03.06.2005 / 13:00

Швэды абяцаюць вярнуцца на дракарах

5—27 траўня ў Полацкім унівэрсытэце прайшоў міжнародны сэмінар «Панарама Дзьвіна/Даўгава» з удзелам прадстаўнікоў Швэцыі, Латвіі, Польшчы і Францыі.

Адзін з ініцыятараў правядзеньня форуму, прэзыдэнт швэдзкага Інстытуту культурнага турызму Арнэ Элефорс, наступным чынам растлумачыў яго мэту: рэгіён беларуска-латыскага Падзьвіньня — пэрспэктыўная зона міжнароднага супрацоўніцтва ў сфэры эканомікі, навукі, культуры, экалёгіі і турызму. Таму ўдзельнікі сэмінару павінны выпрацаваць канкрэтныя пляны і стратэгію паўставаньня Дзьвінскага эўрарэгіёну. Імкненьне падмацавалі дамовай аб намерах. Свае подпісы пад дакумэнтам паставілі намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Навацкі, губэрнатар швэдзкага Готлянду Марыяна Самуэльсан і выканаўчы дырэктар Даўгаўпілскае рэгіянальнае рады Віталійс Айзбальтс.

Вітаем вас у калысцы беларускай дзяржаўнасьці

На адкрыцьці сэмінару ў прамовах мясцовыя ўлады казалі пра даўнія традыцыі швэдзка-беларускіх стасункаў, пачынаючы ад часоў Полацкага княства. Прадстаўнік аблвыканкаму У.Навацкі сказаў, што «Полацкае княcтва вядома сваёй незалежнасьцю і самабытнасьцю». Калі гэтыя словы перакласьці з чыноўнічай мовы на больш простую, дык выйдзе наступнае: Полацкае княcтва было першай беларускай дзяржавай, якая істотна адрозьнівалася ад тагачасных іншых суседніх краін, у тым ліку і ўсходнеславянскіх. Прынамсі, у гэтым пытаньні пазыцыя прадстаўнікоў сёньняшняй улады і апазыцыі цалкам супадаюць.

У Полацак на дракары

На востраве Готлянд у Балтыйскім моры дасьледчыкі знайшлі найбольш, у параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі Швэцыі, археалягічных помнікаў і артэфактаў часоў вікінгаў. Кіраўніцтва выспы выкарыстала гэта напоўніцу — выспа ператварылася ў турыстычную Мэку. 2005 год тут названы годам вікінгаў. Для турыстаў інтэнсіўна адбудоўваюцца паселішчы, растуць гатэлі. Турыстычныя маршруты пракладаюцца ва ўсе кірункі сьвету — куды толькі траплялі вараскія дракары, нават на канадзкі Ньюфаўндлэнд. Для цікаўных ладзяцца турыстычныя туры па месцах археалягічных раскопак.

Губэрнатар востраву Марыяна Самуэльсан, выступаючы на сэмінары, сказала, што як толькі пачула, што плянуецца візыт у Полацак, дык адразу ў яе нарадзіўся плян вандроўкі ў старажытную сталіцу крывічоў на вараскім караблі. Пані Самуэльсан упэўнена, што яе мара спраўдзіцца.

Карлсан нам дапаможа

Беларускія выступоўцы апавядалі пра гісторыю стасункаў Полацкага княства са Скандынавіяй, зазначаючы, што стасункі былі інтэнсіўнымі і працяглымі, а таксама што кантакты са скандынавамі плённа адбіліся на жыцьці Падзьвінскага краю.

Госьці дзяліліся вопытам у галіне культурнага турызму. Арнэ Элефорс тлумачыў: спачатку кліента трэба ўразіць, а затым выклікаць цікавасьць. Як прыклад ён прапанаваў наступны варыянт выкліканьня ў швэда цікавасьці да радзімы Марка Шагала. Аказваецца, мастачка, што ілюстравала ў Швэцыі казкі пра Карлсана, натхнялася карцінамі Шагала. Таму ў яе ілюстрацыях багата запазычаньняў і матываў ад сусьветна вядомага майстра. Чаму б ня зьезьдзіць у Віцебск і на свае вочы не паглядзець шагалаўскія краявіды? Бо самі карціны Шагала трэба глядзець у Парыжы.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру