Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню тэкст Трэцяга Статуту ВКЛ быў заслугай папярэднікаў Сапегі — Мікалая Радзівіла Рудога ды Астафія Валовіча.

Сапега толькі рэдагаваў і прымаў Статут. Затое Сапега манапалізаваў права на друк Статуту і зарабіў на гэтым немалыя грошы.

Станіслаў Лазутка. Леў Сапега (жыцьцё, дзяржаўная дзейнасьць, палітычныя і філязофскія погляды): Манаграфія / Пер. зь літ. В.Люкевіча; Пад рэд. Я.Іванова. —Магілёў: ГА МТ «Брама», 2004. — 104 с. («Край=Kraj« 1—2 (13—14) 2004).

Выданьне кніжкі пра Лява Сапегу ажыцьцёўлена ў рамках манаграфічнага нумару квартальніка Магілёўскага таварыства «Брама» «Край/Kraj». Пэрыёдык мае і падназву: «Polonica—Albaruthenica—Lithuanica», як бы акрэсьліваючы гісторыка-культурныя абшары Краю. На падназьве пэрыёдыка мушу зрабіць заўвагу: у Беларусі пашырылася лацінскае напісаньне слова, вытворнага ад назову нашай краіны, — «Albaruthenica». Так пішуць усе, хто мае патрэбу ў нейкіх клясычных алюзіях. Але паводле правілаў лацінскага словаўтварэньня правільна будзе «Albоruthenica». Літара а ў слове «белая» захоўваецца толькі ў назоўніку, калі трэба напісаць, напрыклад, «Rusia Alba».

Арыгінальная вэрсія кнігі ўжо была прадметам разгляду ў Беларусі (гл. рэцэнзію У.Сьвяжынскага ў часопісе «Спадчына», 2002, №5—6). Што тычыць асобы самаго канцлера, варта адзначыць адну асаблівасьць. У апошні час, у тым жа Інстытуце гісторыі, прыходзіцца чуць шмат крытычных выпадаў супраць Сапегі. Маўляў, гэта раздутая фігура, рэальныя дзеяньні якой зусім несувымерныя са створаным вакол яе мітам. Рэч у тым, што Сапега стаў падканцлерам у 1585 г. у няпоўныя 28 гадоў. І з прычыны свайго досьведу і кароткага часу службы на пасадзе ён ня мог быць стваральнікам такога дасканалага зводу заканадаўства, як Статут 1588 году. А падобная роля прыпісваецца яму ў беларускай папулярнай літаратуры. І больш за тое, чуюцца далей дакоры, Сапега цынічна скарыстаў сытуацыю, манапалізаваўшы права на друк Статуту і зарабіўшы на гэтым немалыя грошы, бо ўсе інстанцыі мусілі набываць у яго збор законаў уласнае дзяржавы. Каторы раз мы назіраем, як ківач цыклічна прапісвае сваю траекторыю, а гістарычная думка пераходзіць ад усхваленьня да самазьнішчэньня. Штучная гераізацыя нараджае адпрэчваньне, і цьвярозаму погляду наагул застаецца няшмат месца.

С.Лазутка не ўхіляецца ад размовы пра розныя погляды на дзейнасьць Сапегі. Аўтар схіляецца да думкі, што, хутчэй за ўсё, асноўны тэкст Трэцяга Статуту ВКЛ быў падрыхтаваны ў канцылярыі вялікага князя літоўскага пад кіраўніцтвам папярэднікаў Сапегі — Мікалая Радзівіла Рудога ды Астафія Валовіча. «Заслуга ж Лява Сапегі толькі ў завяршэньні рэдагаваньня і прыняцьця Статуту. На апошнім этапе кадыфікацыі, стаўшы старшынём камісіі Сойму па падрыхтоўцы Статуту, ён аддаў усе свае сілы і талент дзяржаўнага дзеяча, грунтоўную дасьведчанасьць у правазнаўстве таму, каб быў завершаны гэты ўнікальны… звод законаў, якога ня мела на той час ні адна фэадальная дзяржава Эўропы».

Што да друку Статуту, то ня варта забывацца, што ў прававой традыцыі ВКЛ, пры адсутнасьці жорсткага цэнтралізму, большасьць дзяржаўных спраў (за выняткам хіба вайсковых, дый тое з пэўным выключэньнем) вырашалася праз пэрсанальныя даручэньні і дэлегаваньне паўнамоцтваў, а платай за службу меўся быць ці то маёнтак, ці то прыбытак ад акцыі. Так і Леў Сапега атрымаў ад гаспадара Жыгімонта Вазы прывілей на друк Статуту, які трэба было надрукаваць, і «з гэтай задачай ён выдатна справіўся». Паступленьні ад продажу кнігі былі платаю канцлеру за працу, бо сыстэмы службовых акладаў у нашым разуменьні тады не існавала.

Пасталеўшы, Л.Сапега стаў сапраўдным патрыярхам палітыкі і дзяржаўнай службы ВКЛ. Кароткі аповед пра гэтую асобу хачу закончыць цытатай з «Успамінаў» Альбрыхта Станіслава Радзівіла пра эпізод з прыездам караля ў Вільню: «Вартым зьдзіўленьня было бачыць 80-гадовага дзядка, які на кані гарцаваў з гетманскай булавой перад каралём; ужо спарахнелая старасьць трымалася з апошніх высілкаў, бо ў той самы дзень, маладосьцю ахоплены, ён ледзьве не разьвітаўся з гэтым сьветам». Праз два тыдні, 7 ліпеня 1633 году, Сапега прымаў дэлегацыю з Італіі. «Пасьля абеду, калі грала музыка, вясёлы дзядок пляскаў у далоні і кружыў у гурце; неўзабаве, пакінуўшы з гасьцямі сына, пісара ВКЛ [Казімера Лявона], сам выйшаў… і ўжо жывым не вярнуўся, бо адным духам закончыў жыцьцё. Далі знаць сыну, той прыбег, але ўжо знайшоў мёртвым… дом напоўніўся смуткам, страх разагнаў гасьцей; вакансіі, якія засталіся пасьля яго, прымусілі многіх з-за іх спаборнічаць».

* * *

Дзякуй перакладчыку Віктару Люкевічу і рэдактару Яўгену Іванову за падрыхтоўку і выданьне гэтай кніжкі. Хачу толькі крыху спыніцца на некаторых адметнасьцях самога перакладу, а менавіта тэрміналягічных асаблівасьцях.

Вось у беларускай вэрсіі кнігі пра Сапегу мы бачым багата калек зь літоўскае, часта недакладных. «Kazimieras Jogailaitis» перадаецца як «Казімер Ягайла», хоць і па сэнсе, і па граматычнай форме гэта сын Ягайлы — Казімер Ягайлавіч, магчымая лацінізаваная форма «Казімер Ягелён».

Гаштаўт (афіцыйная беларуская норма — Гаштольд) названы ў беларускім тэксьце зусім па-літоўску — Гоштаўт.

Непрымальным зьяўляецца выкарыстаньне польскай калькі «Жэчпасполіта», бо ёсьць старабеларускае азначэньне «Рэч Паспалітая», якое дакладна перадае сэнс лацінскага «res publica» як «грамадзкая справа». Тым больш што назва «Рэч Паспалітая» замацавалася ў сучаснай мове ды была запазычана таксама расейскай. У літоўскай мове гэты тэрмін часта сталі перадаваць як «Respublika». Вось і перакладчык актыўна ўжывае «Рэспубліка» замест «Рэч Паспалітая», што не адпавядае беларускім тэрміналягічным традыцыям ды зацямняе сэнс аповеду.

Напэўна, на старонках «Нашай Нівы» мне варта яшчэ будзе спыніцца над тэмай, якую можна назваць «Шмат сэнсаў Рэспублікі», а таксама на паходжаньні тэрміну «Рэч Паспалітая».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0