Пасяджэнне міждзяржаўнага каардынацыйнага камітэта па чарнобыльскіх пытаннях прайшло 5 ліпеня ў Гомелі. Арганізатарамі выступілі Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і Рэспубліканскі навукова‑практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека.

Як паведаміў БелаПАН каардынатар Чаробыльскай праграмы дапамогі і рэабілітацыі (CHARP) Мікалай Нагорны, у 2006 годзе праграма была сканцэнтравана на скрынінгу шчытападобнай залозы мэтавай групы людзей, якія былі ва ўзросце да 40 гадоў падчас аварыі на ЧАЭС і пражываюць на забруджаных тэрыторыях. Спецыялісты персоўных дыягнастычных лабараторый (ПДЛ) працавалі ў шасці абласцях Расіі, Украіны і Беларусі.

«Спецыялісты абследавалі больш за 91 тыс. чалавек. Больш за 46 тысяч, або 5 1%, былі абследаваныя ўпершыню з часу чарнобыльскай катастрофы, — зазначыў М.Нагорны. — У групе, якая прайшла скрынінг, спецыялісты выявілі больш за 36 тыс. выпадкаў паталогій шчытападобнай залозы на розных стадыях развіцця. Значыць, 40% абследаваных маюць праблемы з шчытападобнай залозай. Каля 7 тыс. чалавек нашы супрацоўнікі накіравалі ў спецыялізаваныя медустановы з падазрэннем на рак. У 212 выпадках анказахворванне было пацверджанае».

Паводле слоў каардынатара праграмы, спецыялісты ПДЛ выратоўваюць многія жыцці, накіроўваючы тысячы людзей у спецмедустановы для далейшага абследавання і лячэння, што пацвярджае важнасць чарнобыльскай праграмы. ПДЛ працуюць таксама ў сельскай мясцовасці, дзе магчымасці першаснай аховы здароўя вельмі абмежаваныя.

«Далейшая дзейнасць будзе залежаць ад фінансавання, якое цяпер не з’яўляецца гарантавана забяспечаным, — падкрэсліў М.Нагорны. — Нягледзячы на грант ірландскага ўраду, разлічаны на тры гады — а гэта 500 тыс. еўра, неабходна адшукваць дадатковыя сродкі. Мы працягваем рабіць намаганні па мабілізацыі міжнародных крыніц і разам з нацыянальнымі таварыствамі Чырвонага Крыжа працуем над пытаннямі павелічэння мясцовага ўкладу».

БелаПАН


Фота — Анатоль Кляшчук
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0