Сёлетнія выбары ў Галісіі выклікалі вялікую цікавасьць у Гішпаніі. Нацыяналістычныя настроі ўзмацняюцца ў рэгіёне, які культурна адметны, але палітычна доўгі час самы ляяльны Мадрыду. Ці гальега сфармуюць сваю паўнавартасную нацыю?

Піша Вацлаў Шаблінскі.

Галісія — пятая паводле насельніцтва і адна з самых бедных правінцый Гішпаніі. Яна знаходзіцца на ўзьбярэжжы Атлянтыкі (галісійцы жартуюць, што Амэрыка ім бліжэйшая, чым Мадрыд), на поўнач ад Партугаліі.

Галісійцам, самі яны сябе называюць «гальега», належыць важная культурна-гістарычная роля на Пірэнэях. Менавіта мова гальега стала першай пасьля лаціны літаратурнай мовай Гішпаніі — на ёй складалі свае творы мясцовыя трубадуры, сярод якіх былі каралі Партугаліі, Кастыліі, Леону. Тут знаходзіцца труна сьвятога Якуба (Сант’яга) — галоўная сьвятыня гішпанскіх каталікоў. Гэта прадвызначыла барацьбу за краіну з боку суседзяў, якая скончылася перамогай Кастыліі.

Перамога Мадрыду зьмяніла статус галісійскае мовы. Яна пачала лічыцца мужыцкай. Некультурны, няздольны як трэба гаварыць гальега — пастаянны аб’ект кепікаў у партугальскай, гішпанскай, францускай літаратурах. З прычыны беднасьці шмат гальега вымушаны былі шукаць лепшай долі за акіянам. Вядомыя нашчадкі гальега за межамі краіны — камандантэ Фідэль Кастра і расейскі пісьменьнік Рубэн Гальега.

Адсталая Галісія адыгрывала ў найноўшай гісторыі Гішпаніі ролю вандэі і была адным з апірышчаў франкістаў. Сам Франка, хоць і быў нашчадкам хрышчаных габрэяў, паходзіў з Галісіі. Нават пасьля сьмерці генэралісымуса традыцыі франкізму маюць тут моцныя пазыцыі. Іх увасабленьне — Мануэль Фрага, ужо 16 год як кіраўнік мясцовага ўраду — шунты. Дон Мануэль успрымаецца як спадкаемца былога каўдыльё — ня толькі таму, што быў міністрам турызму ў яго ўрадзе. Каўдыліё — ня проста дыктатар, а чалавек ад зямлі, патрыярхальны кіраўнік. Гэткі «бацька» падданых. Такі імідж дапамагаў дону Мануэлю шмат год трымаць уладу ў родным краі. Ён так звыкся з роляй бацькі гальега, што нават не перапыніў паляваньня, калі на галісійскае ўзьбярэжжа вылілася нафта. Такая няўвага да экалягічных праблем аказалася для яго фатальнай. Калі першапачатковыя вынікі выбараў пацьвердзяцца, яму прыйдзецца саступіць мясцоваму блёку сацыялістаў і нацыяналістаў. Лідэр апошніх ужо выказаў надзею, што зьмена ўлады будзе спрыяць прагрэсу краіны і ўвядзе гальега ў лік паўнацэнных нацый Эўропы. Пажывём — пабачым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0