28 чэрвеня на лекцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце У.Цімашэвіч абвясьціў пра тое, што будзе балятавацца ў прэзыдэнты.

Ён памяняў раней прынятае рашэньне не ісьці на выбары «пад уплывам просьбаў сяброў і выбаршчыкаў». Выбарчы штаб Цімашэвіча павінна ўзначаліць Ялянта Квасьнеўская, жонка Аляксандра Квасьнеўскага. Асноўнымі супернікамі Цімашэвіча стануць кандыдат правых — мэр Варшавы Лех Качыньскі і беспартыйны кандыдат, вядомы хірург Зьбігнеў Раліга.

Гайнаўка — павятовы горад з 25-тысячным насельніцтвам ля Белавескай пушчы. Тут жывуць пераважна беларусы. І тут прапісаны маршалак Сойму Ўладзімеж Цімашэвіч, галоўны прэтэндэнт на прэзыдэнцкіх выбарах.

Карэспандэнт «Газэты выборчай» наведаў Гайнаўку.

Дзе знайсьці ўзорнага гайнаўца? У бары «Ў Валодзі». Яго ўладальнік сабраў там сьцягі, узнагароды, фатаздымкі мінулай эпохі. Над уваходам — бюст Леніна. Непадалёк ад бару — офіс У.Цімашэвіча і іншых дэпутатаў Саюзу лявіцы дэмакратычнай (СЛД).

У бары сустракаю Марціна Саліпіўку і Міраслава Палку. Марціну 25—30 год, ягоны сябар — удвая старэйшы. Яднаюць іх погляды на кар’еру Цімашэвіча.

— Даспадобы ў ім тое, што ён далёкі ад усёй гэтай хеўры, — гаворыць маладзейшы. — Цімашэвіч ходзіць тут па вуліцах, крамах, сустракаецца зь людзьмі проста так, безь ніякай тэлевізіі.

— І што з таго? — рытарычна пытаецца Пушчанец — так адрэкамэндаваўся чалавек, якога я сустрэў на прыпынку аўтобусаў. — З таго, што Цімашэвіч праедзе праз горад, толку мала. Калі «свой чалавек» вырастае так высока, ён перастае бачыць, як і чым жывуць людзі.

У самым цэнтры Гайнаўкі стаіць будынак магістрату й староства. Перад управай — помніка зубра. Каля помніка я сустракаю Пані Каталічку. Яна нам упраўляе мазгі:

— Мы, каталікі, не прагаласуем за Цімашэвіча. Праваслаўныя гавораць, што гэта іхны чалавек. Можа, і іхны, але дакладна ня наш. Горад падзелены, — пераконвае Пані Каталічка. — Калі да нас ксёндз прыходзіць, у мяне на ўсёй пляцоўцы ўжо пшыкаюць: «о, ксёндз прыйшоў»...

Але якое дачыненьне да гэтага мае Цімашэвіч?

— А прамое. — Домік сабе купіў у пушчы. А чаму без аўкцыёну? Можа, нехта іншы таксама хацеў бы купіць?

У старасты Гайнаўкі Ўладзімежа Петрачука (СЛД) сваё меркаваньне:

— Людзі лічаць яго сваім. Сустракаюць яго на базары, у краме. Ён зрабіў для Гайнаўкі шмат. Філіял Беластоцкага політэхнічнага інстытуту, мясцовае самастойнае казначэйства, неўзабаве адкрыецца пагранпераход у Белавежы... Усё гэта адбываецца пры яго ўдзеле і дзякуючы яму.

У Гайнаўцы СЛД пачуваецца трывала. Па выніках апошніх выбараў у павятовай радзе аказалася 10 дэпутатаў ад Саюзу зь сямнаццаці. Уласна, толькі дзеля грамадзкага спакою стараста пастанавіў стварыць кааліцыю зь Беларускім народным выбарчым камітэтам (беларускія дзеячы і Польская сялянская партыя).

Цімашэвіч нарадзіўся ў Варшаве, але ўжо некалькі год ён арандуе хату ў лесе за некалькі кілямэтраў ад Гайнаўкі. У свой час там ужо пасьпеў пагасьцяваць Ёшка Фішэр. Цімашэвіч дбае пра свой спакой: ён пусьціў фотакарэспандэнтаў, але папрасіў, каб яны не выдавалі назвы і дакладнага месцазнаходжаньня сядзібы. Хоць тутэйшыя, само сабой, і так ведаюць, дзе яна знаходзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0