Пасьля дэнамінацыі ў Румыніі беларусы зробяцца адзіным народам у Эўропе, які разьлічваецца тысячамі за ёгурты і мільёнамі за мэблевыя гарнітуры.

Адначасова сярэдні заробак румына апярэдзіў беларускі.

1 ліпеня беларускі рубель зробіцца самай таннай валютай у Эўропе. У пятніцу 1 ліпеня румынская лея пазбаўляецца ад чатырох нулёў — спадчыны часоў шалёнай інфляцыі. У аўторак ля банкаматаў па ўсёй краіне ўтварыліся вялікія чэргі. Людзі жадалі ўзяць дастаткова гатоўкі, каб дажыць да панядзелка: з тэхнічных прычын, зьвязаных з дэнамінацыяй, банкі прыпынылі работу на пяць дзён. Румынія хоць і крочыць да Эўразьвязу, аднак яшчэ ня мае такой вялікай долі людзей, што карыстаюцца крэдытнымі карткамі, — таму насельніцтва вырашыла назапасіць наяўных.

Псыхолягі кажуць, што адвыканьне ад нулёў зойме пэўны час і можа прывесьці да таго, што цэны будуць здавацца меншымі, чым яны ёсьць насамрэч, а афіцыянтам у рэстаранах пачнуць больш даваць на чай.

Румыны, якія маюць досьвед круцельскіх дэнамінацый за савецкім часам, крыху напужаныя, але Нацыянальны банк супакойвае: мяняць грошы можна будзе ў неабмежаванай колькасьці і на працягу неабмежаванага часу.

Урад краіны рашыўся на дэнамінацыю, бо інфляцыя летась зьнізілася да 9%.

Такім чынам, калі раней за адзін даляр даводзілася плаціць прыкладна 29 800 леяў, пасьля рэформы курс складзе 2 леі 98 баняў за адзін «зялёны». Сярэдні заробак да дэнамінацыі складаў 7,4 мільёны леяў — ці 248 даляраў пасьля вылічэньня ўсіх падаткаў.

Такім чынам, сярэдні заробак у Румыніі апераджае беларускі. Праз усе 1990-я было іначай: Румынія па сярэднім заробку адставала ад Беларусі. Сярэдні заробак у нас, паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, за травень склаў 449 933 рублі — каля 209 даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0