Беларускае царства мёртвых — гэта нешта накшталт рынку турыстычных апэратараў.
Фэльетон Лёліка Ушкіна.
Гэтай зімой «Навінкі» спрабавалі зьняць ролік.
Прыдумалі фантасмагарычны сцэнар: працягваючы практыку аднаўленьня гістарычнага ляндшафту, улады не прыпыніліся на «Лініі Сталіна». Каб аднавіць вобраз Менску часоў Усяслава Чарадзея, насыпалі вал па вуліцы Гарадзкі Вал. І калі на «Лініі Сталіна» турыст можа пастраляць з кулямёта «Максім» па імправізаваных фашыстах, на вале за адпаведныя грошы аматары гістарычнай экзотыкі могуць выліць на імправізаваных татар кіпень з гарбатніка. Шкада, што праз наша разьдзяўбайства стужка так і ня ўбачыць сьвету.
Сэнс у тым, што амаль да ўчора ўсе былі ўпэўнены, што «Лінія Сталіна» — звычайны атракцыён. Як вынік, словы прэзыдэнта «Комплекс павінен быць самаакупным», якія прагучалі падчас адкрыцьця, былі абсалютна зразумелымі. Незразумела, праўда, хто папрэцца пад Заслаўе і яшчэ выкладзе лавэ, каб паглядзець гармату ЗІС-3 выпуску 1942 году. Яе можна зазырыць і ў музэі ВАВ. Прычым на дурня.
Прыкалола іншае — калі наш лідэр усклаў кветкі да мэмарыяльнай дошкі героям — абаронцам беларускай «лініі Мажыно».
Оба-на! Ступень праяўленьня памяці да герояў абароны ЛС залежыць ад рэнтабэльнасці. Ня будзе адрэстаўраваны дот прыносіць лавандос — мэмарыял, трэба разумець, зачыняць. Натуральна, сьцяжыначка да мэмарыяльнай шыльды абсалютна не зарасьце. Аднак хеўры сяброў БРСМ, якіх хутка прыгоняць сюды, ня будзе.
Яшчэ цікавей паглядзець на ініцыятыву з пункту гледжаньня тэорый танаталёгіі — навукі аб разуменьні сьмерці. Пазбавіўшыся хваста, чалавек выпрацаваў некалькі мадэляў стаўленьня да памерлых: анімістычную (мёртвыя — раўнапраўныя суб’екты жыцьця), рэлігійную (рабі як Хрыстос — і пазьбегнеш сьмерці), сэкулярызаваную (татальная актуалізацыя асобы), нэкрарэалізм (эстэтыка сьмерці). Канцэпт памяці «Лініі Сталіна» — апошні піск.
Ушанаваньне мёртвых адбываецца ў форме эксплюатацыі іхніх імёнаў на рынку. Сьмерць у такім разе можа разглядацца як пераход зь фізычнага статусу ў статус таварны. Чым больш шануеш продкаў, тым больш на іх рубіш капусты. Застаецца прыняць адпаведны ўказ аб формах культу мёртвых.
Радаўніца і Дзяды могуць набыць фармат вялікіх базараў турыстычных паслуг. Прыходзіш на могілкі і рэклямуеш свайго, скажам, дзеда: «Шаноўныя, наведайце магілу прадзеда. Усяго за тысячу рублёў вы ўбачыце героя японска-расейскай вайны. Калектыўным наведвальнікам бонус…» Або: «Прагляд магілы маёй прабабкі, якая бачыла прыгон!» Вось гэта сапраўды памяць! Гэта вам не гарэлку на могілках глушыць.