Некалькі сядзеньняў у новых гарадзкіх аўтобусах разьмешчаны адно насупраць аднаго – і я меў магчымасьць досыць доўгі час назіраць за адной юнай асобай. Дзяўчына мела ў брывах, у вушах, у носе бліскучыя колцы – дарэчы, як іх называць? «Завушніцы», а калі ў пупе? Адно колца з брунатным шарыкам, як радзімкай, было ў ніжняй губе. Прыгажуня бавілася сваімі цацкамі, то смактала сваю радзімку, то выпускала з ружовага роціка. А потым дастала люстэрка й пацешылася сваім языком, на якім красавалася таксама «заязычніца».

А мне падумалася – вось гэтая забаўка на дзявочым языку зьяўляецца маленькім манумэнтам, сымбалем той дзівоснай нашай якасьці, што навукова завецца ірацыянальнасьцю. Сапраўды, карысьці ад гэтых жалязяк ніякай – проч, вядома, самазадавальненьня: я такая, як мае куміры з часопісаў і з тэлевізара!

Ня ведаю, ці можна знайсьці хоць аднаго чалавека цалкам, абсалютна рацыянальнага. Мой бацька падкрэсьліваў сваю абыякавасьць да прыгажосьці – «Хараство мне ні патрэбно» – часта я гэта чуў. І ён далей разьвіваў думку – адзеньне павінна быць цёплым і зручным, а зь міскі ўсё роўна якой есьці, абы страва была смачнай.

Як жа я быў зьдзіўлены, калі даведаўся, што ў юнацтве ён спрабаваў сваімі рукамі зрабіць скрыпку, — так хацелася музыкі! Але вайна, бальшавікі, «калхоз» вынішчылі цягу да хараства.

А чалавек забясьпечаны, які ўжо ня думае, што будзе заўтра есьці, схільны да розных «выбрыкаў» – хто дэкаратыўных курэй гадуе, хто «Чэлсі» купляе.

Але бяз гэтай схільнасьці да дзівацтваў кім бы мы былі? Нечым накшталт мурашак – вунь як у іх усё разумна і талкова, — кожны ведае сваё месца й сваю ролю, нічога лішняга. Цікава, што людзкая супольнасьць, якая жыве паводле «мурашынага прыкладу», няздольная да вялікіх дасягненьняў. Такім быў Кітай часоў старшыні Мао – усё чыста функцыянальна, усе аднолькава апрануты, усе працуюць, як мурашы – а вынікі марныя. Ніяк не дагнаць Амэрыку, дзе і джаз, і абстрактны жывапіс, і галівудзкія кінаглупствы. І развалілася мурашына‑мааісцкая мадэль. Захацелі кітайцы хараства. Як і іхныя продкі сотні і сотні гадоў таму.

Увогуле цягу да красы куды аднесьці – да рацыянальнага ці «ір»? Цяжка акрэсьліць само паняцьце «прыгажосьць». Хіба так: «прыгажосьць – гэта тое, што на дадзены момант лічыцца прыгожым». І ўсё.

У Шэксьпіравай «Рамэа і Джульеце» ёсьць такі пэрсанаж – карміліца. Што яшчэ за карміліца, нашто яна? А на тое, што ў часы раньняга Адраджэньня сярод арыстакратаў лічылася непрыгожым мець бюст, грудзі. Дзяўчынкам‑падлеткам уначы клалі на гэтае месца сьвінцовыя пліты, шнуравалі цесныя гарсэты, каб там нічога не расло. Вось і даводзілася потым наймаць цыцатых прасталюдзінак, каб яны выкормлівалі шляхетнае патомства.

Сёньня багатыя дамы, наадварот, павялічваюць свае бюсты з дапамогай сылікону. А заўтра?

А вэнэцыянскія куртызанкі ў 16 стагодзьдзі насілі пад сукнямі спэцыяльныя валікі, каб павялічыць аб’ёмы цела. І тагачасныя дыетолягі, мабыць, працавалі ў кірунку, адваротным цяперашняму.

Шматлікія колцы ў самых нечаканых частках галавы і твару прыйшлі да нас ад плямёнаў Афрыкі й Акіяніі. Але яны маюць яшчэ шмат чаго нам прапанаваць. Сярод жыхароў адной афрыканскай краіны лічацца прыгожымі зубы, калі яны сьпілаваныя пад трохкутнік і пафарбаваныя ў чорны колер. Іншыя пры дапамозе розных уставак выцягваюць вушы да плячэй, а ніжнюю губу да памераў невялічкай патэльні. Так што яшчэ шмат чаго пабачым у будучыні на вуліцах.

І ўсё ж ёсьць, ёсьць людзі, якія маюць бездакорны густ, заўсёды апранаюцца сьціпла й акуратна, паводзяць сябе культурна і вучаць гэтаму іншых. Усюды і заўжды.

Як яны называюцца? Правільна – зануды.

Ня будзьма занудамі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?