Віцебск славянскі

Віцебск рыхтуецца да «Славянскага базару» (15—21 ліпеня). Сьпіс краін-удзельніц сёлета папоўніўся Азэрбайджанам, Армэніяй, Ліванам, Пуэрта-Рыка, Сынгапурам, Турцыяй ды некаторымі іншымі «славянскімі» краінамі. Ад Беларусі ўдзел бяруць Гюнэш Абасава і Паліна Смолава. Колькасьць удзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў яшчэ ня вызначана. Жорсткае абмежаваньне тлумачыцца тым, што сёлета арганізатары адмовіліся праводзіць адборачны паўфінал, бо ён «траўмуе канкурсантаў».

Віцебчукі ставяцца да «базару» па-рознаму. Хто заглядвае ў скарбонку, каб падлічыць, ці хопіць грошай на якуюсь імпрэзу. Хто загадзя купляе квіток на цягнік, каб зьехаць у ліпені ў вёску. Бальшыня гараджан усьцешана: да мерапрыемства ўлады абяцаюць адкрыць рэканструяваны Кіраўскі мост ды адрамантаваную філярмонію. Бо месьцічы ўжо згаладаліся па сымфанічнай музыцы. І ніякі «фэстываль мастацтваў» гэтай прагі і голаду не спатоліць — хаця б па прычыне свайго «базарнага» фармату.

Зьміцер Зьвіцкі, Віцебск

Сын свайго часу

25 чэрвеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня Петруся Броўкі. Юбілей адзначылі ў Полацку сьціплай літаратурнай імпрэзай у гарадзкой бібліятэцы, а «Белпошта» выдала паштоўку. Брытанскі дасьледчык Арнолд Макмілін даў яму жорсткую характарыстыку: «У лепшым выпадку апаратчык, у горшым — літаратурны жандар». Іншай думкі трымаецца Рыгор Барадулін: «Пятрусь Броўка быў сынам свайго часу. Але не такім адыёзным, як яго часам успамінаюць. Любіў жарт, вясёлыя размовы, сам сябе як помнік не насіў». Броўка напісаў нямала цудоўных вершаў — згадаць хаця б «Пахне чабор» і «Александрына».

Вішнеўскі ў Полацку

У Полацкай мастацкай галерэі адкрылася выстава графікі Ўладзімера Вішнеўскага. На вэрнісаж прыехаў аўтар. На выставе можна пабачыць самыя вядомыя творы мастака — сэрыі афортаў «Птушкаловы», «Дзяды», «Апошні паляўнічы», працы, прысьвечаныя Міцкевічу, Дастаеўскаму, Быкаву, Караткевічу, ілюстрацыі да кніг «Вянок беларускіх народных песень», «Палата кнігапісная».

Алесь Аркуш, Полацак

Тры сьвятары

11 чэрвеня ў Росіцы (Дрысеншчына) у касьцёле Сьвятой Тройцы адбылося пасьвячэньне ў сьвятары трох выпускнікоў духоўнай сэмінарыі айцоў-марыянаў пры Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце — Андрэя Сідаровіча, Аляксандра Шамрыцкага і Аляксандра Жарнасека. У цырымоніі бралі ўдзел каталіцкія і ўніяцкія сьвятары, а таксама госьці — сваякі і сябры трох новых клерыкаў. Дарэчы, Аляксандар Жарнасек — сын наваполацкай пісьменьніцы, рэдактаркі каталіцкага дзіцячага часопісу «Маленькі рыцар беззаганны» Ірыны Жарнасек.

Васіль Кроква, Полацак

Дзядзьку Рыгор у Горадні

Рыгора Барадуліна ў Горадню 4—5 чэрвеня запрасіў старшыня мясцовага аб’яднаньня вэтэранаў вайны, працы і Ўзброеных сіл Мікалай Мельнікаў. Таксама сп.Мельнікаў зьбірае матэрыялы з жыцьця і творчасьці Быкава, мае ідэю стварыць музэй яго імя. Ужо сабрана багата фатаздымкаў, уласных рэчаў пісьменьніка, экспанаты зь Менску даслала ўдава Быкава спн. Ірына. Трэба было бачыць, як Барадулін углядаўся ў фатаздымкі з выявай Быкава. Іх зьнітавала ня толькі родная віцебская старана, але і тоеснасьць думак, падабенства ў ацэнцы літаратурных варункаў, грамадзка-палітычных падзей…

Затым у музэі Максіма Багдановіча адбылася сустрэча з асобамі, якія ведалі сп.Васіля, — Аляксеем Пяткевічам, Юркам Голубам, Інай Карпюк.

Пра Быкава нямала сказана ў друку, выдадзена шмат кніг. Але гарадзенскі пэрыяд жыцьця патрабуе далейшага вывучэньня, усё ж чвэрць стагодзьдзя ён жыў у горадзе над Нёманам.

Антон Лабовіч, Горадня

Туляцца шапікі-палаткі да Ільліча

Шапікаў два — абапал помніка Леніну, які перанесьлі з цэнтральнай плошчы Слуцку на процілеглы бок вуліцы, амаль упрытык да Дому дзіцячай творчасьці. Шапікі ярка-чырвоныя, з кідкімі белымі літарамі «Кока-кола». Гандлююць у іх прадуктамі, садавіной і напоямі. Поруч шарэе мэталічны, з пляскатым дахам вагон, дзе месьціцца штаб па падрыхтоўцы гораду да «Дажынак-2005». І шапікі колеру бальшавіцкага сьцяга, і сталёвы вагон-штаб, на думку мясцовай улады, не псуюць пэйзажу вакол Ільліча. А вось адносіны да індывідуальных прадпрымальнікаў грунтуюцца на прынцыпе «далей ад вачэй». У абсягу добрага кілямэтра адсюль прыбраны ўсе недзяржаўныя гандлёвыя кропкі, прыватныя майстэрні. Каля сотні прадаўцоў і майстроў дробных бытавых паслуг страцілі працу, а бюджэт гораду да канца году недаатрымае каля 500 мільёнаў рублёў. Ёсьць над чым задумацца новай уладзе Слуцку, якая ўсталявалася пасьля аб’яднаньня гораду з раёнам у адну адміністрацыйную адзінку.

Настальгія па «лініі Сталіна»

Дзяржаўныя СМІ напрыканцы 60-х угодкаў перамогі над гітлераўскай Нямеччынай нямала пастараліся раструбіць на ўсю краіну пра так званую «лінію Сталіна» — ланцуг жалезабэтонных дотаў-муроў уздоўж старой мяжы СССР з Польшчай. З гэтай нагоды пад Заслаўе выслалі са Слуцку ўзвод вайскоўцаў 307-й асобнай чыгуначнай брыгады, якія некалькі дзён займаліся правядзеньнем рэстаўрацыйных работ. Пасьля ўзвод перакінулі на будаўніцтва новага гмаху Нацыянальнай бібліятэкі. Так практыкавалася і ў часы «разьвітога сацыялізму» ў хрушчоўска-брэжнеўскую эпоху, калі вайскоўцаў кідалі то на асваеньне цаліны, то на іншыя будоўлі камунізму.

Міхась Кутнявецкі, Слуцак

Бабры ў Вялейцы

У вёсцы Гліннае, што пад Вялейкай, бабровая сям’я абжыла старыцу. Колісь тут праходзіла асноўнае рэчышча Вяльлі, але цяпер ад рэчкі засталося толькі крывое возера.

Ручай, які выцякае са старычнага возера, і перагарадзілі грызуны. Прычым іх плаціна пабудавана ўсяго за некалькі мэтраў ад сьцяжынкі, што вядзе на чыгуначны мост. Але баброў гэта мала турбуе, маладых дрэцаў тут шмат, так што кармавой базай бабровая сямейка забясьпечана надоўга.

Паводле «Рэгіянальнай газеты»

Горацкія падманы

У Горацкім раёне пачасьціліся выпадкі падману пажылых людзей махлярамі. Яны прапануюць разьмяняць буйныя купюры ці памяняць грошы ў сувязі зь нібыта будучай рэформай. Калі раней злачынцы гаспадарылі ў вёсцы, дык цяпер такія выпадкі зафіксаваны ў райцэнтры. Нядаўна проста каля паштамту грошай пазбавіўся месьціч, што атрымаў пэнсію і скарыстаўся «паслугай» незнаёмца.

Эдуард Брокараў, Горкі

Скралі сьцяг

У выхадныя абрабавалі офіс бабруйскага аддзяленьня незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі «Вясна». З памяшканьня вынесьлі 10 крэсел, тэлефон, чайнік, абагравальнік, зьнялі жалюзі і нават бел-чырвона-белы сьцяг. Прадстаўнікі праваахоўных органаў мяркуюць, што злачынцаў трэба шукаць сярод «сваіх».

Паводле «Хартыі’97»

Рабунак пэнсіянэраў і міліцыянэраў у Баранавічах

Што б ні казалі дзяржаўныя чыноўнікі, але самымі неабароненымі ў нас застаюцца пэнсіянэры, прычым ня толькі ў сацыяльнай сфэры, але і ў прасторы інфармацыйнай. З чаго і карыстаюцца розныя прайдзісьветы.

У Баранавічах да адной старой прыйшла кабета, сказала, што зь дзяржарганізацыі, і запатрабавала аплаціць нейкія новыя паслугі. У пэнсіянэркі грошай з сабой не было, таму яны пайшлі ў ашчадную касу. Тамака бабулька зьняла ўсе свае грошы — 1 млн 200 тыс. руб., што адкладала на пахаваньне. Усе грошы забрала кабета і зьнікла. За два дні перад гэтым да іншай бабулі завіталі нібы з БТІ і прапанавалі перарабіць дакумэнты на хату. Тая паверыла «добрым людзям» і аддала 300 тысяч.

Акрамя старых у Баранавічах церпяць ад злачынцаў і міліцыянты. За два тыдні на іх учынены два напады! У супрацоўнікаў органаў у цывільным вырываюць барсэткі і ўцякаюць. Аднак дзякуючы апэратыўнасьці міліцыянтаў, а магчыма, і салідарнасьці, рабаўнікоў ловяць празь некалькі хвілін. У барсэтках, дарэчы, ляжаць то Крымінальны кодэкс, то нейкія міліцэйскія паперы.

Чаму толькі злачынцы трапляюць на супрацоўнікаў МУС — ці то адмыслова, бо лічаць іх багатымі, ці то проста іх зашмат у нас стала — кожны другі мае нейкія пагоны?

Руслан Равяка, Баранавічы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0