У Менску пабываў вялікі футбол. 4 чэрвеня нацыянальная зборная сыграла ўнічыю з славенцамі, у сераду прымала зборную Шатляндыі.

На стадыёне прысутнічаў Алег Раявец.

Прыўзьняты настрой

Аптымізму заўзятарам, якія жывуць надзеяй убачыць беларускую дружыну на мундыялі-2006 у Нямеччыне, дадаваў сымпатычны старт зборнай. І хоць у сваёй кваліфікацыйнай групе беларусы перад суботняй гульнёй займалі 4-е месца, яны правялі на матч менш, здабыўшы пры гэтым летась нічыю ў гасьцях з моцнай Нарвэгіяй і ганарова саступіўшы Італіі — 3:4.

Гульня пачыналася а 20-й гадзіне, у чым былі плюсы і мінусы. Мінус у тым, што, з увагі на выходны дзень, час даволі позьні. Так, у Глазга матч Шатляндыя—Малдова пачынаўся а 15-й па Грынвічу. Дадатнае было ў тым, што нарэшце перастала неміласэрна грэць сонца. Таксама можна было пасьпець паглядзець па тэлевізары матч Расея—Латвія і даведацца з Інтэрнэту вынік матчу ў Глазга.

Напярэдадні гульні славенцы асьцярожнічалі ў заявах, падкрэсьліваючы, што цалкам задаволяцца нічыёй, бо праз траўму і дыскваліфікацыю матч прапускалі два вядучыя гульцы зборнай.

Беларусаў загадзя адносілі да фаварытаў — і букмэкеры, і спэцыялісты. Цікава, што ў традыцыйным апытаньні адзінаццаці журналістаў «Прессбола» толькі адзін, Сяргей Дашкевіч, паставіў на лік 1:1, астатнія шчыра верылі ў перамогу беларусаў. З 11 славенскіх журналістаў на нічыю паставілі чацьвёра.

Напярэдадні матчу лыжку дзёгцю ў агульны беларускі перадсьвяточны настрой падліла параза ў пятніцу моладзевай дружыны. Выхаванцы Юр’я Пунтуса на менскім стадыёне «Трактар» саступілі славенскім раўналеткам — 1:2, чым ускладнілі сабе жыцьцё.

Перад пачаткам

Тое, што стадыён «Дынама» будзе запоўнены, сумненьняў не выклікала. Людзей не адштурхнулі і нятанныя квіткі. Самы дарагі, на заходнюю трыбуну, каштаваў 20 тыс. рублёў. За вароты білеты былі ў чатыры разы таньнейшыя. Ужо ў чацьвер ля касаў было людна, а спэкулянты дзелавіта прапаноўвалі свае паслугі. Чамусьці не прадавалі білетаў на «казырок», які, маўляў, знаходзіцца на рэканструкцыі. Як паказаў матч, на казырок усё ж пускалі. Яго сэктары былі запоўненыя прыкладна на чвэрць міліцыянтамі і людзьмі ў цывільным.

Нясьмелыя ручайкі заўзятараў, што пачыналіся на праходах ад электрычак да вакзалу, на скрыжаваньні вуліц Кірава і Сьвярдлова зьліліся ў сапраўдную раку. Да варот стадыёну рухалася велізарная людзкая маса. Адпаведнага настрою дадавалі таксоўкі і легкавікі, што праносіліся па вуліцы Сьвярдлова, з заўзятарамі, якія высоўваліся з акон і махалі сьцягамі. Добрая палова заўзятараў ішла на стадыён у так званых «нацыянальных» колерах зборнай — чырвона-зялёных саколках з такога ж колеру шалікамі і сьцяжкамі. Прычым былі гэта ня толькі школьнікі, але і студэнты, паважаныя мужчыны, нават лэдзі. Няўжо дзесяць гадоў панаваньня новай-старой сымболікі адыгралі сваю ролю? А вось бел-чырвона-белых сьцягоў я ня ўбачыў.

Мяне двойчы абшукалі — перад варотамі стадыёну і на ўваходзе ў сэктар. Зрэшты, такі парадак. Уладкаваўшыся на глядацкім месцы, я адчуў жаданьне ўбачыць «Олд Трафард» у Манчэстэры ці Алімпійскі стадыён у Рыме — каб параўнаць атмасфэру ў Англіі ці Італіі з атмасфэрай, што панавала перад суботнім паядынкам у Менску. Ці нашмат адсталі беларускія заўзятары ад сваіх эўрапейскіх калег? У суботу іх дудкі заглушылі Іскуі Абалян, Дзьмітрыя Смольскага, а таксама «Тягні-штурхая», якія з імправізаванай сцэны забаўлялі гледачоў перад матчам.

Падчас гульні падтрымка шматкроць узрасла. Дудкі, біцьцё кулакамі ў зэдлікі, што стварала пэўны фон, авацыі — вось яно, хвіліннае яднаньне народу.

Адрэналін першага тайму

Беларусы пачалі гульню жвава і адразу правялі пару атак. Аднак славенцы ня сталі адседжавацца ў абароне і сьмела агрызнуліся, першымі стварыўшы небясьпечны момант у матчы. Настырнасьць прадстаўнікоў маленькай альпійскай рэспублікі дала плён. На 17-й хвіліне гол-прыгажун са штрафнога забіў паўабаронца бэльгійскага «Бруге» Насьця Чэх. Віну на сябе ў прапушчаным голе пасьля матчу ўзяў наш галкіпэр Юры Жаўноў. Ён слушна пабудаваў сьценку, закрыўшы левы ад сябе кут, але Чэх якраз прабіў у правы, які і мусіў кантраляваць Юра.

Беларусы не разгубіліся і праз хвіліну зраўнялі лік. Пасьля падачы Віталя Булыгі з мэтраў дванаццаці ў вароты пацэліў Валянцін Бялькевіч, пакінуўшы з носам галкіпэра Саміра Ханданавіча. А ўжо і ў прэсе, і на заўзятарскіх форумах раздаваліся галасы, якія хацелі сьпісаць гульца кіеўскага «Дынама» на абочыну футбольнай гісторыі. Шок на трыбунах зьмяніўся нечуваным уздымам. Людзі скакалі ад радасьці хвіліны тры.

Потым славенцы ачомаліся і зьвялі беларускія атакі на нішто. Абаронца катарскага «Аль-Арабі» Фабіян Цыпат так «закрыў» Аляксандра Глеба, што найлепшага гульца «Штутгарту» на полі практычна не было відаць.

Пры канцы тайму наагул у душу закралася падазрэньне: ці выстаяць беларусы? Пасьля ўдару галавой абаронцы заграбскага «Дынама» Бошцяна Цэсара мяч трапіў у бэльку. Усе шумна ўздыхнулі. Дзякуй богу, перапынак.

Лік па гульні

І ў другім тайме славенцы працягвалі зьдзяйсьняць небясьпечныя набегі на вароты беларусаў, прымушаючы балельшчыкаў раз-пораз хапацца за сэрца. Сэбасьцян Цыміроціч, што выйшаў на замену, і Клемэн Лаўрыч («Дынама», Дрэздэн) стваралі адзін небясьпечны момант за другім. Як на 74-й хвіліне гульні той жа Лаўрыч, што знаходзіўся на лініі варатарскай, ня трапіў па мячы пасьля навесу Цыміроціча, для ўсіх засталося загадкай. У той момант сэрца мне давялося шукаць у раёне пятак. Пасьля эпізоду ля нашай брамы цьвёрда даў сабе слова: «На матч з Шатляндыяй абавязкова вазьму з сабой валяр’янку».

Наступны шанец злазіць па валяр’янку здарыўся пры канцы гульні. Ужо на апошняй дабаўленай хвіліне Валянцін Бялькевіч выдаў ювэлірны пас Віталю Булыгу, які выйшаў сам-насам з галкіпэрам славенцаў. Форвард самарскіх «Крылаў» зь дзесяці мэтраў прабіў міма варот. Лік першага тайму захаваўся — 1:1.

На пасьляматчавай прэс-канфэрэнцыі трэнэр беларусаў Анатоль Байдачны адзначыў, што дрэнна згулялі форварды, аднак яшчэ нічога ня страчана. І тут ён мае рацыю: увосень мы праводзім дзьве гульні дома з галоўнымі канкурэнтамі — Італіяй і Нарвэгіяй. А дома, як вядома, і сьцены дапамагаюць. Прынамсі, гэтая велізарная армада гледачоў, якая цягам 90 хвілін перажыла кожную падзею на полі. Так што футбалістам ёсьць для каго гуляць.

Вяртаньне з футболу было ня менш вясёлым. У тралейбус набілася гурба заўзятараў-школьнікаў, якія паўдарогі дудзелі над вухам. Потым ім гэта надакучыла, і яны зацягнулі беларускі гімн. Аказалася, што яны ведаюць усе куплеты яго новай вэрсіі, а таго, хто забываў словы, ушчувалі: «Сорамна, гімн жа штодня гучыць па тэлевізары». Вось такі ў Беларусі нарадзіўся новы від патрыётаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0