У аўтобусе былі выхадцы з Украіны, Расеі, Прыбалтыкі і Юра Зайцман.
— Ну, за сэрца наша, за Ерусалім, — сказаў Юру сусед з Харкава. З кплівага тону экс-харкаўчаніна стала зразумела, што найпазьней праз год ён будзе стыкаць чарку за новае сэрца сваёй Радзімы — хутчэй за ўсё, за Манрэаль. Гарэлка была на «пяцёрку» па стобальнай сыстэме. Аўтобус спыніўся.
— Сама не куру і вам ня раю, — гід няўхвальна паглядзела на яшчэ «адтуль» прывезены пачак «Горадні». — І да таго ж ня нашай вытворчасьці.
Юра сарамліва схаваў цыгарэты. Стала ніякавата. Юра пачуўся здраднікам сваёй новай Радзімы праз тое, што правёз пяць блёкаў імпартнай «Горадні» ды такім чынам не падтрымаў айчынных вытворцаў тытуню. Але ж і старой Радзіме ён здрадзіў які месяц назад, калі памяняў свой сіні «пашпарт-паспорт-passport» на ізраільскі «тэўдат зэгут» у блакітнай вокладцы. Тут яшчэ ў галаву ўроіліся недарэчныя думкі пра чырвоную кніжыцу зь сярпом і молатам, якую ён здаў у АВІР пару год таму. Колькасьць здраджаных Юрам радзім павялічвалася да трох.
— Панове! Мы знаходзімся ў музэі пад адкрытым небам. Тут выстаўлены танкі, якія бралі ўдзел у араба-ізраільскіх войнах. Доўгі шлях прайшла наша краіна, перш чым…
Дагледжаныя ізраільскія танкі-вэтэраны амэрыканскай і францускай вытворчасьці прыгожа шыхтаваліся на вялікім пляцы. Пераможна сьвідравалі рулямі неба. Зіхацелі, як велізарныя смагарды, сьвежапафарбаванай бранёю.
— …але ня ўсе на Блізкім Усходзе жадаюць міру, панове!
Гэтак, пад энэргічнае ціўканьне гіда, група экскурсантаў пакрысе наблізілася да задворкаў музэю. Тут было брудна, ды моцны вецер ганяў газэціны і ашмёткі цэляфану.
— А гэта выстаўлена зброя нашых ворагаў, — растлумачыла гід.
Танкі, якія стаялі на задворках, вылучаліся сярод астатніх — занядбаныя, завэдзганыя гразёй, пабітыя плямамі ржы. Супрацоўнікі музэю абы-як пафарбавалі іх у недарэчны чырвоны ці блакітны колеры. Зброі ворагаў тут яўна не любілі, бо танкі на заднім двары былі падобныя да бяздомных клоўнаў.
Неспадзёўкі Юра заўважыў, што ворагі нашы ваявалі на танках нашай вытворчасьці — на легендарнай «Тэ-трыццацьчацьвёрцы», на «Т-54» ды на «Т-62».
Падыходзіць бліжэй. Пяшчотна вядзе рукою па ржавай гусеніцы. Лашчыць позіркам адтуліны для даўно адкручанай оптыкі. Па-сяброўску ляпае па дзіравым паліўным баку. І забываюцца злыбеды. І нясецца Юра назад у часе. Ён — зусім яшчэ зялёны спэцыяліст на заводзе па вырабе аптычнага аснашчэньня для танкаў. Водары п’янкое вясны — чатырохкапеечных піражкоў зь яйкам, самаробных джынсаў з Грушаўкі, леташняга лісьця з зацішных куткоў Батанічнага саду — усе водары разам і кожны зь іх паасобку мяшаюцца з пахам алівы, які точыцца з танка, прыгнанага для экспэрымэнтальных распрацовак проста ў цэх. І складаецца ў паветры магічная формула парфумы «Менск, 70-я», парфумы, якую цяпер рэдка дзе можна дастаць — паспрабуйце хіба што ў летуценных аддзелах мройных унівэрмагаў гандлёвага аб’яднаньня «Настальжы-каап».
Вандроўкі ў часе спыніў чырвоны колер. Адкуль гэтая ідыёцкая афарбоўка, чаму ржа на брані, за што ж яму такая зьнявага? Нявыкрутка з цыгарэтамі, наяўнасьць мноства радзім, але адсутнасьць сапраўднага дому, выгляд згвалтаванай бранятэхнікі (яго бранятэхнікі!) канчаткова спляліся ў Юравым сэрцы шчымлівым клубком крыўды і неспатольнага жалю. Аднак не за сябе і не да сябе. Дзіўным чынам пачуцьці перанесьліся на танк. Юру стала шкада жалезную машыну, як чалавека, як уласнае дзіцятка. І гэтае шкадаваньне вырвалася вонкі. Юра загаласіў:
— Родненькі, любанькі, чаго ж ты да Ерусаліму не дайшоў?!
І моцна абняў рулю.
Гід ажна папярхнулася.
— А-ах ты, прадажнік… Найміт… Я выганяю вас з экскурсіі!
Але Юры было не спыніць, не стрымаць. З порсткасьцю, якой ніхто не чакаў ад сталага чалавека, ён ускараскаўся на гусеніцу, рыўком адчыніў непрывараны люк і зьнік у танкавым чэраве. Праз імгненьне адтуль данеслася:
— Хрэн я адсюль вылезу!
Барвовая ад разьюшанасьці, гід кінула групу ды пашыбавала па паліцэйскіх, якіх хапала на тэрыторыі музэю, бо сюды на ўрачыстасьці, прысьвечаныя Дню Незалежнасьці, прыехаў сам прэм’ер-міністар. Выслухаўшы ўвесь аповед, сяржант весела закрычаў у рацыю:
— Шымон, Шымон, у нас тут арабскі танк зь нейкім шаленцам! Прыяжджай — парагочам.
«Я так і ведаў — яны ўжо на танках, — сказаў сам сабе глухаваты Шымон, недачуўшы больш за палову. Грубым паліцэйскім ботам ён раструшчыў недапаленую цыгарэту. — Лезуць, шагіды. Мала ім тут усыпалі ў косьці 57 год таму». Шымон, былы артылерыст, удзельнік чатырох войнаў, заўсёды чакаў ад «іх» нечага такога. І ў этэр панеслася: «Арабскі танк… прэм’ер-міністар… замах… джыгад… тэрарысты…»
Не марнуючы ні хвілі, Генштаб паслаў у бок музэю БТРы і войскі спэцпрызначэньня. Гэтымі сьвяточнымі днямі ў Генштабе штохвіліны чакалі ад «іх» нечага такога. Уся краіна чакала нечага такога. Руйнуючы агароджу сумежнага з музэем манастыра і прасуючы коламі кветнік ігумена, БТРы абкружылі тэрактыўны танк.
Тым часам, седзячы ў кабіне, Юра пачаў сьпяваць. Выбар паў на «Перапёлачку». Словы Юра ведаў кепска — з усёй песьні адно двухрадкоўе:
Як у перапёлкі забалелі крылцы,
Ты ж мая, ты ж мая, перапёлачка.
Каб было што сьпяваць, памяняў другім разам «крылцы» на «дзюбку». Потым — «вочкі» на «ручкі». Калі скончыліся часткі цела, Юра перайшоў на апяваньне ўнутраных органаў дашчэнту хворай птушкі — у перапёлкі па чарзе пачалі балець ныркі, глянды і печань. Гукі песьні, перакручаныя і ўзмоцненыя сьценкамі танка, несьліся над музэем ваяўнічымі мантрамі садамхусэйнаўскіх легіёнаў.
Прадстаўнік асобага аддзелу «Шабака» па перамове з тэрарыстамі — чорныя акуляры на арліным носе — накіраваў у бок Юравага танку мэгафон. Гучнагаварыцель засыкаў, і адтуль вырвалася:
— Салям алейкум!
— Як у перапёлкі забалелі зубы…
«Тэрарыст на перамовы не ідзе, пагражае», — нэрвова панеслася ў этэр. Прэм’ер-міністра з усёй сьвітаю тэрмінова эвакуявалі ў сутарэньне манастыра маўчальнікаў. Ігумен, разьюшаны грубым уварваньнем, закусіў кулак, каб не парушыць зароку маўчаньня. У неба паднялася эскадрыльля «Ф-16» і верталёт.
Празь сем кольцаў ачапленьня дарэмна намагалася прарвацца гід:
— Панове! Ён, канечне, здраднік, але не падумайце па ім страляць. Гэта негуманна.
Нейкі зух са спэцпрызнача скруціў гіда і сілаю пацягнуў упрочкі. Гід абурылася:
— Хлопцы, што вы робіце? Я ж свая.
Але хлопец толькі мацней учапіўся ў гіда і нават неўпрыкмет піхнуў яе прыкладам у сьпіну. Гід атарапела — нашы білі сваіх.
Песьня спынілася, і з танка пачулася:
— Адпусьці гіда, гад! Зайцман жартаваць ня любіць.
І прадоўжыліся сьпевы.
Гукаўлоўныя рэтрансьлятары імгненна пераслалі Юравы словы ў Генштаб, дзе група стратэгічных перакладчыкаў пераклала іх на іўрыт («тэрарыст выстаўляе ўмовы»). Праз дваццаць сэкундаў гіда адпусьцілі. А празь семдзесят дзеля ўсякай бяды на баявую варту выйшлі тры атамныя субмарыны.
— Як у перапёлкі забалелі жабры…
Турнуўшы манахаў разам з ігуменам, у кельлях заселі снайпэры. Запанавала злавесная ціша. Нешта павінна было адбыцца.
І тут зьнянацку ажыў этэр: «Ігумен манастыра маўчальнікаў… прэм’ер-міністра… за горла… «Задушу», — крычыць… і душыць, тэрарыст!..»
Калі ўсе разьехаліся, разьляцеліся ды расплыліся ратаваць прэм’ера, ля танка засталіся двое: жаўнер унутраных войскаў, каб вартаваць, і гід з размазаным ад сьлёз макіяжам.
— Аб чым ён сьпявае? — спытаўся жаўнер ды павярнуў галаву ў бок жанчыны. Нізкае сонца асьвяціла яго смуглы твар.
Гід уважліва паглядзела на жаўнера і глыбока зацягнулася пазычанай пэлмэлінай.
— Аб, аб… Табе не зразумець.
Потым ціхенька дадала:
— І мне таксама…
Паміж Аялёнскай далінаю ды падножжам Ерусалімскіх гор з чырвонага ў жоўтыя яблыкі танка неслася Юркава песьня, бясконцая і аднастайная, як Юдэйская пустэльня. А ў мора, дзе дрэйфуе выспа Кіпр, распаленай дзесяцішэкелевай манэтаю закацілася-завалілася вечаровае сонца.
— …Як у перапёлкі забалела сэрца…