6 ліпеня прэзыдэнт падпісаў указ аб адстаўцы міністра спорту і турызму Юр’я Сівакова і прызначыў новага кіраўніка — кіраўніка Фэдэрацыі боксу Аляксандра Грыгарава.
Кандыдат пэдагагічных навук А.Грыгараў нарадзіўся ў 1948 г. у Баранавічах, скончыў Менскі інстытут фізычнай культуры і Вышэйшую партыйную школу, працаваў настаўнікам у Барысаўскім раёне, намесьнікам старшыні Добраахвотнага таварыства «Ўраджай», у 1987—1996 г. узначальваў рэспубліканскі фізкультурна-спартовы клюб «Спорт». У 1996—2003 г. — намесьнік міністра спорту, пакінуў пасаду пасьля прыходу ў міністэрства Ю.Сівакова. Апошнія два гады быў дарадцам Выканаўчага камітэту СНД.
Што да экс-міністра, то ён «будзе працаваць па профілі сваёй адукацыі», цытуе БелТА словы прэзыдэнта. У 1977 г. Ю.Сівакоў скончыў Ваенную акадэмію бранятанкавых войскаў. У 1999—2000 г. Ю.Сівакоў займаў пасаду міністра ўнутраных спраў. Яму закідалі датычнасьць да знікненьняў Ю.Захаранкі, А.Красоўскага, В.Ганчара.