Пасьля гатычных коміксаў Тыма Бёртана кінасэрыял «Бэтмэн» выдыхнуўся — і на рэанімацыю супэргероя запрасілі таленавітага рэжысэра Крыстафэра Нолана, які праславіўся выкшталцоным трылерам «Памятай».

Ролю Бэтмэна прапанавалі актору Крыстафэру Бэйлу, які мае неблагі досьвед у стварэньні характараў з «двайным дном» («Амэрыканскі псыхапат», «Машыніст»).

Падобны выбар забясьпечыў коміксу нечаканую псыхалягічную глыбіню і змрочна-рэалістычную, псыхіятрычна-фантазійную атмасфэру.

У карціне «Бэтмэн: пачатак» апавядаецца, як мільярдэр Брус Уэйн дайшоў да начнога жыцьця, пачаўшы лётаць над горадам Готхамам. Прычына — траўма дзяцінства, калі бацькі Ўэна былі забітыя ліхадзеем, а хлопчык быў напалоханы рукакрылымі.

У недаравальна нудным пачатку фільму Брус Уэйн аднаўляе справядлівасьць (у турме), пакутуе — і трапляе ў Лігу ценяў, дзе навучаецца розным фокусам. Але толькі кінуўшы кампанію ніндзя-псыхапатаў (на чале з Лаямам Нісанам), герой знаходзіць сябе, вяртаецца ў Готхам — і распачынаецца сапраўднае дзеяньне.

Пакараньне крымінальнікаў, наркотыкі, дзіўная зброя і інтрыгі па атручваньні гарадзкой каналізацыі, бэтмамабіль-танк — і мудры Морган Фрымэн у якасьці геніяльнага вынаходніка. Цікава, што Геры Олдман засьвяціўся ў нязвыклай для сябе ролі добрага паліцэйскага. Маецца й рамантычная лінія, але цікавейшыя псыхіятрычныя кашмары і ўвасобленыя жахі.

Некаторыя сцэны даволі відовішчныя, а эпізод з кажанамі ў пячоры, калі іх ліхаманкавая чарада абляпляе Крыстафэра Бэйла, — проста выдатны.

Амэрыканцы, як зацятыя індывідуалісты, ад карціны ў захапленьні. Для беларускага гледача гэта трохі чужое сьвята, але кіношнае і зусім ня сумнае.

«Бэтмэн: пачатак» («Batman Begins»)

ЗША, 2005, каляровы, 140 хв.

Жанр: псыхалягічны комікс, трылер, прыгоды.

Адзнака: 5,5 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0