Каго сёньня можна зьдзівіць звычайным маслам? За ХХ стагодзьдзе эўрапейцы, мусіць, аб’еліся ім. Сёньня модная бесхалестэрынавая дыета, і масла, якім так прагнуў нашмараваць бутэрброд ангельскі кароль зь дзіцячага вершу, усё больш саступае месца «спрэдам» з гідрагенізаванага расьліннага алею.

Ужо і ў нашых крамах часам бывае цяжка знайсьці чыстае, без дамешкаў, масла — што, зрэшты, тлумачыцца ня столькі клопатам пра здароўе, колькі пагоняй за прыбыткам — расьлінны тлушч таньнейшы.

Вытворцы мусяць быць удзячныя непераборліваму беларускаму спажыўцу, які не зьвяртае ўвагі на такія дробязі. Некаторыя перадавікі малочнай прамысловасьці пачалі ўжо ствараць адмысловыя брэнды, строга трымаючыся пры гэтым ідэалягічна надзейных, «спрадвечна расейскіх» канонаў: «Савушкаў прадукт», «Бабульчын гладыш». Зрэшты, у параўнаньні з рознымі МЛІТЭПС і ГМЗ№2 і гэта варта прызнаць калясальным прагрэсам.

Што да назваў гатункаў масла, сэнсавай ды культурнай нагрузкі, якія яны нясуць, нічога не зьмянілася з савецкіх часоў. Усё тыя ж безаблічныя «Сьметанковае», «Сялянскае», «Бутэрброднае» ды «Залацістае». Масла і масла, што тут выдумляць? Ну, Буронка з Масьлёнкіна-Прастаквашына. Хай новазэляндцы з датчанамі вычвараюцца, калі такія разумныя, нам гэтыя панскія штучкі няўцям.

Пазытыўныя наступствы крызісу 1880-х

Сапраўды, доўгія стагодзьдзі Беларусь нельга было назваць сусьветным цэнтрам масларобства. Надоі былі такія мізэрныя, што яшчэ ў канцы ХІХ стагодзьдзя мясцовых кароў называлі «апаратам для ператварэньня сена ў гной». З малака атрымлівалі сьмятану, тварог, а масла елі хіба што ў Масьленіцу.

Аднак нечакана грымнуў сусьветны аграрны крызіс 1880-х — параплавы з Аргентыны ды паравозы з Украіны завалілі ўвесь сьвет танным збожжам, і мужык з панам, спыніўшы на хвіліну сваю векавечную спрэчку, са зьдзіўленьнем адкрылі, што традыцыйнае земляробства ў Беларусі не акупляецца. Ня тыя землі, ня той клімат, каб рабіць стаўку на збожжа. Давялося тады і пану, і мужыку рэвізаваць спрадвечны свой сьветацям, які не мяняўся з часоў каралевы Боны, руплівай арганізатаркі першых саўгасаў. Спатрэбілася гадоў з дваццаць, цэлае пакаленьне, каб пакутліва намацаць новае месца ў міжнародным падзеле працы. Але выйсьце знайшлі. Весела тады зараўлі ў хлявах і аборах Рагулі ды Красуні, ды аптымістычна зацурчалі-задзынькалі па даёнках струменьчыкі сырадою.

Кінуліся паны вырабляць выкшталцоныя заходнія сыры, бакштайны ды эмэнталеры, а мужык, які ня меў вялікай адукацыі ды капіталу, але не хацеў прадаваць сваю працу за капейкі, пачаў старанна зьбіваць масла. Ды не са сьмятаны, як вякамі дагэтуль, а зь вяршкоў. Балазе швэды вынайшлі мэханічны сэпаратар і ня трэба было чакаць, пакуль адстаіцца тая смятана ды мо й сапсуецца яшчэ пры тым. Канец ХІХ — пачатак ХХ ст. стаў часам імклівага росту малочных сялянскіх арцеляў, найперш на поўначы Беларусі. Асабліва шмат іх было ў Дзісенскім павеце — сёньняшніх Мёрскім, Шаркаўшчынскім, Глыбоцкім, Пастаўскім раёнах Віцебскае вобласьці. Сапраўды, якое земляробства ў нізіннай, балоцістай, амаль як тыя Данія ды Галяндыя, даліне Дзісны, на радзіме Драздовіча ды Ластоўскага?

На рынках Лёндану і Лідсу

Упершыню сялянская масларобная арцель была створана ў Фядосаве, а ў 1910 г. у павеце было ўжо 10 арцеляў і 14 каапэратыўных малочных заводаў — самыя вядомыя ў Галенаве і Пермянах. Асабліва шмат каапэратараў-масларобаў было ў ваколіцах Глыбокага. Посьпех дзісенцаў перакінуўся і на правы бераг Дзьвіны, натхніўшы жыхароў суседняга Дрысенскага павету.

Было сялянам у каго і вучыцца. Узорная гаспадарка Плятэр-Зіберкаў у Лужках, чые самавітыя мураванкі дажылі і да нашых часоў, вяла рэй і ў вытворчасьці масла, і ў разьвядзеньні заводзкага быдла — ангельскага, альгойскага, фрысьляндзкага.

Абшарнікі Дзісенскага павету наладзілі кантакт з «Самапомаччу» з Рыгі, якая дапамагла ім арганізаваць збыт масла ў Заходнюю Эўропу (ці не ад той «Самапомачы» пайшоў і будучы заходнебеларускі часопіс, які спрабаваў прышчапіць беларусам нязвыклыя ім дагэтуль ідэалы каапэрацыі?). Так што ахвочыя пакаштаваць масла з-над Дзісны неўзабаве знайшліся ня толькі ў Варшаве, Рызе і Кіеве, але і ў Гановэры, Дармштаце, Гамбургу, Парыжы. Асабліва пасьпяхова разьвіваўся экспарт у Ангельшчыну. У 1905 г. зь Дзісенскага павету было адпраўлена ў Ангельшчыну на 10 тыс. руб., у 1908 — на 175 тыс., а ў 1910 — на 260 тыс. руб. Дзісенскае масла займала адно зь першых месцаў у ангельскім рэйтынгу і каштавала на 2—4 шылінгі за фунт даражэй, чым іншыя гатункі масла з Расейскай імпэрыі. Яно збывалася без пасярэднікаў праз транспартную кантору «Герхард і Гей» у Лёндан і Лідс. Па прыбыцьці ў Англію па пошце высылаўся аванс ад 36 до 45 р. за бочку, рэшта — пасьля поўнай рэалізацыі. На жаль, арцельныя пастаўшчыкі не паспрабавалі зарэгістраваць адмысловай гандлёвай маркі, і дзісенскае масла пастаўлялася пераважна пад маркай «галшцінскага». Пасьля Першай сусьветнай вайны замежны рынак і высокая рэпутацыя дзісенскага масла былі страчаныя назаўжды.

Менавіта галшцінскае, кісла-сьметанковае, масла было самым пашыраным сярод высакаякасных гатункаў у Расейскай імпэрыі. Нават Д.Мендзялееў адзначаў, што адносна нескладаная тэхналёгія, якую вынайшлі ў гэтай памежнай з Даніяй нямецкай зямлі, найлепш падыходзіла для засваеньня нядаўнімі прыгоннымі. Яна не вымагала складаных і дарагіх лядоўняў, пастэрызацыі малака, а гатовы прадукт меў больш натуральны для тагачаснага спажыўца смак і добра захоўваўся. Выраблялася галшцінскае, а значыцца, і дзісенскае, з падсоленых кіслых вяршкоў, а на продаж фасавалася ў альховыя бочкі з вушкамі для пераноскі, па 50—60 кг, абшытыя чыстай рагожай. Магчыма, калі-небудзь такую бочку, дарма што навароб, можна будзе ўбачыць у музэі матэрыяльнай культуры, а яе выява, разам з маляўнічым дзісенскім пэйзажам, які так любіў маляваць Язэп Драздовіч, будзе аздабляць пакунак кісла-сьметанковага масла зь нясьціплай назвай «Дзісенскае». Чаму б не памроіць? У Шаркаўшчынскім раёне, эпіцэнтры колішняга кулацка-панскага промыслу, сёньня і музэяў, і фэрмэрскіх гаспадарак на аднаго жыхара ці не найбольш у Беларусі.

АЛЕСЬ БЕЛЫ (нар. у 1968 у Менску) — дасьледчык гісторыі матэрыяльнай культуры. Сябар рэдкалегіі часопісу «Спадчына». Ляўрэат прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Ф.Багушэвіча 2001 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0