Чысьценькія ўтульныя дамы з разнымі ліштвамі, каляровыя арнамэнты з імхоў і пункт продажу спадарожнікавых талерак.

Такім убачылі Глыбоччыну госьці І Міжнароднага фэстывалю хрысьціянскіх фільмаў «Магніфікат».

Рэпартаж Андрэя Расінскага.

Мосарскі цуд

Мосар — гэта вёска, дзе п’юць найменей у Беларусі. Зялёнаму зьмію, пошасьці, што не шкадуе ні сталіцы, ні правінцыі, абвясьціў вайну ксёндз Юозас Булька . Гэтая вайна ўжо абрасла паданьнямі, пра яе сьведчаць агітацыйныя стэнды, аздобленыя разнаякаснымі самагоннымі апаратамі, здадзенымі жыхарамі.

А яшчэ Мосар завуць Беларускім Вэрсалем. Ксёндз Юозас, калі прыехаў у прыход, пабудаваў пры касьцёле Сьвятой Ганны маленькі вэрсальскі ляндшафт з масткамі, сажалкамі, альтанкамі і лілеямі. Да сьвятой крынічкі вядзе акуратная сьцежка, а стэлы з малюнкамі нагадваюць новазапаветную гісторыю — пакуты Хрыстовы, уваскрэсеньне, каранаваньне Маці Божай.

На пагорку ўдалечыні аграмадны — адусюль відаць — крыж.

Ля касьцёлу цёпла-шчырая, народная, драўляна-шэрая статуя Збаўцы. У касьцёле — рэліквіі сьвятога Юстына. Таго самага, што бараніў хрысьціян перад рымскім сэнатам у II ст.

Найбольшая колькасьць наведнікаў прыяжджае ў Мосар на дзень сьвятога Яна Хрысьціцеля, 24 чэрвеня. Ноч Сьвятога Яна сёлета ў Мосары сьвяткавалі з 25 на 26 чэрвеня. Сьвятар асьвячае вогнішча, у карагодзе дазволена танчыць і манашкам, так што гэта былі зусім не купальскія радасьці, а адмысловы хрысьціянскі фэст.

Радзіма Драздовіча

Мясцовая заля, ашчадна адрэстаўраваная на грошы з прэзыдэнцкага фонду, названая ў гонар заснавальніка беларускага тэатру Ігната Буйніцкага. Напамін пра рэчаіснасьць — усутыч з заляй матэрыяльнамоўнае «Глубокое — райгаз». Назвы вуліцаў: Маскоўская, Гагарына, Энгельса — і памяць пра землякоў Ластоўскага, Буйніцкага, Драздовіча. «Жыхары, у каго ёсьць дываны Драздовіча, ужо не аддаюць іх нам», — кажа супрацоўніца музэю.

У Глыбокім пацешны Ленін — з крывымі нагамі. Побач з помнікам — узьнёслыя храмы. «У нас палова вучняў з музычнай школы сьпявае ў праваслаўным храме, а палова — у касьцёле», — гаворыць Марыя Паляк, загадчыца аддзелу культуры Глыбоцкага райвыканкаму.

Царква Раства Багародзіцы — колішні касьцёл кармэлітаў — першаўзорнае віленскае барока, закінутае ў неба. Царква глядзіць на позьнебарочны Траецкі касьцёл — твар у твар, сьпеў да сьпеву, сьляза да сьлязы.

Папскі нунцый і кінахлапушка

Кінафэстываль «Magnificat-2005» адкрываў папскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. На мшы ў Мосары ён дабраславіў гэтае кінапачынаньне. А арганізатар фэстывалю рэжысэр і апэратар Юры Гарулёў прапанаваў і кінахлапушку, якой пазначаецца кожны дубль у фільме. Сёлетні дубль «Магніфікату» быў першым.

Зроблены кінадубль быў ва Ўдзеле, побач з касьцёлам францішканаў, ля помніка сьв. Максыміляну Кольбэ. Удзельскія парафіяне зь цікавасьцю глядзелі некалькі фільмаў, паказаныя ў мястэчку. Ледзьве месцаў хапіла. Асноўная частка фільмаў была паказана ў Глыбокім.

Разгадка Глыбоччыны

Самае неверагоднае ў Глыбокім — людзкія твары, адкрытыя, чыстыя, асьветленыя спагадаю, цеплынёй і мудрасьцю; гэта атмасфэра наіўна-шчырага й штодзённага дабра і непрыметнай, але адчувальнай Прысутнасьці.

Немагчыма растлумачыць, што адбываецца ўнутры цябе, калі пабываеш на Глыбоччыне. Пекната, замілавальная наіўнасьць і адзнакі вечнасьці — штосьці на гэтай зямлі абуджае сэрца, дае надзею і суцяшэньне.

Проста на Беларусі Бог жыве. А Глыбоччына — Ягоны кінатэатар.

Пра Сьвёнтка, езуітаў і каталіцкі фэст

Старшыня Каталіцкай асацыяцыі для камунікацый «Signis-Беларусь», арганізатар фэсту «Magnificat-2005» Юры Гарулёў адказвае на пытаньні «НН».

«НН»: У свой час Вы былі на пэрспэктыўнай камсамольскай працы ў Ленінградзе – і раптамсышлі ў кінэматограф. Чаму?

Юры Гарулёў: У кіно я хацеў трапіць заўжды. Яшчэ калі пабачыў у клюбе трафэйныя карціны, я проста ашалеў ад кіно. Але праз хрушчоўскія правілы трапіў у Ленінградзкі інстытут кінаінжынэраў і захапіўся грамадзкай працай. Арганізатарскія здольнасьці, патрэбныя для ладжаньня фэсту, я атрымаў там, у камсамоле.

Мне пасьля прапаноўвалі сьвінакомплекс пад Ленінградам, гэта была адказная праца і высокааплатная, пэрспэктыўная страшна, але ў мяне была мара, я сказаў: «Не, я зьяжджаю ў Менск…»

«НН»: Сёньня Вы ўзначальваеце каталіцкі фэст. Як прыйшлі да гэтага з савецкіх атэістычных часоў?

ЮГ: Першы штуршок быў, калі мы з Аркадзем Рудэрманам здымалі фільм пра мэліярацыю на Палесьсі і трапілі ў касьцёл у Пінску. Заходзіць экскурсія, вядзе яе стары чалавек – і ён так магутна распавядае – мы проста адкрылі рот. І савецкай уладзе даставалася – па справе. Гэта быў Казімір Сьвёнтак, тады ён быў простым ксяндзом. Мы, дарэчы, пра каталіцызм увогуле нічога ня ведалі. Каталіцызм – дык абавязкова злы чалавек, «езуіт». І я сутыкнуўсязь езуітам.

«НН»: Як?

ЮГ: Здымалі фільм «Арганы Беларусі». Калі сабраліся ў Пінск, Неўдах, сцэнарыст, кажа: «Тут мой знаёмы з Польшчы. Можна, паедзе з намі?» Прыходзіць хлопец у джынсах, куртка джынсавая, кашуля. І кажа: «Збышак, манах ордэну езуітаў». І я адваліўся. Манах! Хлопец у джынсах! Езуіт у маім разуменьні было – штосьці зьвярынае.

«НН»: Калі ладзілі каталіцкі фэст, не баяліся абвінавачаньняў у празэлітызьме?

ЮГ: Паглядзіце – тут і карціны пра праваслаўных, і пра каталікоў; шкада, што сёлета не было пра пратэстантаў. Тут нельга дзяліць. Усе вераць у Бога.

«НН»: Чаму «Magnificat» арганізавалі менавіта на Глыбоччыне?

ЮГ: Гэта сувязь з фэстывалем хрысьціянскага кіно «Непакаляны» ў Польшчы, які нам дапамог, фільмы прэзэнтаваў. Там – Максымілян Кольбэ, сьвяты патрон – і ва Ўдзеле помнік Максыміляну Кольбэ. І на Глыбоччыне багатыя традыцыі.

ЮРЫ ГАРУЛЁЎ – апэратар, рэжысэр-дакумэнталіст. Як апэратар зьняў дакумэнтальныя карціны «Тэатар часоў перабудовы і галоснасьці», «Цавэд танэм. Армэнія. Фрагмэнты трагедыі», «Арганы Беларусі». Як рэжысэр паставіў фільмы «Дэпутаты», «Філязофскае аддзяленьне», «Малітва». Заснаваў студыю «Стоп-кадар» для здымак рэлігійных фільмаў.

Кінафэст «Магніфікат»

сабраў 25 работ зь Беларусі, Украіны, Расеі, Польшчы, Мэксыкі, Францыі, Тайлянду. Беларусь была прадстаўлена 14 творамі. Гран-пры фэстывалю журы сёлета вырашыла не прысуджаць.

Дыплёмамі і прызамі журы адзначаны:

Фільм «Божа мой» («Беларусьфільм», 2004 г., аўтар сцэнару і рэжысэр — Галіна Адамовіч) — за рэжысуру. Гераіня карціны — старая вясковая скульптарка, якая жыве на беларуска-літоўскім памежжы. Юліта Кармаза робіць каплічкі й помнікі з цэмэнту.

За высокі прафэсіяналізм у адлюстраваньні гарманічнага і жыцьцесьцьвярджальнага сьветаўспрыманьня герояў у іх нацыянальным самавыяўленьні — фільм «Прымакі» (студыя «5-ты элемэнт», Менск, аўтар сцэнару і рэжысэр — Уладзімер Бокун). Фільм апавядае пра вядомы і шанаваны на Беласточчыне ансамбль «Прымакі» з Гарадку.

Фільм «Даруй мне, Сяргей» (каталіцкая тэлестудыя «Кана», Новасібірск, аўтар сцэнару і рэжысэр — Даміян Вайцахоўскі) — за арыгінальнае мастацкае раскрыцьцё тэмы пошукаў праўды.

(Падрабязьней аб прызах і намінацыях на сайце catholic.by.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0