Атмасфэра разгубленасьці, трывогі й жаху адрозьнівае «Вайну сусьветаў» Сьпілбэрга ад бравурна-аптымістычнага «Дня Незалежнасьці» Раланда Эмэрыха, а кампутарныя эфэкты зьдзяйсьняюць пэсымістычныя прароцтвы Г.Ўэлза.

«Гэта тэрарысты? Тэрарысты?» — некалькі разоў пытаецца ў карціне юнак. Амаль што так: схаваныя ў зямлі чужынскія баявыя машыны былі абуджаны «маланкавым» дэсантам іншаплянэцян — і вось ужо пачварныя трыножкі зьнішчаюць гарады й паляць прамянямі людзей.

Сьпілбэрг перанёс дзеяньне раману Ўэлза з Англіі ў ЗША (а першае ўварваньне ворагаў, згодна з рэжысэрам і сцэнарыстам, адбылося ва Ўкраіне). Рэй (Том Круз), якому былая жонка прывезла на выхадныя дачку й сына, імкнецца выратаваць дзяцей.

У фільме ёсьць абавязковыя для карціны такога кшталту сцэны панікі, разгрому зямных войскаў і трыюмфу іншаплянэцян. Але рэжысэру цікава дакрануцца да экзыстэнцыйнага шоку, стану краху й крызісу, калі адзінае збавеньне — сям’я. Спэцэфэктаў у «Вайне сусьветаў» ня шмат, але Сьпілбэрг выдае іх акуратнымі дозамі, надзвычай умела вымотваючы нэрвы гледачам, каб каранаваць чаканьне лазэрнымі прамянямі, чырвона-плястыкавымі водарасьцямі й агіднымі іншаплянэтнымі пысамі.

Як і ангельскі фантаст, Сьпілбэрг зрабіў пераможцамі не людзей, а выпадак, схаваны ў мірыядах часьцінак. Ад гэтага карціна сталася яшчэ страшнейшай. Зацягвае і не адпускае нават пасьля прагляду.

«Вайна сусьветаў» («War of the Worlds»)

ЗША, 2005, каляровы, 116 хв.

Жанр: жудасная фантастыка паводле аднайменнага раману Гэрбэрта Ўэлза

Адзнака: 7,5 (з 10)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0