У клясычных жудасьціках парачкі вычварэнцаў ажыўлялі нявест (для Франкенштайна) ды гуляліся з зомбі. У карціне Аляксея Балабанава «Жмуркі» крыніцай жахаў выступае фальклёрны расейскі пэрыяд першапачатковага назапашваньня капіталу, прэпараваны з іранічным цынізмам і «прысьцёбнутымі» адсылкамі да Тарантына.

Два гангстэры-адмарозкі (Аляксей Панін і Дзьмітры Дзюжаў), якія служаць на пабягушках у героя Мікіты Міхалкова (малінавы пінжак і распальцоўка дадаюцца камплектам), мусяць вярнуць валізку з гераінам. Колькасьць трупаў расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі.

Пэрсанажы карціны — усе як на падбор: з ілбамі пітэкантрапаў, масіўнымі сківіцамі, ідыятычна-рубленымі фразамі, і амаль усе кандыдаты ў жмурыкі. У фільме скарыстана 60 літраў штучнай крыві.

Вуліцы, машыны, дамы — пашарпаныя, атмасфэрка сьцёбна-гратэскная. Балабанаў даў волю сваёй мізантропіі — і расквеціў яе чорным гумарам. Крымінальна-гераічныя таварышы з «Брыгад», «Мянтоў» і балабанаўскага «Брата» наўмысна зьніжаны да ўзроўню моўнага штампу і фальклёрнага цэтліка.

Цэтлікі ажыўлены трапнымі дэталькамі: бандзюган Панін паўсюль цягаецца з інтэлігенцкаю папкаю і жагнаецца на кожную цэркаўку; шафападобны Дзюжаў мае малюсенькі нататнічак і вывучае ангельскую па коміксах. Малінавапінжачны Міхалкоў млее ад тоўстага сынка-нашчадка і ня любіць Цэрэтэлі.

Але перапрацаваны сцэнар футбаліста Стаса Махначова — гэта набор анэкдотаў, які ня цягне на эпас. Напоўніцу ацаніць такое здольныя толькі людзі, на ўласным досьведзе знаёмыя з часамі «малінавых пінжакоў».

Пры канцы фільму паранены герой Паніна скардзіцца, што «страціў цнатлівасьць». Вынікам гэтай страты становіцца кабінэт зь відам на Крэмль, сакратарка Рэната Ліцьвінава — і сёньняшняя Расея.

■ ■ ■

«Жмуркі» («Жмурки»)

Расея, 2005, каляровы, 107 хв.

Жанр: іранічна-мізантрапічны крымінальны баявік, сьцёб-камэдыя.

Адзнака: 6 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0