Баючыся крадзяжу, шыльду Адама Станкевіча на Базылянскіх мурах адкрылі дзеля таго, каб адразу зьняць, схаваўшы да лепшых часоў у памяшканьні ТБК. Чаму беларуская грамада Вільні не нагадвае пра свае правы на Базылянскія муры?

Зь Вільні піша Андранік Антанян.

У мінулую суботу мне давялося папрысутнічаць на адным мерапрыемстве. У Вільні, у Базылянскіх мурах, адбылося адкрыцьцё мэмарыяльнай шыльды ксяндзу Адаму Станкевічу. Імпрэзу ладзіла Таварыства беларускай культуры ў Літве.

На першы погляд, нічога такога звышасаблівага ў гэтай падзеі ня знойдзеш. У Базылянскіх мурах у 1919—1944 гг. месьцілася Віленская беларуская гімназія, у якой выкладаў духоўны лідэр беларускіх хадэкаў, дый наагул гэты архітэктурны ансамбль добра ўпісаны ў беларускі гістарычны кантэкст: царква Сьвятой Тройцы, вакол якой утвараецца комплекс, была пабудавана на грошы Канстанціна Астроскага, тут склаў граматыку Зізані, сядзелі ў зьняволеньні сябры таемных таварыстваў Віленскага ўнівэрсытэту, у міжваенным часе знаходзіўся музэй імя Івана Луцкевіча. Пры наяўнасьці жаданьня, рэсурсаў і натхненьня скульптараў беларускімі мэмарыяльнымі шыльдамі можна абляпіць увесь фасад будынку.

Караімы ці беларусы

Аднак, баючыся крадзяжу, шыльду Станкевічу адкрылі дзеля таго, каб адразу зьняць, схаваўшы да лепшых часоў у памяшканьні ТБК. Такі крок можна зразумець. Беларускія мэмарыяльныя шыльды ў Вільні часьцяком становяцца ахвярамі вандалізму ці то ласых на каляровыя мэталы бамжоў, ці то хуліганаў. Вось толькі шкада, калі людзі не праяўляюць відавочнага жаданьня вучыцца на сваіх памылках. Знакі ўшанаваньня памяці беларускіх віленчукоў папярэдніх пакаленьняў можна было б вешаць на куды большай вышыні.

Зь іншага боку гарадзкая прастора ўпарта не паддаецца беларускай разьметцы. У любым літоўскім выданьні, разьлічаным на турыстаў, мы знойдзем куды больш інфармацыі аб усіх 272 літоўскіх караімах (чый уклад у гісторыю Краю іначай як гомэапатычным і не назавеш), чым пра 41 тысячу беларусаў.

Прычыны такой брутальнай няўвагі да аўтахтоннага этнасу рэгіёну прынята шукаць у раўнівым стаўленьні літоўцаў да беларускіх прэтэнзій на Вільню, непрэзэнтабэльным і вельмі неадэкватным вобразе Беларусі, які склаўся ў сьвеце на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя. Хоць і выглядае на тое, што віленскае пытаньне зь літоўскага боку трактуецца як канчаткова вырашанае і рэўнасьць даўно саступіла месца іншым, куды больш цёплым пачуцьцям. Праблема ў тым, што беларуская грамада дагэтуль ня здолела паўнаварта інтэгравацца ў літоўскае жыцьцё, мае мала кантактаў і ўплыву.

Барацьба за муры

Кідаюцца ў вочы вось якія рэчы. Справа ў тым, што ў пачатку чэрвеня па літоўскіх СМІ прайшоў сюжэт пра канфлікт, які ўзьнік паміж Віленскай курыяй, якой належыць прыблізна 3/4 плошчы архітэктурнага ансамблю, з аднаго боку, і Дэпартамэнтам па ахове культурных каштоўнасьцяў пры Міністэрстве культуры Літоўскай Рэспублікі ды ўніяцкім ордэнам базылянаў, якому належыць астатняя частка комплексу, — з другога. Сутнасьць спрэчкі для сёньняшняй Вільні, якая перажывае будаўнічы бум, тыповая.

Віленскае арцыбіскупства мела намер хутка адрамантаваць памяшканьні і здаць іх у арэнду «адной з нарвэскіх ВНУ, якая шукае памяшканьні ў Вільні». Апрача рамонту, у задуму ўваходзіла таксама і ўзьвядзеньне ў манастырскім двары яшчэ аднаго памяшканьня пад аўдыторыі. З ажыцьцяўленьнем гэтага праекту манастырскі комплекс замест грамадзкага атрымаў бы камэрцыйны статус, а на ўчастку, які ўваходзіць у ахоўную зону UNESCO, павінна была зьявіцца пабудова XXI стагодзьдзя. Супраць гэтага праекту выступілі як мясцовыя жыхары, якія сабралі некалькі соцень подпісаў пад заявай з патрабаваньнем не даваць дазволу на будаўніцтва, дэпартамэнт па ахове культурных каштоўнасьцяў, які абгрунтоўваў сваё рашэньне тым, што навабуд аўтаматычна зьнішчыць архітэктурную і гістарычную вартасьць Базылянскіх муроў, так і Ордэн базылянаў.

Усё будзе добра, толькі ня трэба нічога рабіць?

Ордэн на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя спрабуе вярнуць сабе правы на ўвесь комплекс і ўдыхнуць ў яго жыцьцё — правесьці рэстаўрацыю царквы Сьв.Тройцы, перавезьці з Рыму частку рэліквій сьв.Язафата Кунцэвіча, аднавіць сад зёлак, стварыць музэй, цэнтар культуры для ўкраінцаў, беларусаў і палякаў.

У такой сытуацыі было б лягічным чакаць, што мясцовыя беларускія грамадзкія арганізацыі прымуць у гэтай спрэчцы ўдзел з тым, каб нагадаць (ці заявіць) пра свае — няхай і нематэрыяльныя — правы на Базылянскія муры. Насамрэч ня так і важна, на чыім баку магло б быць тое выступленьне, хоць трэба прызнаць, што пляны ўніяцкага ордэну выглядаюць шматкроць сымпатычнейшымі. Аднак такога выступу не адбылося. Можа, беларусы газэт не чытаюць і тэлевізара не глядзяць, можа, моцна занятыя падрыхтоўкай да Зьезду беларусаў сьвету ці Купальля. А можа, проста вырашылі праігнараваць заваруху, скарыстаўшыся запаветам бацькі беларускага друку Аляксандра Ўласава, які любіў паўтараць: «Усё будзе добра, толькі ня трэба нічога рабіць». Хто ж цяпер праўду скажа?

Магчыма, яно ўсё будзе добра. Толькі варта ўжо падрыхтавацца да таго, што, калі прыйдзе той прыгожы дзень, калі беларусы наважацца прымацаваць памятны знак Адаму Станкевічу да сьцен колішняй гімназіі, парыў гэты ня будзе зразуметы адэкватна. Нічога страшнага не адбудзецца, толькі трэба быць гатовым да таго, што давядзецца адказаць новым гаспадарам Базылянскіх муроў (хто б імі ні стаў) на тры непрыемныя пытаньні: «Хто вы такія?», «Адкуль узяліся?» і «Што вам трэба?». Але адказваць на тыя пытаньні будзе запозна. Хоць выглядае на тое, што рабіць гэта позна ўжо і сёньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0