Чэмпіянаты кантынэнту пад эгідай Эўрапейскага шахматнага саюзу пачалі ладзіцца толькі ў 1990-я. Гэтым разам VI чэмпіянат Эўропы сярод мужчын праходзіў у Варшаве, з 220 шахматыстаў адбіраліся кандыдаты не абы-куды — чэмпіянат сьвету па вэрсіі ФІДЭ.

Польшча, дзе штогод ладзяцца сотні турніраў, пакрысе становіцца шахматнай Мэкай кантынэнту. Былі сярод удзельнікаў сёлетняй імпрэзы і беларусы — гросмайстры Сяргей Азараў, Аляксей Аляксандраў і Аляксей Фёдараў. Выступілі пасьпяхова. Аднак гульня Аляксандрава была няроўная; «паласа няўдач» зацягнулася. Рэйтынгавы лідэр ужо на старце адстаў ад суайчыньнікаў і ў выніку падзяліў 54—68-е месцы. А.Фёдараву, які заняў 32-е месца, удалося прабіцца ў чэмпіянат сьвету. С.Азараву (40-е месца) крыху не пашанцавала: у вырашальнай партыі ён пратэрмінаваў час. Чэмпіёнам кантынэнту стаў 29-гадовы румын Ліўю-Дытар Нісыпяну з выдатным вынікам 10 з 13.

Амаль адначасна ў Кішынёве праходзіў чэмпіянат Эўропы сярод жанчын. Тут рэй вяло ўкраінскае цуда-дзяўчо Каця Лагно. 15-гадовая юначка з Краматорску лёгка абышла многіх больш сталых канкурэнтак, у тым ліку чэмпіёнку Беларусі Ганну Шарэвіч і экс-чэмпіёнку Рахіль Эйдэльсон. Ганна ўсё ж здолела ўтрымацца ў верхняй частцы табліцы (7 з 12), зрабіўшы заяўку на гросмайстарскае званьне. Яно, будзем спадзявацца, укарануе прыгажуню яшчэ да заканчэньня ёю Берасьцейскага ўнівэрсытэту.

У чым дзівосы? Перш за ўсё, у тым, што чэмпіянаты адбыліся: шахматы ў сьвеце перажываюць не найлепшыя часы. А таксама ў бескампраміснасьці пераважнай большасьці гульняў — нібы шахматысты абодвух полаў вырашылі зьвесьці «гамбурскія рахункі». Кароткіх, бяззубых нічыіх было вобмаль, а зграбных камбінацый — безьліч. Хто ня верыць, хай паблукае па афіцыйных сайтах турніраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0