Сярэдняя тэмпэратура тыдня — 30 градусаў. Плавяцца мазгі. Юпітэр зайшоў за Вэнэру, а Леў апынуўся ў доме Блізьнятаў. У Магілёве — каскад няшчасных выпадкаў і злачынстваў.

Раніцай у панядзелак сонца ўзыходзіла ў крывавыя цяжкія хмары і неба чарнела. Немагчыма нармальна растлумачыць, што адбылося з Магілёвам на мінулым тыдні. Год таму знаёмая ўсім у горадзе клікуша праклінала абласны цэнтар за распусту.

Вяртаюся ў родны горад менскай шашой, на ўезьдзе на цэнтральны праспэкт пасярэдзіне асфальту пляміны пяску. Так засыпаюць плямы крыві пасьля аварыі. Двое пацярпелых. Думаю, заўтра пра гэта раскажуць усе газэты. Я яшчэ ня ведаў, дзе апынуўся.

Абласная тэлевізія назвала гэта каскадам няшчасных выпадкаў і злачынстваў. Тры рабочыя гарбарні чысьцілі каналізацыю і задыхнуліся парамі серавадароду. Той, што стаяў на паверхні, перш чым страціць прытомнасьць пасьпеў паклікаць на дапамогу. Двух іншых, якія чысьцілі саму трубу, ня выратавалі. З даху дзевяціпавярхоўкі зваліўся рабочы-рамонтнік. А вось паўтарагадовай Вікторыі з вуліцы Дабралюбава нехта няйначай чароўную пярыну падклаў. Калі маці выносіла ванначку пасьля купаньня, дзяўчо вывалілася з акна сёмага паверху. Выратавала клюмба. Ад падзеньня адны сінякі і драпіна на лбе. На наступны дзень маці Вікторыі пабегла ставіць сьвечку ў царкве — напэўна, за здароўе дырэктара ЖРЭУ, што добраўпарадкаваў двор.

Бог дапамагае дзецям, дурным і п’яным. У апошнім пераканаліся два юнакі, што скочылі з мосту цераз Дняпро і засталіся жывыя. Глыбіня пад мостам месцамі мэтар-паўтара. Вылавілі іх адразу, аднаго накіравалі ў выцьвярэзьнік, другога ў бальніцу — стукнуў грудзі.

У той жа дзень — 13 ліпеня — пад чыгуначным мостам правяралі на трываласьць аўтамабіль «нісан». Спачатку рэйсавы «Ікарус» прыцёр яго да сьцяны, бо занадта вузкім аказаўся праезд пад мостам. Абедзьве машыны сталі збоч дарогі, і праз хвіліну пад мост заехала «шкода». Заглядзеўшыся на пабіты «нісан», яе кіроўца з усяго маху ўехаў у «Ікарус» і зачапіў «нісан». Апошні рамонту цяпер не падлягае, затое аўтобус амаль не пацярпеў. Пацярпела пасажырка «шкоды» — паламала нагу.

Чатыры кулі ў грудзі закончылі жыцьцё цыгана-мафіёзі. Падчас агляду міліцыянтамі цела з-пад рукі трупа выкацілася граната Ф-1… Выбуху не адбылося.

Весткі з рэгіёнаў — як дадатак да навін з абласнога цэнтру. У Горках патануў нігерыец, пад Бялынічамі сьцяна абвалілася на двух студэнтаў з будатраду. Перачытваю прозьвішчы. Мае студэнты, зь мінулай сэсіі. Цяпер абодва ў рэанімацыі. Пра апошні выпадак «НН» паведамляла ў мінулым нумары. Дадаць можна крыху — з пасады быў зьняты дырэктар калгасу «Наша Перамога», хоць якое дачыненьне ён мае да выкананьня тэхнікі бясьпекі на месцах, няясна.

Каля вёскі Дударава на Шклоўшчыне, у нядзелю невядомы аўтааматар пераехаў п’яненькага дзядзьку, які валяўся на шашы. Калі верыць Гогалю, у Запарожжы п’яных казакаў на дарозе паважліва аб’яжджалі. Але што тут скажаш, казакі ж.

Ужо некалькі дзён у Магілёве — зацішша.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0