Найдаўжэйшую палітычную галадоўку трымае ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары экс-дэпутат Сяргей Скрабец. Сяргей Скрабец, лідэр дэпутацкае групы «Рэспубліка» ў палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня і актыўны апанэнт цяперашняй улады, быў зьмешчаны ў Берасьцейскае СІЗА 15 траўня. Яму інкрымінуюць крымінальнае злачынства. Сам ён уважае сваю справу палітычнай. Ён абвесьціў бестэрміновую галадоўку, патрабуючы неадкладнага вызваленьня. 25-ты дзень ён нічога ня есьць, п’е толькі ваду. У С.Скрабца пачаўся галаўны боль, бяссоньне, болі ў нырках.
Адвакат С.Скрабца Міхаіл Хоміч кажа, што палітык гатовы выйсьці з галадоўкі: «Але ён патрабуе стварыць адпаведныя ўмовы. Калі ня будзе ўмоваў, ён з галадоўкі ня выйдзе». Хоміч падаў адпаведную заяву начальніку Берасьцейскага СІЗА. Ён таксама мае зьвярнуцца з заявай пра зьмену меры стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе або хатні арышт: ва ўмовах ізалятару выйсьці з галадоўкі безь цяжкіх наступстваў цяжка.
Гэта найдаўжэйшая палітычная галадоўка ў гісторыі краіны. У 1996 г. Юры Хадыка галадаў у турме 23 дні, пасьля чаго выйшаў на свабоду ў выніку пратэстаў сусьветнай грамадзкасьці.
Пачатак лета-2006 адзначыўся драматычным пагаршэньнем становішча з правамі чалавека ў Беларусі. Колькасьць палітвязьняў расьце: да іх ліку неўзабаве маюць далучыцца асуджаныя Мікола Статкевіч і Павал Севярынец.
За арганізацыю мірнай акцыі пратэсту 25 сакавіка 2005 году працягвае знаходзіцца пад вартай у СІЗА дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў.
Суды, паводле цьверджаньня юрыста незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча, усё часьцей прызначаюць арышты й штрафы ўдзельнікам несанкцыяваных акцыяў — нават затрыманым упершыню. Раней ім проста выносілі папярэджаньні.
«Я ўжо не кажу пра спыненьне справаў праз адсутнасьць складу злачынства, — зазначыў В.Стэфановіч у інтэрвію Інтэрнэт-газэце «Эўрамост». — Нават у тых выпадках, калі сьведкі-амонаўцы ня могуць даць ніякіх паказаньняў наконт таго, што зрабіў менавіта гэты затрыманы. Усе рапарты пішуцца абсалютна аднолькава: удзельнічаў у несанкцыяваным шэсьці, крычаў «Жыве Беларусь!» — і ўсё на гэтым».
Апазыцыйныя палітыкі гатовыя да ахвяраў у барацьбе за свае ідэалы. Мікола Статкевіч заявіў: «Сытуацыя такая, што нам з Паўлам Севярынцам, магчыма, яшчэ будуць зайздросьціць. Я прагназую, што дзеяньні рэжыму з набліжэньнем выбараў будуць яшчэ больш цынічнымі». Статкевіч заклікаў апазыцыйных палітыкаў адкінуць усе асабістыя амбіцыі — проста бессэнсоўныя ў цяперашняй сытуацыі.