Падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці ў Баранавічах чальцы БРСМ раздавалі мінакам чырвона-зялёныя стужкі з заклікам навязваць іх на адзеньне ці антэны аўто. Гэткім чынам можна было выказаць сваю любоў да Бацькаўшчыны. Новай уладзе давядзецца добра папрацаваць, каб вярнуць на пачэснае месца бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню». Простага дэкрэту будзе недастаткова.

Давядзецца ажыцьцяўляць розныя рэклямныя захады і весьці тлумачальную працу. У Баранавічах ведаю хлопца, які яшчэ некалькі год таму шпацыраваў па горадзе з чырвона-зялёным значком, спрабуючы размаўляць па-беларуску. На пытаньне, чаму ён носіць такі значок, шчыра зьдзівіўся: «А які яшчэ?» Хапіла невялікай тлумачальнай гутаркі ды некалькіх кніжак па гісторыі, каб ён стаў бел-чырвона-белым нацыяналістам. Зрэшты, ён ім ужо быў, проста ня меў сапраўднай інфармацыі.

Ня будзе сакрэтам, што за дзесяць год вырасла новае пакаленьне. Пакаленьне, якое любіць Беларусь, хоча яе незалежнасьці, але ні халеры не ўяўляе пра сапраўдную гісторыю краіны і сымболіку. Гэтак склаўся лёс, і гэтак не дапрацавала настаўніцтва — наш праслаўлены ў СМІ выкладчыцкі склад, які пастаянна наракае на дурных навучэнцаў і іх сварлівых бацькоў. Настаўніцтва, якое выйшла зь вёскі і збольшага ненавідзіць сваю прафэсію і лёс. Настаўніцтва, з дапамогаю якога праводзяцца ўсе выбары і рэфэрэндумы. Тыя сейбіты разумнага і вечнага, што маглі б даць (і даюць, але толькі 1% адданых і няўрымсьлівых) маладым беларусам сапраўдныя веды.

Магчыма, усім, каму баліць за нашу Беларусь, усім патрыётам і нацыяналістам некалі трэба было ісьці ў настаўнікі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0