У адносінах Менску і Варшавы нарастаюць ускладненьні, якія могуць трансфармавацца ў вялікую праблему. Каб гэтага пазьбегнуць, бакі спрабуюць абмяркоўваць наяўную сытуацыю на розных узроўнях. Шэф Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Ежы Бар сустрэўся зь дзяржсакратаром Рады бясьпекі Генадзем Нявыгласам.

Візыт у Менск шэфа Бюро нацыянальнай бясьпекі Польшчы Ежы Бара прайшоў амаль не заўважана. Толькі БелТА сьцісла паведаміла, што госьць з Варшавы сустрэўся зь дзяржсакратаром Рады бясьпекі Генадзем Нявыгласам. Астатнія СМІ ніяк не адрэагавалі на падзею. Польскія мас-мэдыя таксама былі незвычайна маўклівыя.

У паведамленьні БелТА гаварылася толькі, што суразмоўнікі выказалі пункты гледжаньня абодвух бакоў на сытуацыю вакол Саюзу палякаў Беларусі і на шэраг міжнародных праблем. У тым ліку і ў сфэры супрацоўніцтва. Паводле некаторых зьвестак, супэрзакрытая сустрэча адбылася ва ўрадавай рэзыдэнцыі ў Заслаўі.

Каб зразумець тое, што адбылося, варта прыгадаць некаторыя падзеі, якія папярэднічалі сустрэчы пад Менскам і пасьля яе. Насуперак пашыранай думцы, перапалка з высылкай «вока за вока» беларускіх і польскіх дыпляматаў пачалася не з аб’яўленьня ўладамі непажаданай пэрсонай дарадца польскага пасольства Марка Буцькі. Спачатку польскія ўлады «папрасілі» з Варшавы супрацоўніка беларускай амбасады К., які афіцыйна загадваў пытаньнямі бясьпекі. Выгнаньне Буцькі стала толькі адказам Менску на гэтае рашэньне Варшавы. І ўсё гэта адбывалася на фоне сытуацыі вакол Саюзу палякаў Беларусі.

Трэба меркаваць, зразумелая занепакоенасьць па той бок Бугу неспрыяльным разьвіцьцём дачыненьняў з суседам на другім баку і падштурхнула Варшаву ініцыяваць сустрэчу шэфа Бюро нацыянальнай бясьпекі Ежы Бара са сваім беларускім калегам. Трэба адзначыць, што гэта першая такая сустрэча Бара ў новай якасьці. Да нядаўняга часу ён працаваў паслом Польшчы ў Вільні. І няма сумневаў, што Ежы Бар цалкам валодае пытаньнямі рэгіянальнага супрацоўніцтва і бясьпекі. Гаворачы пра сустрэчу Бара зь Нявыгласам, прэс-сакратар МЗС Польшчы Аляксандар Хэцька сказаў: «Размова насіла дзелавы характар, і ёсьць надзея, што такія сустрэчы працягнуцца. Справы, якія выклікаюць эмоцыі і зацікаўленасьць мас-мэдыя, павінны адысьці на другі плян. А бакі спрабуюць вырашыць існуючыя праблемы па-партнэрску, каб палепшыць нашы адносіны».

Аднак пасьля сустрэчы ў Заслаўі адбыўся новы ўсплёск нэгатыўных праяў паміж Менскам і Варшавай. Спачатку ў Ашмянах быў з шумам затрыманы намесьнік старшыні СПБ Ю.Пажэцкі. А затым настала чарга новага патрабаваньня беларускіх улад. Гэтым разам Беларусь мусіў пакінуць кіраўнік консульскага аддзелу ў Менску Анджэй Бучак. У афіцыйным паведамленьні МЗС Беларусі адзначаецца, што гэтае патрабаваньне ўзьнікла ў адказ на прынятае рашэньне польскіх улад выслаць намесьніка пасла Беларусі ў Варшаве Максіма Рыжанкова. Як прызнаў прэс-сакратар МЗС Польшчы, «гэтае рашэньне магло б быць перагледжана ў выпадку, калі б былі выкананы патрабаваньні польскага боку адносна Саюзу палякаў. Гэта для нас галоўнае». Калі ўсё, што адбываецца, і ёсьць вынікам «дзелавой размовы» Бара зь Нявыгласам, дык надзей на хуткае вырашэньне ўзьніклых спрэчак на абодвух берагах Бугу застаецца мала.

Былы пасол Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч у інтэрвію газэце «Жэчпасполіта» заявіў, што ў дадзеным выпадку палітыка польскага МЗС — гэта «дыпляматычная гульня». Такая крытыка апанэнта палітыкі цяперашняй улады ў Варшаве можа быць выклікана парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі ў Польшчы, пасьля якіх можна чакаць натуральных кадравых зьмен у эшалёнах польскай улады. У тым ліку і ў МЗС. Але ёсьць і такія наглядальнікі, якія схільны зьвязваць дыпляматычную гульню, што распачалася пасьля візыту Ежы Бара, зь візытам у Менск намесьніка міністра замежных спраў Расеі Рыгора Карасіна. Бо замежная ж палітыка ў партнэраў па саюзным будаўніцтве ўзгадняецца. Вось і выходзіць, што як толькі Пуцін «пахаладнеў» да свайго нядаўняга сябра Квасьнеўскага, дык цёзка свайго раўналетка з-за Бугу і зусім вырашыў учыніць «замаразкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0