Знакі прыпынку

* * *

Расьліна, здабываючы энэргію, сілкуецца сокамі, жывёліна — расьлінай, чалавек — жывёлінай, і ў гэтым ланцужку чалавек — не абавязкова апошняе зьвяно. Для чаго існуюць і заечая капуста, і заяц?.. Ні для чога, калі іх ня зьесьці… Тое самае і чалавек, пра якога Кастанэда прыдумаў, што ён проста харч.

Чалавек для таго, каб ягонай энэргіяй сілкаваўся паралельны сьвет, населены флаерсамі, летунамі. Кастанэда кажа, што яны валодаюць нашай сьвядомасцю, ажыцьцяўляюць нас і кормяцца нашай энэргіяй — дэфіцытам і далікатэсам ва ўсім космасе.

Каб флаерсы цябе ня жэрлі, трэба стаць нясмачным. Кастанэда ня кажа як, але выходзіць, што дастаткова быць самім сабой — і цябе не зжаруць.

Кожны, хто не баіцца, дазваляе сабе быць самім сабой — нясмачны…

Флаерсаў, мусіць, зжырае нехта яшчэ, а тых яшчэ нехта… і ўсё, што ёсьць, было і будзе — адзін няспынны сусветны жор.

Як даказаць, што гэта не трызьненьне?.. Ніяк. Бо, дапусцім, ты бачыў сон, у якім цябе пажыраў флаерс… Як ты дакажаш некаму, што бачыў такі сон?.. Ніяк. Але сон такі ты бачыў.

* * *

Амэрыканцы пасьля Аўганістану зьбіраюцца бамбіць Ірак… Тэрарызм тэрарызмам, але: «Цар усяго — варожасьць», — сьцьвярджаў Гэракліт.

А ў вядомым афарызьме Кляўзэвіца пра вайну як працяг палітыкі Мішэль Фуко даўно ўжо зрабіў інвэрсію: «Палітыка — працяг вайны іншымі сродкамі».

* * *

Шмат хто думае, што пасьля таго, як памрэ і ўваскрэсьне, тады і зажыве па-сапраўднаму, і будзе самім сабой…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0