Перад шкляным будынкам з надпісам «Экамэдсэрвіс», які паўколам раскінуўся на вуліцы Таўстога, завяршаюцца апошнія працы. Будаўнікі прымацоўваюць рэшты фасадных плітаў, кладуць апошнія цагліны ў ходнікі, зьмятаюць пясок. Усё гатова для ўрачыстага адкрыцьця. Яно мусіць адбыцца акурат да дзесяцігодзьдзя мэдыцынскага цэнтру. Калі толькі дзясяты год ня зробіцца апошнім.

Натальля Крамнёва, якая адказвае за сувязі «Экамэдсэрвісу» з грамадзкасьцю, заходзіць праз галоўныя дзьверы ў хол, пакрыты мармурам крэмавага колеру, і бярэ ў адміністратуры, якая, хутчэй, нагадвае рэцэпцыю ў гатэлі, ключы ад аднаго з кабінэтаў. «У старым будынку «Экамэдсэрвісу» цеснавата — там усяго 12 пакояў, а тут — больш за 5 тысячаў квадратных мэтраў плошчы», — кажа яна. Як на беларускія меркі, будынак шыкоўны. Таму можна лёгка ўявіць, якую рэакцыю выклікала рашэньне Міністэрства аховы здароўя ануляваць ліцэнзію «Экамэдсэрвісу» ў яго супрацоўнікаў і ўладальнікаў (сузаснавальнікі гэтага амэрыканска-беларускага прадпрыемства — прыватныя асобы).

«Нашае кіраўніцтва дагэтуль схільнае разглядаць тое, што адбываецца, як непаразуменьне», — кажа Натальля Крамнёва. Вышэйшы гаспадарчы суд, які разглядае скаргу «Экамэдсэрвісу» на дзеяньні Міністэрства аховы здароўя, часова прыпыніў дзеяньне рашэньня аб пазбаўленьні ліцэнзіі, таму цэнтар працуе ў ранейшым рэжыме. Натальля Крамнёва распавяла, у чым заключалася «грубае парушэньне», за якое зьбіраюцца зачыніць «Экамэдсэрвіс»: «Наш кардыёляг — гэта чалавек, які быў загадчыкам кардыялягічнага аддзяленьня дзяржаўнай клінікі, мае 20 гадоў стажу ў кардыялёгіі, кандыдат мэдыцынскіх навук. Яна мае вышэйшую катэгорыю па тэрапіі і першую катэгорыю па кардыялёгіі. На наш погляд, гэта не супярэчыць палажэньню аб ліцэнзаваньні, але Міністэрства аховы здароўя патрабуе, каб была выключна вышэйшая катэгорыя. Падобная сытуацыя і з нашым псыхатэрапэўтам».

Зачыняць цэнтар, які дае працу дзьвюм сотням мэдыкаў, і да якога, як да паліклінікі, замацаваныя 15 тысячаў чалавек толькі з-за таго, што два дактары маюць не вышэйшую, а першую катэгорыю? Выглядае на звычайную прыдзірку. Праўда, закон не пакідае іншай магчымасьці — калі ў штаце прыватнага мэдцэнтру адзін і больш супрацоўнікаў маюць «неадпаведную» кваліфікацыю, санкцыя адна: пазбаўленьне ліцэнзіі.

Цяпер у краіне дзейнічае 3 183 арганізацыі, якія маюць ліцэнзію на мэдыцынскую дзейнасьць. Па выніках сёлетніх праверак былі ануляваныя 23 ліцэнзіі — 0,7% ад агульнага ліку. У колькасным выражэньні — лёгкая карэкціроўка рынку, а ў якасным — амаль зачыстка: права лячыць людзей пазбавіліся такія гіганты, як «Экамэдсэрвіс», «Нардын» і «Сучасная мікрахірургія вока».

Новы закон «Аб ахове здароўя», які паступіў на абмеркаваньне ў палату прадстаўнікоў, канчаткова зьнішчыць платныя кабінэты ў дзяржаўных паліклініках. Замест іх будзе створаная падвойная сыстэма мэдыцынскага абслугоўваньня: дармавыя паслугі ў дзяржаўных паліклініках і шпіталях, платныя — у новых дзяржаўных мэдцэнтрах. Ці не спрабуе дзяржава пазбавіцца ад непатрэбных канкурэнтаў, ладзячы маштабныя праверкі прыватных мэдцэнтраў?

На думку Натальлі Крамнёвай, дзяржава мусіла б стварыць роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў рынку — прыватнікі зьнялі б зь дзяржавы патрэбу абслугоўваць кліентаў, якія могуць за сябе заплаціць, а зэканомленыя такім чынам бюджэтныя грошы можна было б накіраваць на патрэбы бедных пацыентаў. Але дзяржава ў нас цяпер таксама думае, як бізнэсовец, і з радасьцю возьме на сябе «цяжар» абслугоўваньня багацеяў. Што з таго, што «Экамэдсэрвіс» сплочвае штогод каля паўмільёна даляраў падаткаў, калі дзяржава можа атрымліваць увесь ягоны прыбытак, стварыўшы ўласны платны цэнтар на замену зачыненаму прыватнаму?

Ліквідацыя прыватнікаў не пагражае рынку дэстабілізацыяй: недзяржаўныя мэдыцынскія цэнтры займаюць ня больш за 10% рынку мэдыцынскіх паслуг. Але непакоіць тое, што стварэньне дзяржаўнай платнай мэдыцыны можа зрабіць долю платных паслуг значна большай за тыя 10%. Пры гэтым дзяржава пераходзіць да стварэньня сыстэмы платнай мэдыцыны пры недаразьвітай сыстэме страхаваньня. Жыхары заходніх краінаў скардзяцца на тое, што мусяць плаціць высокія страхавыя ўнёскі, але ім і ў найгоршым сьне не прымроіцца, каб давялося плаціць за лекаваньне самім, без аніякіх страховак. У нас ідзе менавіта да гэтага. У найгоршым выпадку ў Беларусі можа скласьціся сыстэма, пры якой эфэктыўна лячыцца змогуць толькі тыя, хто будуць мець грошы, а ўсе астатнія будуць вымушаныя спадзявацца на дактароў у бясплатных мэдустановах. І наўрад ці ўзровень абслугоўваньня ў іх будзе такі самы, як і ў платных дзяржаўных мэдыцынскіх цэнтрах.

Цяпер у краіне дзейнічае 3 183 арганізацыі, якія маюць ліцэнзію на мэдыцынскую дзейнасьць. Па выніках сёлетніх праверак былі ануляваныя 23 ліцэнзіі — 0,7% ад агульнага ліку. У колькасным выражэньні — лёгкая карэкціроўка рынку, а ў якасным — амаль зачыстка: права лячыць людзей пазбавіліся такія гіганты, як «Экамэдсэр-віс», «Нардын» і «Сучасная мікрахірургія вока».

Доктар Андрэй Вітушка: «Мэдыкам далі сыгнал»

Лідэр незарэгістраванай Асацыяцыі беларускіх мэдыкаў камэнтуе падзеі вакол закрыцьця прыватных мэдыцынскіх цэнтраў.

Калі кіравацца лёгікай інспэктараў, можна сьмела ліквідаваць многія дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя. Напрыклад, толькі Менску бракуе каля 400 лекараў пераважна ў паліклінічным зьвяне.

Большасьць мэдыкаў зьвязваюць эпапэю з мэдычнымі цэнтрамі з стварэньнем міністэрствам аховы здароўя ўнітарных прадпрыемстваў, якія будуць аказваць платныя мэдычныя паслугі па-за межамі дзяржаўных паліклінік. Грамадзтву далі сыгнал: прыватныя мэдычныя цэнтры ненадзейныя і дарагія, лепш зь імі ня зьвязвацца.

Яшчэ адзін выразны знак адрасаваны кваліфікаваным лекарам, якія імкнуцца сумяшчаюць працу ў дзяржаўнай лячэбнай установе з падпрацоўкай у прыватнай. Маўляў, хочаце падпрацоўваць — калі ласка, але – на дзяржаву ў межах згаданых унітарных прадпрыемстваў.

Але Міністэрства аховы здароўя традыцыйна эканоміць на заробках лекараў. Ужо было, калі платныя паслугі ўводзілі ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Экспэрымэнт скончыўся тым, што нічым ад бясплатных паслугі не адрозьніваліся, а лекары ад «платнікаў» атрымлівалі адно толькі дадатковую працу за нязьменны заробак. Што да разнастайнасьці відаў паслуг, то тут першымі пацерпяць праграмы комплекснай ацэнкі, адсочваньня і карэкцыі стану здароўя, такія, як «Асабісты лекар вашага дзіцяці» ці «Асабісты тэрапэўт», папулярныя ў сучасных буйных мэдычных цэнтрах.

Дый бараніцца пацыенту ад несумленных лекараў стане шматкроць цяжэй. У 2004-м у ГА «Абарона спажыўца» паступіла больш за 30 скаргаў на дзейнасьць установаў прыватнай мэдыцыны. Толькі 10 зь іх дайшлі да суду, астатнія ж былі залагоджаны ў дасудовым парадку з выплатай пацярпелым сум нашмат большых за тыя, якія выплачваюцца па суду. Зьвязана гэта з тым, што судовы канфлікт з пацыентам непазьбежна цягне за сабой разнастайныя праверкі органаў кантролю, а значыць і амаль непазьбежныя страты. У выпадку ж зь дзяржаўнымі камэрцыйнымі паліклінікамі імавернасьць дасудовага вырашэньня справы мінімальная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0