Знакі прыпынку

* * *

Здаецца, што ўжо ўсё парушылася, а ўсё яшчэ нешта рушыцца, рушыцца, рушыцца… І не спыніць. А чалавеку трэба мець штосьці непарушнае — на чым стаяць.

Ангельскі вучоны Філіп Гасэ быў правадзейным сябрам Каралеўскага навуковага таварыства, спэцыялістам па марской біялёгіі. Усё ў ягоным жыцьці было хораша і надзейна зладжана, апроч часу, у якім разбураўся міт аб стварэньні сьвету. Страх перад гэтым разбурэньнем змусіў яго, вучонага-біёляга, за два гады да публікацыі дарвінскага «Паходжаньня відаў…» надрукаваць свой трактат «Пуп Зямлі, або Спроба разьвязаць геалягічны вузел», у якім супярэчнасьці паміж біблейскай легендай і тэорыяй эвалюцыі ліквідоўваліся даволі хітра. «У той жа дзень, — даводзіў Гасэ, — калі Гасподзь сварыў Адама, ён стварыў і ўсе выкапні, усе вымерлыя формы жыцьця».

Сьмешна, але шчымліва.

Гасэ не ерэтык, а я ведаў папа, які, калі выпіваў і мучаўся тою ж праблемаю, што і ангельскі біёляг, дазваляў сабе ерась: першапачатковы сьвет стварыў Сатана, свавольны і амбітны анёл Гасподні. Стварыў ён сьвет на свой сатанінскі капыл: зь яшчарамі, дыназаўрамі і ўсёй астатняй дагістарычнай брыдой. Богу ў той час не да Зямлі было, Ён нечым (поп слаба тлумачыў, чым) надта важным займаўся, а пасьля бачыць: Зямля ўся ў сатанінскіх вычварынах! Сатану Гасподзь адразу ў пекла ўпёк — і ўсё на Зямлі перарабіў. Брыду ўсю зьнішчыў, на вычварын ледавік насунуў… Шкілеты іх замерзлыя і знаходзяць палеантолягі, ня дзіва.

* * *

Ісьціна — там і тады, дзе і калі ёсьць адказнасьць. Гісторыя чалавецтва — гісторыя дактрын, безадказных падробак пад ісьціну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0