Іхная рэлігія нарадзілася ў сярэдзіне ХІХ ст. у Пэрсіі. Іхні галоўны храм — у ізраільскай Хайфе, куды кожны вернік мае схадзіць

у дзевяцідзённую пілігрымку хаця б раз у жыцьці. Яны моляцца, павярнуўшыся тварам да Хайфы, ня маюць сьвятароў. Яны носяць звычайную вопратку. Месяц таму ўбачылі сьвет малітвы бахаі па-беларуску.

Бахаі (націск на апошні склад) — арабскае слова, што азначае «сьвятло, слава, веліч». Рэлігійнае аб’яднаньне бахаі ў Беларусі мае пяць зарэгістраваных суполак (Берасьце, Віцебск, Гомель, Менск, Магілёў) і чатыры незарэгістраваныя — агулам блізу 400 чалавек у 41 паселішчы. Адзіны на ўсю Эўропу храм бахаі — у Франкфурце-на-Майне, хоць яны маюць суполкі ў 188 краінах ды налічваюць каля 5 млн прыхільнікаў.

У Беларусі першы вернік бахаі зьявіўся ў 1978 г.: інжынэр-электроншчык Гэльмут Вінкельбах ажаніўся з савецкай грамадзянкай і пераехаў сюды зь Нямеччыны. У той час яму даводзілася маўчаць пра сваё веравызнаньне. Першы беларускі бахаі зьявіўся толькі ў 1989 г. У 1992 г. вернікі зарэгістравалі першую суполку з 30 чалавек. Найбольшага росту (да 400 дарослых чальцоў) суполкі бахаі дасягнулі ў 2000 г. Цяпер, кажа чалец Духоўнага сходу бахаі Беларусі Васіль Кісьляк, ёсьць тэндэнцыя да зьніжэньня колькасьці: моладзь выяжджае за мяжу, суполкі ня маюць магчымасьці весьці актыўную прапаганду.

Пераклад сьвятых тэкстаў на беларускую — справа, вельмі важная для бахаі. Нездарма яны і сайт (www.bahai.by) маюць па-беларуску. «Заснавальнікі рэлігіі заахвочвалі нас да перакладаў на ўсе мовы сьвету. Да таго ж, калі мы перакладаем гэтыя тэксты на іншую мову, то яна атрымлівае штуршок да разьвіцьця», — кажа В.Кісьляк. Пераклады для беларускага выданьня былі зроблены з ангельскай: «уцаркаўлёных» перакладчыкаў з арыгіналу на арабскай і фарсі беларускія бахаі не знайшлі.

Малітвы аздоблены выцінанкамі мастачкі Ірыны Сазонавай (аналягічныя расейскае і ўкраінскае выданьні выходзілі без мастацкага аздабленьня). Паводле слоў В.Кісьляка, нацыянальная самабытнасьць для бахаі — вельмі важны момант: на ўсе замежныя сустрэчы беларуская дэлегацыя выяжджае ў нацыянальных строях. У нацыянальных традыцыях аздоблены таксама падарункі беларускага аб’яднаньня, дасланыя ў галоўны храм у Хайфе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0