Высокія абцасы

Я зь дзяцінства марыла насіць туфлі на высокіх абцасах. Але мне іх ніколі не набывалі. «Паглядзі, ты й так вырасла на лес гледзячы, куды табе яшчэ абцасы»,— казалі мне ў чарговы раз, і чарговая пара абутку падымала мяне над зямлёй на якую пару сантымэтраў. Убітая ў галаву максыма пасьпяхова спрацоўвала і надалей цягам амаль пятнаццаці год, тым больш што спробы прыўзьняцца над паверхняй выбоістага полацкага асфальту трохі вышэй за згаданыя ўжо сантымэтры ня сканчваліся нічым добрым. Абцасы, вырабленыя на найлепшых у сьвеце савецкіх абутковых фабрыках, пры перавышэньні гэтае сакрамэнтальнае вышыні праз пару дзён нашэньня пачыналі падгінацца назад ці наперад і ператваралі хаду на абцасах у хаду на дыбачках. Паколькі хадзіла я заўсёды многа і хутка, такі варыянт мяне ну ніяк ня мог задаволіць.

Адзіныя ў юнацтве абцасы аж на цэлых дзевяць сантымэтраў былі ў мяне ў так званых калодках — старэйшыя, прыгадайце моду першай паловы 80-х! Гэтыя самыя калодкі — нешта накшталт басаножак на вельмі тоўстай падэшве — набыла мне недзе з рук мама, нягледзячы на сваё асаблівае стаўленьне да ўсяго, што павялічвала мой завялікі, на яе думку, рост.

Гэтыя калодкі я стаптала ўшчэнт на дасюль нялюбых віцебскіх вуліцах (у мяне з кожным горадам свае дачыненьні, у якіх сам горад, збольшага, не вінаваты), бегаючы з інстытуту ў інтэрнат, з інтэрнату ў інстытут, у прамежках не забываючыся наведаць студэнцкі тэатар, турыстычную сэкцыю і дыскаклюб, пасьпяваючы папіць кіслага баўгарскага віна і жыгулёўскага піва на паддашках двух віцебскіх дванаццаціпавярховікаў. На адзін зь іх — той, што насупраць майго інстытуту, — мяне прывядзе ўлюбёная сяброўка-філфакаўка Ленка, што прычыніцца пазьней да маёй прыватнай беларусізацыі, на другі — той, што на пляцы трох штыхоў, — я ўпершыню патраплю ў кампаніі дыскаклюбных прыяцеляў і разбаўленага сьпірытусу ў бутэльцы з-пад ліманаду «Бураціна», які прыцягне мэдсястрычка Іна, прыгажуня зь мяккімі рукамі і заўсёды цьвярозай галавой.

Гэтыя калодкі папанасілі ўсе мае шматлікія на той момант знаёмкі, якім яны падыходзілі памерам, у тым ліку і тая, што лічылася сярод блізкіх сябровак і якая праз колькі год будзе пэрыядычна запрашаць мяне прыехаць да яе ў Менск, «забыўшыся» на тую сустрэчу, якую наладзіла мне аднойчы ў тым самым горадзе на вуліцы рэвалюцыянэркі з маім найулюбёнейшым у чатыры гады імем Роза. На сустрэчы прысутнічалі чацьвёра яе старэйшых сяброў, і пасьля яе я пэўны час увогуле пазьбягала заходзіць да каго-небудзь у госьці, хоць ад поўных праяў гасьціннасьці мяне ўратавала ўменьне майго маладога арганізму спраўляцца зь вельмі вялікімі дозамі алькаголю ды — у нечым — вельмі ўстойлівыя і досыць вострыя абцасікі маіх калодак.

Мае калодкі чакалі мяне на пясочку тады, калі я другі раз у жыцьці пераплывала Дзьвіну (зазначу, што ў раёне Віцебску зрабіць гэта — не такі ўжо і подзьвіг).

Яны былі са мной усё маё першае сур’ёзнае каханьне — некалькі год штодзённых фантазій і лічаных сустрэч.

Паступова яны стапталіся. Разьвітаньне было горкім: раўназначнай замены быць проста не магло.

Першую ў жыцьці нармальную пару мадэльных імпартных туфель на тых самых мройных абцасах падарыла мне дзяўчынка Ніна, выпадковая знаёмая з аднаго са шматлікіх бардаўскіх збораў у Падмаскоўі. Ніна была сталай жыхаркай Масквы, і яе дом, што колькі разоў рабіўся маім прытулкам у маскоўскіх вандроўках, я і цяпер пры жаданьні знайду, што называецца, навобмацак, так і не даведаўшыся ні назвы раёну, ні назвы вуліцы, на якой ён стаяў.

Гэта быў вельмі дарагі падарунак — туфлі нават афіцыйна каштавалі больш за мой месячны заробак. Ніна, якая жыла без бацькоў і зазвычай сядзела бяз грошай, магла б зь лёгкасьцю іх прадаць, але чамусьці аддала мне — проста так, без чаканьня аддачы ці ўдзячнасьці. Такія падарункі лёгка дорацца і прымаюцца ў маладосьці, калі твая ўяўная безадказнасьць — на самай справе нічым не закаламучаная ўпэўненасьць у тым, што аднойчы да цябе ўсё прыйдзе і ты, зразумела, зь лёгкасьцю вернеш усе пазыкі — духоўныя і матэрыяльныя.

Мы лёгка разьвіталіся зь Нінай, а праз пару гадоў я сеё-тое пачула пра яе ад аднаго супольнага знаёмага. Дзяўчынка Ніна паехала ў водны паход на Каўказ (было лета 1990-га, і Саюз непарушны рэспублік свабодных яшчэ меў месца быць, а нашы раўналеткі гінулі не ў Чачэніі). Чаканы спуск з горных вяршыняў на вясёленькай зялёнай байдарцы чамусьці не адбыўся, Ніна неяк адстала ад групы — не хачу прыводзіць тут, як бы я назвала пры сустрэчы кіраўніка таго паходу, — выбірайце вашы ўлюбёныя ненарматыўныя выразы. Дзяўчынку Ніну падхапілі мясцовыя міліцыянты, замкнулі на дзень у нейкім пустым доме, а пасьля гвалцілі ўсю ноч. Распраналі Ніну пры дапамозе нажоў. Яна не супраціўлялася, і, магчыма, гэта ўратавала жыцьцё ёй і яе дзіцяці, якога яна ўжо мела пад сэрцам, калі выпраўлялася ў паход…

Пару Нініных туфель я насіла амаль сем гадоў. Хадзіць у іх, нягледзячы на высокія абцасы, было больш зручна, чым у савецкіх красоўках, а разьвіталася я зь імі пасьля таго, як занесла ў рамонт — памяняць набойкі. Ня ведаю, што рабілі з тымі туфлямі таварышы рамонтнікі, але пасьля рамонту насіць іх стала немагчыма: абцасы падгіналіся на ўсе бакі, мусіла выкінуць.

Трэцюю пару туфель на абцасах я набыла самастойна. І цяпер перад вачыма гэтыя прыгожыя туфлікі — ладна зьлепленыя, вытанчана фіялетавыя, на высокай трывалай шпільцы. Некалькі разоў на год я выцягвала іх з шафы, каб нагледзецца на ідэальныя абрысы. Я ніколі нікуды іх не абула: ад самага пачатку яны былі мне безнадзейна малыя.

Я разышлася зь імі аднойчы пад Новы год, зразумеўшы, што пачынаю адчуваць ціхую нянавісьць да ўсяго сьвету, які не дазваляе пабольшаць гэтым туфлям ці пакарацець маім нагам. Спадзяюся, яны прыйшліся даспадобы той бамжысе, якая знайшла пакунак у сьметніцы раніцай 1 студзеня 2001 году, — прыемны падарунак у гонар новага тысячагодзьдзя.

Я працягваю любіць высокія абцасы, хоць перажываньняў з нагоды далучанасьці ці недалучанасьці іх да ўласнае пяткі ўжо няма.

Я не перарасла жаданьня ўзьняцца вышэй, да неба, і гэта трохі заспакойвае ў тыя хвіліны, калі непамерна заядае будзённы клопат.

Жаночая ножка на немагчыма высокай шпільцы — гэта тое, што я і цяпер аўтаматычна вымалёўваю ў сшытку ў хвіліну суму ці засяроджанасьці, нават тады, калі маю на нагах нешта падобнае на мой недасягальны ідэальны вобраз.

Вось як цяпер, калі я сяджу на кухні, уначы, у сінім хатнім халаце ды запісваю гэтыя словы, набліжаючыся да апошняй кропкі.

Лера Сом — паэтка, бард, жыве ў Полацку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0