Напрыканцы мiнулага тыдня зноў судзiлi «злачынную групоўку», у складзе якой былi 14 мытнiкаў на чале з былым начальнiкам упраўлення арганiзацыi Дзяржаўнага мытнага камiтэта Беларусi Сяргеем Дзмiтрыевым. Нагадаем, што «справа Дзмiтрыева» цягнецца яшчэ з 2005 года, а калi быць дакладным, з 2001‑га. Як зафiксавана ў прысудзе‑2005, яшчэ ў 2001 г. Сяргей Дзмiтрыеў «стварыў кiруемую ўстойлiвую групоўку з удзелам адказных асоб Мiнскай рэгiянальнай мытнi, з якiмi аб’яднаўся для атрымання хабару на аснове сумеснай арганiзацыi незаконнага мытнага афармлення асобных вiдаў тавараў, якiя перасякалi мытную мяжу Беларусi».

Тады Дзмiтрыеву далi 13 гадоў пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi i адбыццём пакарання ў калонii ўзмоцненага рэжыму, начальнiкам аддзелаў мытнага афармлення Iвану Сямёнаву i Максiму Пархамовiчу — па 11 гадоў. Яшчэ пяцёра мытнiкаў i сямёра камерсантаў былi асуджаны за ўдзел у злачынных схемах, дзе апiсваецца незаконнае афармленне грузаў паперы i кардону, гарбарнай сыравiны, кавы i шакаладных канфет.

...А пачыналася гэтая гучная справа з затрымання аднаго iндывiдуальнага прадпрымальнiка, якi «займаўся скуранымi вырабамi».

Не будзем удавацца ў падрабязнасцi схемы, якую распрацавалi камерсанты, аднак яна павiнна была ўключаць у сябе «ўстанаўленне злачынных сувязяў з супрацоўнiкамi мытных органаў i аб’яднанне з iмi ў адзiнае злачыннае фармiраванне».

На думку суда, тады за афармленне кожнай фуры з незаконным грузам мытнiкi атрымлiвалi па 450 долараў. Пасведчанне ветэрынарнага ўрача, напрыклад, каштавала менш — 90 долараў.

Фiгуравалi ў справе, iзноў‑такi на думку суда, незаконныя пастаўкi паперы i кардону вытворчасцi Чэхii i Фiнляндыi, калi высакаякасны тавар афармляўся з занiжаным мытным коштам.

Па разлiках спецыялiстаў, сума, якой недалiчыўся бюджэт пасля афармлення супрацоўнiкамi Мiнскай рэгiянальнай мытнi пяцi партый шакаладных вырабаў i кавы, вагалася ў межах 200 мiльёнаў рублёў.

Зараз Сяргей Дзмiтрыеў i кампанiя праходзiлi па новай i, напэўна, не апошняй крымiнальнай справе. Дзмiтрыева асудзiлi на 13,6, Сямёнава i Пархамовiча — на 11,3 года пазбаўлення волi. Акрамя таго, арыштаваны некалькi дырэктараў мэблевых фiрм.

— Вы задаволены прысудам? — запытаў я пасля суда ў старшага пракурора Сяргея Сцяблова.

— Пракуратура дасць канчатковую ацэнку прысуду пасля азнаямлення з iм, — кажа ён. — Аднак у цэлым пакаранне ў нязначнай ступенi адрознiваецца ад таго, што прапаноўвала дзяржаўнае абвiнавачванне. Наколькi мне вядома, зараз расследуецца яшчэ адна крымiнальная справа ў адносiнах да Дзмiтрыева. Там фiгуруе незаконнае мытнае афармленне грузаў мэблi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?