Судзьдзя пагадзіўся з патрабаваньнем пракурора: Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча асудзілі на тры гады абмежаваньня волі. Паводле амністыі да 60-годзьдзя Перамогі тэрмін скасаваны на год. З “хіміі” яны выйдуць у 2007-м, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Севярынец казаў, што калі прыехаў паступаць у Менск, то вагаўся: ісьці вучыцца на хімічны факультэт ці на геаграфічны. Паступіў на геаграфію, але хімія (нават у такім пачварна-карыкатурным выглядзе) яго ўсё ж наздагнала… Апошні дзень вясны стаў апошнім днём суду над Севярынцам і Статкевічам. У залю суду трапілі ня ўсе, бракавала месцаў. Павал перад пачаткам пасяджэньня спрабаваў хоць неяк рассадзіць журналістаў і дзяўчат. Потым — амэрыканскіх дыпляматаў. Праваабаронца Людміла Гразнова сумна жартавала: “Павал арганізуе працэс над сабой!”

Мікола Статкевіч, якога перад пачаткам пасяджэньня прывезьлі са спэцпрыёмніку, вітаўся са знаёмымі. Не зважаючы на галадоўку, палітык ня страціў аптымістычнага бляску ў вачах. Статкевіч папрасіў цыгарэту і зазначыў, што галадаць будзе да часу свайго выхаду на волю (са спэцпрыёмніку яго выпусьцяць раніцай 3 чэрвеня).

На пачатку пасяджэньня судзьдзя Ясяновіч традыцыйна пытаецца ў Статкевіча, ці не зьмяніў той свайго стаўленьня да суду. “А што, за выходныя суд у нашай краіне стаў больш незалежным?” — парыруе палітык. Пасьля чаго гучыць загад выдаліць Статкевіча да 14 гадзін — да вынясеньня прысуду.

Апошняе слова Паўла Севярынца заняло каля 20 хвілін. Ён не прызнаў сябе ні ў якай ступені вінаватым. “Ніякага крыміналу ў дзеяньнях людзей 18—19 кастрычніка не было. Што, на Кастрычніцкай плошчы сабраліся тысячы хуліганаў? На затрыманых ёсьць характарыстыкі ад участковых, зь месцаў працы. І гэта выдатныя характарысткі. 18 кастрычніка ў Менску сабралася эліта беларускай нацыі. Мне ня сорамна, што я быў сярод гэтых людзей і разам зь імі”. Асноўнымі ж віноўнікамі падзей Павал назваў тых, хто прыдумаў і арганізаваў “рэфэрэндум”, хто назваў “выніковыя лічбы”.

Паводле слоў Севярынца, асноўнымі парушальнікамі закону выступілі акурат прадстаўнікі ўлады: “Што рабілі рэгуліроўшчыкі ДАІ? Як было агучана сьведкамі, яны перамаўляліся па рацыях, заміж таго каб рэгуляваць рух. Аўтобус з АМАПам спыніўся на самым пешаходным пераходзе, і людзі вымушаныя былі пераходзіць вуліцу побач. А потым гэта таксама кваліфікавалі як парушэньне”.

Дзеяньні ўладаў (затрыманьні ўдзельнікаў акцыі, зьбіцьцё Анатоля Лябедзькі, прысутнасьць правакатараў зь півам, якіх удзельнікі акцыі самастойна выдалялі, ды інш.) Севярынец назваў правакацыйнымі. “Мяне 18 кастрычніка затрымалі, а потым выпусьцілі, сказалі: ёсьць загад не затрымліваць. Чаму? Калі парушаеш закон, то затрымаць абавязаныя. Ці не таму мяне адпусьцілі, што ў гэты дзень у Менску былі міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі міжнародных арганізацый? А 19-га гэты “дзень дэмакратыі” скончыўся, бо міжнародныя назіральнікі зьехалі. Гэта называецца двайнымі стандартамі”.

У сваім заключным слове Павал ўказаў на хібы абвінавачаньня, выяўленыя падчас апытаньня сьведкаў: супрацоўнікі гарадзкога аўтатранспарту сьведчылі, што затрымак руху ў той дзень не было. “У сухой рэшце застаецца толькі пераход вуліцы”. Калі Павал скончыў прамову, у зале раздаліся аплядысмэнты. “Прысутныя, напэўна, забылі, што яны не на мітынгу, а ў зале суду, — выказаў незадавальненьне судзьдзя. — Калі такое паўторыцца, я выдалю ўсіх прысутных”.

Зрэшты, судзьдзю довады Севярынца не пераканалі. Ясяновіч абмежаваўся толькі заключнай часткай і “ўклаўся” ў пяць хвілін. Хадаркоўскаму прысуд зачытваўся 11 дзён.

Суровы вырак у зале сустрэлі выгукамі “Ганьба!”. Статкевіч паабяцаў, што гэты працэс абавязкова ўвойдзе ў гісторыю. Статкевіч і Севярынец маюць 10 дзён на абскарджваньне прысуду. Пакуль іх не паставяць на ўлік у спэцкамэндатуры па месцы адбываньня пакараньня, яны зьвязаныя падпіскай аб нявыезьдзе.

З суду дакладаў Аркадзь Шанскі.

Маці Паўла Севярынца: Павал вытрымае

Як паставіліся да судовага выраку сваякі Статкевіча і Севярынца?

Валянціна Статкевіч: “Як вы хочаце, каб жонка паставілася? Пачварна — за выступ на мітынгу так караць. Вядома, што гэта палітычная справа. Учынкі нашага прэзыдэнта мяне шакуюць. Я была на судзе, я бачыла, як судзьдзя сядзеў і маляваў пальцам кружочкі на нейкай там кнізе, а пасьля яму нешта не спадабалася ці спадабаўся выступ Паўла Севярынца, ён усьміхнуўся так скептычна, маўляў, вы тут гаварыце, гаварыце, а мы пасьля ўстанем і скажам, які прысуд, — так і адбылося. Мікола вытрымае, ён мужны чалавек. Вядома, што нам будзе цяжка. Мне будзе цяжка безь яго і яму безь мяне таксама. Але ён вытрымае. Палітыка для яго справа найважнейшая, справа жыцьця”.

Маці Паўла Севярынца Тацяна працуе настаўніцай у школе: “Гэта беззаконны акт — вось маё стаўленьне да суду, да ўсяго, што было. А сам прысуд у гэтай сыстэме, у якой мы жывём, і што мы чакалі, дык я памалілася, таму што я вельмі баялася, што, можа, у якую калёнію адправяць, гэта цяжкавата было б, ну а «хімія» — перажывём, што ж рабіць, можа, што і зьменіцца за гэты час. Павал вытрымае… Ён моцны чалавек, ён духоўна багаты, ён ведаў, на што ішоў, і ведаў, што яно так і будзе. Карацей, я малюся, што здарылася так. Два гады — мнагавата, я думала, што скасьцяць болей, бо амністыя. Але год дык год. Ну два гады, я ўжо падлічыла, хлопцу майму будзе 30 у той час, калі ён будзе свабодным, пасталее. Галоўнае, каб здароўе было, будзем падтрымліваць яго, гэта безумоўна”.

Паводле svaboda.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0