12 ліпеня менскае «Дынама» праводзіла першы матч кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў. Нічыя на сваім полі. 20 ліпеня камандам гуляць паўторны паядынак, але ў кіпрыётаў няма сумневаў, хто пройдзе ў наступны этап.

Піша Алег Раявец.

Дынамаўскія ракіроўкі

Да залатых мэдалёў першынства Беларусі і, як вынік, пуцёўкі ў кваліфікацыю Лігі чэмпіёнаў менчукоў прывёў гуляючы трэнэр Юры Шуканаў. Пасьля заканчэньня чэмпіянату-2004 ён вырашыў павесіць буцы на цьвік і сканцэнтравацца на трэнэрскай працы.

Але ў сярэдзіне траўня старшыня праўленьня «Дынама», блізкі да Лукашэнкі бізнэсовец Юры Чыж адправіў трэнэра ў адстаўку. Маўляў, каманда праваліла пачатак чэмпіянату. На форуме неафіцыйнага сайту клюбу — «Дзявятцы» — грамадзкасьць выказвалася не на карысьць Чыжа. Сэнс выказваньняў зводзіўся да таго, што дзякуючы Шуканаву каманда пасьля сямі гадоў урэшце трапіла ў Лігу чэмпіёнаў, а яго як кацяня выкідваюць з клюбу. Але з галоўным спонсарам не спрачаюцца.

Наступны трэнэр — Аляксандар Башмакоў — пратрымаўся толькі шэсьць з паловай тыдняў. І вось ужо 2 ліпеня ў «Дынама» зьявіўся новы коўч — украінскі спэцыяліст Аляксандар Рабаконь, які летась трэніраваў «Абалонь». Мяняць коней за паўтара тыдня да старту ў Лізе чэмпіёнаў — рэч рызыкоўная.

Уцекачы з Фамагусты

Лёсаваньне выбрала менчукам у супернікі па першым раўндзе заснаваны ў 1911 г. кіпрскі «Анартосіс» з Фамагусты. Гэта клюб-бежанец. У 1970-я краіну напаткала грамадзянская вайна. Туркі, што складаюць меншасьць на востраве, абвясьцілі Незалежную Рэспубліку Паўночны Кіпр. Дэмаркацыйная лінія падзяліла краіну на дзьве часткі, і Фамагуста (па-турэцку — Газімагуса) апынулася на турэцкім баку. Каманда пераехала ў грэцкую Ларнаку, міжнародныя матчы праводзячы ў сталіцы востраву Нікосіі, таксама, дарэчы, падзеленай зялёнай лініяй на дзьве часткі — турэцкую і грэцкую.

Летась за 12-разовага чэмпіёна праваслаўнага Кіпру гуляла немалая грузінская дыяспара — у клюбе засталіся толькі Кліменці Цітаішвілі, Георгі Кінкладзэ ды гуляючы трэнэр, экс-паўабаронца зборнай Грузіі Цімур Кецбая. Сёлета да іх далучыўся Гоча Джамараўлі.

3803 гледачы

Што засмуціла — невялікая колькасьць беларускіх заўзятараў. Сайт «Беларускі футбол» зафіксаваў пасьля матчу лічбу ў 3803 гледачы, «Спартовая панарама» падала лічбу 2000. Амаль як на матчах чэмпіянату Беларусі. Мажліва, сыграла ролю жывая трансьляцыя па АНТ і анансаваны пад вечар лівень, што абрынуўся на Менск за паўгадзіны да матчу.

Уладкаваўся я ў лёжы «Б» і, нібы танк у ірацкай пустэльні, стаў круціць у розныя бакі галавой — шукаць знаёмыя твары. Вось важна прадэфілявалі журналісты Юры Бушлякоў і Алег Дашкевіч. Ззаду разьмясьціліся экс-трэнэр «Дынама» Юры Шуканаў і трэнэр МТЗ-РІПА Юры Пунтус. Празь дзень «трактарыстам» гуляць у Вугоршчыне матч з «Фэрэнцварашам». Побач уладкаваўся, паводле чутак, трэнэр італьянскага клюбу сэрыі «В»: чырвоныя джынсавыя штаны, чаравікі на босую нагу, прычоска а-ля П’ерлюіджы Каліна. Кажуць, што ён прыляцеў разам з тэлевізійнікамі з Апэнінаў, якія пачалі падрыхтоўку да матчу нацыянальных зборных Беларусь—Італія.

Калі «Дынама» забіла мяч, ён падляцеў да прэс-аташэ клюбу Сяргея Аляхновіча, заключыў яго ў абдымкі ды пачаў радасна віншаваць. Карацей, пры даволі сумнай гульні ў першым тайме суседзі заснуць не давалі. Сусед справа ад мяне пасярод тайму дастаў мабільнік і загадкава спытаў кагосьці на тым канцы дроту: «Куды падзелі мэгафон?»

Празь некалькі хвілін пасьля пачатку матчу перад маім носам, у глядацкім шэрагу, зьявіўся шыракаплечы коратка пастрыжаны мужчына і, махаючы перад вачыма падпалкоўніка міліцыі білетам, папрасіў таго «ачысьціць» месца. Падпалкоўнік выбачыўся і ціхенька даў лататы.

Сола Кецбаі

«Дынама» атрымала някепскі шанец ужо на першай хвіліне першага тайму. Цімур Кецбая выдаў ювэлірны пас… чэскаму легіянэру менчукоў Давіду Зоўбэку, але той прабіў вышэй кіпрскай брамы. Праўда, Кецбая хутка выправіўся і стаў «нахабна» тузаць дынамаўскія шэрагі. Так што можна сьмела ставіць пад сумнеў народную мудрасьць, што стары конь баразны не псуе, а кладзецца ў яе і сьпіць. Грузінскі трэнэр быў самым заўважным на полі ў гасьцей.

У сярэдзіне тайму атрымаў траўму Андрэй Разін, і трэнэрскі штаб замяніў яго на 19-гадовага Леаніда Ковеля. Але хлопец ня толькі не сапсаваў гульні, а і пачаў штурмаваць абарончыя рэдуты кіпрыётаў. Вось толькі бракавала нармальнага завяршэньня камбінацый — і яму, і ягоным калегам.

Пры канцы тайму пацьвердзілася старое як сьвет правіла: не забіваеш ты — прывязуць мяч табе. Бразыльскі легіянэр «Дынама» Эду ўпусьціў верны шанец пасьля падачы Ковеля — і празь дзьве хвіліны менчукі, нібы велізарную рыбіну, выцягвалі мяч з уласнае сеткі. Кіпрыёты традыцыйна навесілі мяч у штрафную, але Зьміцер Лянцэвіч прамахнуўся па мячы, і той апынуўся ў Нікалаюса Фрусаса. Фрусас ня схібіў і адправіў мяч у правы ад Артура Ляська кут. Гэта быў, бадай, адзіны ўдар кіпрыётаў па беларускіх варотах за ўвесь матч. Аднак ад гэтага не лягчэй.

Шуканаў сядзеў змрочны, як мрук.

Адсутнасьць фарту

Куды цікавей беларусы выглядалі ў другім тайме. Урэшце на 58-й хвіліне выправіўся Лянцэвіч. Віталь Валадзянкоў навесіў у штрафную, мяч зачапіў паўабаронцу Нікаса Нікалаў і, зьмяніўшы траекторыю, прызямліўся на галаву Лянцэвічу. Гэтым разам Зьміцер згуляў бездакорна — 1:1. Трыбуны ўзарваліся аплядысмэнтамі. А праз хвіліну стадыён яшчэ раз расшчодрыўся на аплядысмэнты. На поле выйшла легенда беларускага футболу 1990-х — Пётар Качура. 33-гадовы вэтэран, імем якога названы клюб беларускіх бамбардзіраў, вярнуўся ў каманду пасьля доўгіх гадоў падарожжаў па розных краінах.

Верылася, што беларусы заб’юць яшчэ. Але прамахваліся Валадзянкоў, Ковель, Эду.

Паліглёт Кецбая

Шумныя карэспандэнты з Кіпру сьвяткаваць перамогу пачалі яшчэ пры канцы гульні. У іх нават сумневаў няма, што «Анартосіс» выйдзе ў другі раўнд, дзе згуляе з турэцкім «Трабзанспорам». Беларусам, каб трапіць у наступны этап, трэба альбо перамагаць 20 ліпеня ў гасьцях, альбо гуляць нічыю зь лікам 2:2, 3:3.

На прэс-канфэрэнцыі Кецбая прамаўляў па-расейску, а потым для кіпрыётаў перакладаў па-грэцку і ангельску. «Нашы шанцы ў матчы ў адказ прыкладна 60 на 40. Пры гэтым я спадзяюся, што ў Нікосіі ў нас будзе падтрымка 10—15 тыс. гледачоў», — рэзюмаваў грузінскі спэцыяліст.

А Рабаконь зрабіў рэвэранс у бок супернікаў: «Нам супрацьстаяла добрая, тэхнічная каманда». І ўказаў на недахопы свайго клюбу: пры вялікай колькасьці момантаў не хапіла майстэрства. Мудра схоплена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0