Крызіс, які перажывае цяпер Эўразьвяз, мог бы мець і станоўчы эфэкт для Беларусі — калі б беларуская апазыцыя здолела гэта ўсьвядоміць і выкарыстаць у сваіх інтарэсах. Піша Віталь Тарас.

На першы погляд, афіцыйная беларуская прапаганда слушна робіць, што цешыцца паразе прыхільнікаў эўрапейскай Канстытуцыі на рэфэрэндумах у Францыі й Нідэрляндах. Па-першае, Эўразьвяз — вораг, а чым болей праблем у ворага — тым лепей. Па-другое, раскол грамадзкай думкі ў Францыі й Нідэрляндах выклікаў ланцуговую рэакцыю. У Польшчы, дзе рэфэрэндум мусіць адбыцца ў кастрычніку разам з прэзыдэнцкімі выбарамі, перадвыбарная дыскусія між правымі і левымі партыямі стала яшчэ вастрэйшаю. Правыя мяркуюць, што нацыянальны рэфэрэндум па эўраканстытуцыі страчвае сэнс, левыя — што рэфэрэндум дадасьць палітычнай вагі Польшчы. Такія дыскусіі й супярэчнасьці ў суседняй краіне, дачыненьні зь якой моцна сапсаваныя апошнімі падзеямі вакол Саюзу палякаў Беларусі, дадаюць радасьці штатным палітолягам. Але ж падобнай рэакцыі, пры ўсёй яе прадказальнасьці, бракуе лёгікі і ўменьня бачыць крыху наперад.

Перагрэў мэханізму

Клясычная лягічная памылка, уласьцівая шкалярам: пасьля таго — значыць, у выніку таго. Калі пасьля рэфэрэндуму ў Нідэрляндах упала эўрапейская валюта — значыць, раскол у пытаньнях уладкаваньня Эўропы паслабіў эканоміку ЭЗ. Адбылося акурат наадварот. Сацыяльна-эканамічная палітыка ўраду Францыі — дзяржавы, якая па-ранейшаму займае адно зь вядучых месцаў у сусьветнай эканоміцы, — даўно выклікала нездаволенасьць значнай часткі выбарцаў, і яны прасыгналізавалі з дапамогай рэфэрэндуму аб нязгодзе з урадавай палітыкай. Думаецца, ня меншую ролю ў падзеньні эўра адыграла й эканамічная стагнацыя ў Нямеччыне, якая паставіла краіну перад неабходнасьцю датэрміновых выбараў. У Францыі сыгнал выбарцаў быў пачуты, і прэзыдэнт Шырак, які нясе адказнасьць за вынікі галасаваньня, прапанаваў фармаваць кабінэт міністраў новаму прэм’еру — дэ Вільпэну. Ці азначае гэта, што Францыя ў выніку ўнутрыпалітычнага ды эўрапейскага крызісу аслабела ў эканамічным і палітычным пляне? Такая выснова была б пасьпешнай.

Ці саслабіў крызіс пазыцыі меркаванай будучай сталіцы Эўразьвязу — Брусэлю, інакш кажучы, эўрабюракратыі? Так, менавіта бюракратыі, зацікаўленай у далейшай цэнтралізацыі, ці бюракратызацыі, быў нанесены моцны ўдар. Але ж бюракратыя і ва ўмовах распаду СССР умудрылася выжыць ды адрадзіцца ў яшчэ большых маштабах. А ўжо эўрапейскай бюракратыі ў абсяжнай пэрспэктыве наўрад ці пагражаюць настолькі драматычныя падзеі. А вось больш энэргічна дамаўляцца паміж сабой розным краінам Эўропы, а таксама кіраўнікам урадаў гэтых краін з уласным народам давядзецца.

Можна прадбачыць, што значна большую ролю ў далейшай эўраінтэграцыі будуць адыгрываць не чыноўніцкія структуры, не Эўрапарлямэнт, не ПАРЭ, а палітычныя партыі і ўрады краін. Фактычна, у сваёй інтэграцыі эўрапейскія краіны дасягнулі летась гістарычнага максымуму — і палітычнага, у выглядзе пашырэньня Зьвязу, і эканамічнага, у выглядзе моцнага эўра. Падзеньне курсу валюты, як і правал рэфэрэндумаў, засьведчыла тое, што можна назваць перагрэвам мэханізму.

Зьмена палітычнай карцінкі

Даць яму крыху астыць — цяперашняя задача эўрапейскіх палітыкаў. Тым больш што дасягнуты дагэтуль узровень інтэграцыі й зьвязаныя зь ім выгоды ў цэлым задавальняюць удзельнікаў Зьвязу. Інакш наўрад ці імкнулася б у яго Турцыя, не гаворачы ўжо пра Ўкраіну ці Грузію. З другога боку, звычайныя грамадзяне эўрапейскіх краін, і гэта таксама засьведчылі рэфэрэндумы, сёньня не гараць жаданьнем бачыць сярод сяброў ЭЗ названыя краіны. Хоць прыток імігрантаў зь бедных краін у разьвітыя — непазьбежная зьява, эмацыйна жыхары гэтых краін пагадзіцца з такой непазьбежнасьцю ня хочуць.

А палітычная карціна ў Эўропе ў найбліжэйшай будучыні можа выразна зьмяніцца пасьля выбараў у Нямеччыне. Адным з найважнейшых вынікаў можа стаць карэкціроўка замежнай палітыкі ФРГ. Адзін з галоўных закідаў хрысьціянска-дэмакратычнай апазыцыі ў бок сацыял-дэмакратаў на чале з канцлерам Шродэрам — празьмерная падтрымка Пуціна. Не сакрэт, што Нямеччына й Францыя, тандэм паміж якімі апошнім часам быў адным з вызначальных фактараў у замежнай палітыцы Эўразьвязу, праз пальцы глядзелі на эксцэсы рэжыму ў Беларусі, як бы загадзя пакідаючы разьвіцьцё падзей на вырашэньне Крамля. Кааліцыя хрысьціянскіх дэмакратаў і лібэралаў можа быць значна больш жорсткай ня толькі ў дачыненьні да рэжыму Пуціна, але і да ягонага хаўрусьніка ў Беларусі…

Адна за ўсіх ці ўсе на аднаго?

Што да пазыцыі Эўразьвязу ў цэлым, яго палітыка вызначалася дагэтуль пэўнай неразваротлівасьцю.

Аранжавая рэвалюцыя ва Ўкраіне стала нечаканасьцю ня толькі для Масквы, але й для Брусэлю. І калі б не актыўная пазыцыя Варшавы, сытуацыя ва Ўкраіне магла б павярнуцца ў іншы бок. Менавіта ўдзел Польшчы, якая ператварылася ня проста ў актыўнага геапалітычнага гульца, а ў гульца, які дзейнічае надзвычай эфэктыўна, выклікаў найбольшую ярасьць Крамля пасьля паразы ва Ўкраіне. Ад гэткай актыўнасьці новага сябра Эўразьвязу не ў захапленьні і ў Брусэлі, а тым больш у Парыжы й Бэрліне, дзе ня могуць забыць, што ў ірацкім канфлікце Польшча адназначна выступіла на баку ЗША, насуперак пазыцыі Францыі й Нямеччыны. Тым ня менш, ЭЗ і ўсе яго сябры вымушаны лічыцца з пазыцыяй саракамільённай каталіцкай краіны з уплывовай дыяспарай у сьвеце. Пасьля правалу рэфэрэндумаў у Нідэрляндах і Францыі роля Польшчы яшчэ больш узрастае, улічваючы, што, паводле апытаньняў, большасьць палякаў усё-такі гатовыя падтрымаць эўраканстытуцыю.

Маргіналізацыя папулістаў

І хаця ў правых і левых партый розныя падыходы ў гэтым ды шмат якіх іншых пытаньнях, ёсьць адно пытаньне, дзе праглядаецца супольная пазыцыя. Яна тычыцца Беларусі. Наколькі можна меркаваць з публікацый польскай прэсы ды асабістых дачыненьняў з польскімі палітыкамі й журналістамі, у адносінах да цяперашняга беларускага рэжыму ў Польшчы існуе кансалідаваная палітыка ва ўсім спэктры палітычных сіл. Да нядаўняга часу выключэньнем выглядаў хіба Анджэй Лепэр, які нават сустракаўся з Лукашэнкам у Менску. Але ж пасьля таго, як Эўразьвяз выканаў свае абяцаньні і ў Польшчу пайшлі датацыі для польскіх сялян, палітыкі-папулісты накшталт Лепэра зрабіліся маргіналамі.

Характэрны прыклад. У Варшаве на наступны дзень пасьля францускага рэфэрэндуму праходзіла міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Нягледзячы на надзвычайную цікавасьць да падзей у Францыі, увага польскай прэсы да беларускіх удзельнікаў канфэрэнцыі й таго, што яны кажуць, ніколькі ня зьменшылася. І больш за тое, нават прадстаўнікі афіцыйных уладаў знайшлі магчымасьць надаць у гэты дзень увагу праблеме Беларусі — дакладней, праблеме свабоды слова і таму, чым можа дапамагчы ў яе вырашэньні Польшча.

Зразумела, ні Польшча, ні якая-небудзь іншая эўрапейская краіна, ні Эўразьвяз у цэлым, ні нават ЗША ня змогуць вырашыць пытаньне дэмакратыі ў Беларусі, пакуль для гэтага не сасьпеюць умовы ўнутры яе самой. Гэтую банальную рэч вымушаны быў нагадаць беларускім апазыцыянэрам адзін з польскіх удзельнікаў канфэрэнцыі — віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту Януш Анышкевіч. Аднак, і ў Польшчы, і ва ўсіх астатніх дэмакратычных краінах усьвядомілі тую ролю, якую могуць і павінны адыграць у стварэньні ўмоў для перамогі дэмакратыі свабодныя СМІ. І што свабодная прэса патрэбна ня толькі ў момант палітычных кампаній, а што яна патрэбна абсалютна і заўжды.

У нашым нацыянальным інтарэсе

Вядома, што паміж усьведамленьнем нейкага факту й дзеяньнем ляжыць немалая дыстанцыя. Польшча, з розных гістарычных і геапалітычных прычын, апынулася сёньня ў ролі каталізатару, які можа прымусіць Эўразьвяз перайсьці ад дэклярацый на тэму правоў чалавека да дзеяньняў, якія б забясьпечылі пераход эўрапейскай краіны ад дыктатуры да дэмакратыі, і тым самым пазбавіцца ад вельмі цяжкіх праблем на сваіх межах у будучыні.

Цяперашні крызіс у Эўразьвязе толькі на першы погляд адцягвае ўвагу яго сяброў ад праблемы стасункаў гэтай структуры з суседзямі — у прыватнасьці, зь Беларусьсю. Наадварот, ён павышае ролю й каштоўнасьць голасу кожнай з 25 сувэрэнных дзяржаў, што ўтвараюць зьвяз. Праблема кожнай з гэтых краін павінна стаць супольнай праблемай супольнасьці, каб яе вырашыць. А інакш на далейшай інтэграцыі сапраўды можна ставіць крыж.

Зразумела, што пры гэтым кожная краіна ў сваіх дзеяньнях будзе зыходзіць, перш за ўсё, з уласных нацыянальных інтарэсаў. Таму нельга разглядаць чыюсьці дапамогу звонку як дабрачыннасьць. ЗША, Польшча, Літва або Латвія, дапамагаючы дэмакратыі ў Беларусі (або толькі абвяшчаючы пра намер дапамагчы), перасьледуюць кожны сваю мэту. Адмаўляцца ад дапамогі на гэтай падставе ці толькі таму, што хтосьці больш падабаецца беларускім апазыцыянэрам, а хтосьці менш, папросту недарэчна. У выніку панаваньня падобных прынцыпаў размовы аб стварэньні «інфармацыйнага кола» вакол Беларусі былі й застаюцца ўсяго толькі размовамі. Выдатны шанц зрабіць прарыў у напрамку дэмакратыі з дапамогай Эўропы, хутчэй за ўсё, зноў будзе ўпушчаны. І тады ўсё, што адбываецца й будзе адбывацца ў Эўразьвязе, сапраўды ніколі ўжо ня будзе мець да Беларусі ніякага дачыненьня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0