Да IV Зьезду беларусаў сьвету, арганізаванага МГА «Бацькаўшчына», застаўся месяц: «Мы правядзём зьезд — у Беларусі ці за яе межамі». Карэспандэнт «НН» Аркадзь Шанскі гутарыць з старшынёй Рады Міжнароднай грамадзкай арганізацыі ЗБС «Бацькаўшчына» Аленай Макоўскай.

«НН»: Дзе і як мае адбывацца Зьезд беларусаў сьвету?

Алена Макоўская: У адпаведнасьці з рашэньнем Малой рады з’езд пройдзе 16—17 ліпеня. Ёсьць дамоўленасьць на памяшканьне Міжнароднага адукацыйнага цэнтру ІВВ (Менск, праспэкт газэты «Правда», 11).

«НН»: Колькі дэлегатаў будзе браць удзел у зьезьдзе?

АМ: Мяркуецца ўдзел каля 400 чалавек — пароўну зь Беларусі і замежжа. Шкада, што зьезд будзе доўжыцца толькі два дні. Вопыт і практыка паказваюць: людзям, якія прыяжджаюць з далёкага (і нават блізкага) замежжа, хочацца больш часу папрысутнічаць на радзіме. Фінансы абмяжоўваюць нас. Праўда, шмат хто з удзельнікаў затрымаецца даўжэй. Вітаўт Кіпель ці Янка Запруднік з ЗША прыедуць не на два дні, а на месяц і больш… Але гэта ўжо будзе па-за нашай праграмай.

«НН»: Хто яшчэ зь вядомых асобаў ужо даў згоду на прыезд?

АМ: Кіраўнік Згуртаваньня беларусаў Вялікабрытаніі Алена Міхалюк, магчыма, а. Аляксандар Надсан. З палітычных прычын ня зможа прыехаць Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, аднак яна вельмі дапамагае ў правядзеньні зьезду. Па стане здароўя не прыедуць Кастусь Акула з Канады ды Янка Жучка з Бэльгіі, што браў удзел ва ўсіх зьездах.

«НН»: Які стан сёньняшняй беларускай дыяспары? Ці кантактуюць эмігранты новай хвалі са старымі эмігрантамі?

АМ: На жаль, пакаленьне паваеннай эміграцыі паступова адыходзіць. Што да маладых, трэба ўлічваць наступны факт. Маладыя эмігранты ў Эўропе імкнуцца засноўваць новыя арганізацыі, а ў Канадзе, ЗША, Аўстраліі яны далучаюцца да старых арганізацый.

«НН»: Пэўны час цыркулявала інфармацыя, што ўлады зьбіраюцца правесьці свой, альтэрнатыўны зьезд…

АМ: Улады неаднаразова афіцыйна заяўлялі пра намер правесьці міжнародны кангрэс беларусаў, але пакуль пануе маўчаньне.

«НН»: А цяпер дзяржава дапамагае ці замінае?

АМ: На пачатку году мы зьвярнуліся ў міністэрствы адукацыі, культуры, інфармацыі, каб яны выказалі свае прапановы наконт зьезду, ды запрасілі прадстаўнікоў міністэрстваў да ўдзелу ў форуме. Бо дэлегатаў зьезду цікавіць дзейнасьць гэтых міністэрстваў. Аднак мы не атрымалі адказу. Магчыма, афіцыйны Менск вырашыў трымаць дыстанцыю. Ня выключана, што ў нас узьнікнуць праблемы з памяшканьнямі. Але яны ў нас былі і на мінулым зьезьдзе…

«НН»: Не баіцеся, што памяшканьне можа «зьнікнуць» у самы апошні момант?

АМ: Магу сказаць адно: у адпаведнасьці з нашым статутам, месца правядзеньня зьезду можа быць любое — ці ў Беларусі, ці па-за яе межамі. Абмяркоўваліся многія варыянты: Вільня, Беласток, Кіеў, Смаленск… Вядома, калі зьезд ня ўдасца правесьці тут, то спатрэбіцца некалькі месяцаў, каб падрыхтаваць яго ў іншым месцы. Частка людзей, якія прыедуць на гэты зьезд, ня змогуць узяць удзел у новым зьезьдзе. Але тады зьезд папоўніцца іншымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0