Я працую ў Сіці. 7 ліпеня выехаў з дому раней — заскочыць перад працай у трэнажэрную залю. Ехаў на цягніку з паўночнага Лёндану да станцыі «Moorgate»…

Ліст Паўла Шаўцова зь Лёндану.

Я працую ў лёнданскім Сіці. 7 ліпеня выехаў з дому раней — заскочыць перад працай у трэнажэрную залю. Ехаў на цягніку з паўночнага Лёндану да станцыі «Moorgate». Усё як заўжды: Лёндан сьпяшаецца на працу.

Выйшаў з трэнажэрнай залі, а людзі кажуць, што адбыўся выбух на адной са станцый мэтро. Але быццам бы ня бомба, а сутыкненьне двух цягнікоў. Ахвяраў нібы не было. Ужо ў офісе прыходзіць навіна, што адбыліся шматлікія выбухі на розных станцыях мэтро і нават у аўтобусе. У тым ліку, кажуць, і на станцыі «Moorgate», на якой я быў за паўгадзіны да гэтага. Ну ўсё, думаю: каб не пайшоў раней у трэнажэрную залю, то быў бы ўжо на тым сьвеце (праўда, празь некалькі гадзін сказалі, што выбухаў было толькі чатыры і на станцыі «Moorgate» нічога не адбывалася).

Жонка тэлефануе:

— Як ты там?

— Пакуль жывы.

— Як будзеш да хаты дабірацца? Увесь транспарт у горадзе спынены.

— Ня ведаю, — кажу, — пакуль паліцыя загадала заставацца ў будынках і на вуліцу не выходзіць.

Інтэрнэт перагружаны, мабільная сувязь таксама. Цяжка знайсьці інфармацыю. Паступова прыходзяць жахлівыя навіны — дзясяткі забітых і параненых людзей недалёка ад нашага будынку.

Тэлефаную маці ў Гомель, каб зьняць напружанае хваляваньне. Маці, на шчасьце, яшчэ ня чула пра бомбы ў Лёндане. «Едзь, — кажа, — дадому, і беражыце сябе, а я буду за вас маліцца».

Потым пачалі прыходзіць электронныя лісты, а таксама тэлефанаваньні ад маіх кліентаў з розных краін. Зьвязваліся таксама мае сябры з Оксфарду і Лёндану.

У другой палове дня частку транспарту — аўтобусы і пару цягнікоў — зноў запусьцілі. Жонка ўжо дома. Яна працуе недалёка ад дому, а я сядаю ў аўтобус і рыхтуюся да доўгай дарогі.

Народ вакол маўклівы і сур’ёзны, але чытаю ў вачах рашучасьць. Маўляў, ворагі нас не запужаюць. Для Лёндану бомбы і тэрарызм ня новыя. У Другую сусьветную вайну горад няшчадна бамбіла нямецкая авіяцыя, а ў 1970—1980-я гады горад жыў з тэрарыстычнымі актамі ІРА.

Адчуваецца, што сярод лёнданцаў ізноў ажывае той дух маўклівай стойкасьці. Жыцьцё будзе працягвацца, як і раней, тэрарызм і бомбы не перамогуць.

Ужо каля хаты сустракаю знаёмага баўгарына, які жыве ў брытанскай сталіцы пад 15 гадоў.

— Ну што, дружа, падумваеш, як усё тут кінуць і назад у Баўгарыю, далей ад тэрарызму, у якую ціхую вёсачку на Чорным моры?

— Можа, гадоў так праз 20—25, калі на пэнсію пайду, — усьміхаецца баўгарын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0