Галадоўка Сяргея Скрабца засьведчыла, што наша грамадзтва — дасканалае адлюстраваньне сыстэмы, якая ім кіруе. Але як бы ні нацягвала сыстэма на сябе маску абыякавасьці, на яе твары чытаецца зьбянтэжанасьць.

Камэнтар Алеся Кудрыцкага.

Сяргей Скрабец пачаў піць сокі. Кіраўніцтва Берасьцейскага СІЗА сьцьвярджае, што ён «нармальна харчуецца», але адвакат М.Хоміч кажа, што гэта толькі перапынак для арганізму і экс-дэпутат працягне галадоўку.

Мы спрабуем ацаніць тое, што робіць С.Скрабец, і ня можам знайсьці аніводнага рацыянальнага аргумэнту «за». Мы адмаўляемся бачыць практычны сэнс у павольным самагубстве. Але давайце паспрабуем паставіць сябе на ягонае месца. Што адчувае чалавек, які перакананы ў сваёй невінаватасьці, але вымушаны бачыць навокал турэмныя сьцены? Што ён павінен рабіць? Скарыцца волі лёсу ці супраціўляцца любымі сродкамі? Ці можна ўявіць, што чалавек, які адчувае за сабой віну, будзе галадаць так прынцыпова, як гэта робіць С.Скрабец?

Трапіўшы ў вязьніцу, чалавек апынаецца ў канцэнтраваным выражэньні сыстэмы, што існуе ў краіне. Там пануюць прымітыўныя адносіны: нагляд, харчаваньне, пакараньне. Адмовіўшыся ад ежы, C.Скрабец паказаў сыстэме, што яна ня мае непадзельнай улады ня толькі над яго думкамі, але і над ягоным целам. І як бы ні нацягвала сыстэма на сябе маску абыякавасьці, на ейным твары чытаецца зьбянтэжанасьць.

Ёсьць у галадоўкі яшчэ адзін бок. Што рэжым ня зробіць С.Скрабцу аніякіх саступак, стала вядома не на трыццаты і не на саракавы дзень, а значна раней. Той, хто трымае галадоўку ў нашых умовах, ня толькі кідае выклік сыстэме, а ў першую чаргу зьвяртаецца да людзей на волі з пытаньнем: няўжо вы будзеце глядзець спакойна на тое, як я паміраю?

Варта сказаць, галадоўку С.Скрабца грамадзтва сузірала ў цэлым спакойна, можна сказаць — зь лёгкім недаверам. Натуральна, усе памятаюць галадоўкі, якія ня скончыліся ні трагедыяй, ні перамогай. Да таго ж мала хто жадае ісьці за бізнэсоўцам, няхай нават былым. Бо ніхто ня верыць, што бываюць былыя, а тым больш сумленныя бізнэсоўцы. Ёсьць тут і дамешак зайздрасьці ды злараднасьці. «Мабыць, было штосьці такое, раз пасадзілі?» — запытаецца нехта. Але нават калі С.Скрабец недзе і парушыў правілы гэтай сыстэмы, ці робіць гэта яго чалавекам, нявартым падтрымкі? Хіба ж гэтыя правілы такія справядлівыя і ідэальныя?

Галадоўка яшчэ раз засьведчыла, што наша грамадзтва ў цэлым зьяўляецца амаль дасканалым адлюстраваньнем сыстэмы, якая ім кіруе. А мы з вамі — у міжлюстэркавай прасторы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0