Прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Фядуты «Лукашэнка: Палітычная біяграфія» адбылася 6 чэрвеня ў цэнтры сталіцы (арганізатары прасілі не паведамляць дзе).

У ёй узялі ўдзел аўтар, кіраўнік праекту Яўген Будзінас і дабрадзей Аляксандар Казулін. А.Казулін: «Фядута стаў неўміручым». Наступным выданьнем «Волі народу» стане Поўны збор твораў Быкава.

Яўген Будзінас, кіраўнік праекту і рэдактар, расказаў пра чуткі, якімі пачала абрастаць кніга. Як высьветлілася, аніякіх супярэчнасьцяў паміж Фядутам і Казуліным ужо няма. Лягатып руху «Воля народу» зьявіўся на частцы накладу, бо Казулін аплаціў выданьне й мае права на сваю «рэкляму». «Гістэрыку» аўтара выданьня выклікала стома. Наагул сп.Будзінас цалкам задаволены вынікам праекту, які каштаваў астранамічных па беларускіх мерках грошай. Да таго ж ён упершыню знайшоў у Беларусі чалавека, які яго «цалкам зразумеў» у выдавецкіх плянах, — Казуліна.

Завочную сварку Фядуты на Казуліна Будзінас лічыць знакавай: «Лепей пачуць лаянку ад Фядуты, чым ухвалу. Калі Аляксандар каго пахваліць — дык мы тады ўсёй краінай дзесяць гадоў расхлёбваем…» Фядута парыраваў: «Я не вінаваты, што станоўчы вынік маёй дзейнасьці становіцца адмоўным вынікам для краіны — краіна такая!»

Для самога Будзінаса кніга стала юбілейнай з выдадзеных — сотай. Выданьне ён назваў «вельмі сур’ёзнай кнігай, якая ўпершыню спрабуе прааналізаваць, што ж за фігуру мы маем». На ягоную думку, гаворка ідзе не пра «выпадковага прэзыдэнта»: «Выпадковасьці, якія працягваюцца 10 гадоў, маюць сацыяльны, псыхалягічны, палітычны характар. Лукашэнка — гэта зьява, працэс найскладанейшы ў сваёй сутнасьці».

Аляксандар Казулін адзначыў, што кніга ўжо стала бэстсэлерам, прызнаным, прынамсі, уладамі: аўтамабіль, які перавозіў афіцыйна выдадзены твор, быў спынены міліцыянтамі і частка накладу — арыштаваная. Прычым на кіроўцу, грамадзяніна Расеі, нават ня склалі пратаколу: не знайшлі, да чаго прычапіцца — кніга выдадзеная абсалютна афіцыйна. Ужо цяпер яна разыходзіцца па рэгіёнах Беларусі. Прытым — бясплатна: такая ідэя казулінскага руху «Воля народу». Экс-рэктар БДУ высока ацаніў працу: «Фядута, выдаўшы гэтую кнігу, стаў неўміручым».

На пытаньне, навошта ўкладаць грошы ў выданьне кнігі пра свайго палітычнага праціўніка, лідэр сацыял-дэмакратаў адказаў: «У нас шмат мітаў пра Лукашэнку, якія становяцца рэальнасьцю. Гэтая кніга іх разьвенчвае. У нашага насельніцтва няма рэальнай, праўдзівай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне. Калі б людзі на 30 працэнтаў зналі сутнасьць працэсаў, якія адбываюцца ў цяперашняй Беларусі, усё памянялася б. Гэтая кніга — адзін з прарываў у інфармацыйнай блякадзе».

«Разьвенчаны міт і тым умацаваны», — зрэагаваў Уладзімер Някляеў цытатаю з Шэксьпіра.

Самым сур’ёзным палітычным праектам апошняга часу назваў кнігу Фядуты й Генадзь Грушавы: «Фядута павінен сёлета атрымаць прэмію прэзыдэнта. Такой праўдзівай кнігі пра яго ніхто не пісаў. Гэтая кніга можа адыграць больш сур’ёзную ролю ў палітычным жыцьці Беларусі, чым кангрэсы й зьезды». Грушавы абазначыў жанр кнігі як «аповед пра нармальнага чалавека, які стаў ненармальным прэзыдэнтам».

Праф.Грушавы і Васіль Лявонаў спрыялі праекту А.Фядуты разам з праф.Казуліным.

Для самога Фядуты, як вынікала зь ягоных слоў, кніга была бясконцым дыялёгам з суразмоўцамі: падчас працы ён апытаў 332 чалавекі й амаль кожнаму зь іх даў магчымасьць азнаёміцца з рукапісам. Ён выказаў камплімэнты мастацкаму густу й пачуцьцю аднаго з апытаных — кінарэжысэра Юр’я Хашчавацкага: «Але не палітычнаму! Тут спынімся, бо іначай, баюся, дойдзе да мардабою…»

Ня ўсім зь Фядутавых «суаўтараў» хапіла кніг: самому яму выдалі дзесяць аўтарскіх асобнікаў (удвая больш, чым звычайна практыкуюць у выдавецтве). Таму ён мусіў дакупляць у Маскве кнігі для перадачы інтэрвіюэрам. Тут і адчуў гонар за сваю працу. На Беларускім вакзале (там выданьне прадаецца па 190—195 расейскіх рублёў, у вялікіх кнігарнях — па 228) кнігі купіць ён ня змог. «Ужо няма, прыходзьце заўтра», — гэтыя словы цешылі слых аўтара.

Ці атрымае кнігу яе галоўны пэрсанаж? Казулін зазначыў, што перадаў ужо выданьне ў Адміністрацыю прэзыдэнта. І Фядута зьбіраецца зрабіць тут свой унёсак — каб бачылі, што ён ні ад кога не хаваецца: «Я два асобнікі зь візытоўкамі перадам галоўнаму герою і кіраўніку Адміністрацыі. Была нахабная ідэя падпісаць: «Герою ад яго аўтара». Але на працягу кнігі праходзіць думка, што ён сам сябе зрабіў. Таму такі надпіс быў бы няпраўдай».

На пытаньне, ці варта чакаць працягу, А.Фядута адказаў адмоўна: «Не хачу далей пісаць на палітычную тэму. Як сказана ў кнізе, Лукашэнка не даваў паставіць кропку. Але другі пэрыяд ягонай палітычнай біяграфіі апіша нехта іншы. Адзін і той самы герой стамляе». (Юры Хашчавацкі: «Мастацкая біяграфія Лукашэнкі будзе запісаная ў 120 тамах крымінальнай справы».)

Наступным выдавецкім праектам «Волі народу» мае стаць 14-тамовы збор твораў Васіля Быкава. Першы том можа зьявіцца ўжо ў ліпені.

Федуто А. Лукашенко: Политическая биография. — Масква. «Рэфэрэндум», 2005.

«І тады яны знайшлі Лукашэнку: больш амбітнага, нашмат больш працаздольнага і галоўнае — цьвёрда ўпэўненага, што другога шанцу ў яго ня будзе, а таму, як ён сам любіў выказвацца ў тыя часы, «адвязанага», гэта значыць абсалютна разьняволенага і не зьвязанага ніякімі асабістымі і маральнымі абавязацельствамі». (С.74.)

«Законы, загады, дэкрэты (многія зь якіх самі па сабе незаконныя) ствараюць у краіне сытуацыю, калі парушае закон у нас практычна кожны». Такі стан рэчаў задавальняе Лукашэнку. Калі ўсе — ад нізу да верху — зладзеі й злачынцы, кіраваць імі лёгка. У любы момант і кожнага можна прыструніць, прыцягнуць, пакараць, скамячыць, прынізіць, звольніць, пасадзіць. Не, ня ўсіх адразу, а выбарачна, па камандзе». (С.431.)

«Ён — усяго толькі чалавек, таму натуральна баіцца сьмерці гэтаксама, як і ўсе мы. Ненатуральным страх сьмерці робіцца, калі раптам выяўляецца, што ён зьвязаны са стратай улады. А Лукашэнка якраз увесь час і блытае замах на яго ўладу з замахам на жыцьцё». (С.542.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0